Журналіста Свярдлова пакуль не выпусцяць
Касацыйную скаргу на прысуд журналіст Еўрарадыё Павел Свярдлоў, асуджаны 22 чэрвеня на 15 сутак нібыта за нецэнурную лаянку, накіраваў яшчэ 25 чэрвеня.
Але дакументы да гарадскога суда так і не дайшлі. У адпаведнасці з правіламі, скаргу Павел перадаў адміністрацыі Цэнтра ізаляцыі правапарушальнікаў на Акрэсціна. Адтуль яе мусілі перадаць з кур’ерам у гарадское ўпраўленне міліцыі, а потым — у суд, і таксама з кур’ерам.
Аднак у судзе Цэнтральнага раёна паведамілі, што скаргу там так і не пабачылі. Суд палічыў, што касацыйнай скаргі адваката Свярдлова недастаткова і адклаў разгляд. На які час перанесены разгляд, пакуль невядома.