БЕЛ Ł РУС

Украінцы і беларусы пад Вілейкай ушанавалі памяць гетмана Піліпа Орліка + фота

16.07.2012 / 10:19

Святкаванні прайшлі 12 ліпеня ў Касуце, дзе нарадзіўся будучы кіраўнік Украіны.

У вёсцы Касута 12 ліпеня адсвяткавалі прастольнае свята царквы святых Пятра і Паўла. Касуту наведалі прадстаўнікі ўкраінскай дыяспары, каб ушанаваць памяць яе ўраджэнца Піліпа Орліка.

Чаму менавіта ў гэты дзень людзі ўспаміналі пра Піліпа Орліка, казацкага гетмана, аўтара першай канстытуцыі Украіны? На гэта ёсць некалькі прычын.

У гэтым годзе быў праведзены конкурс на лепшае сачыненне, фота, малюнак сярод вучняў Вілейкі. Ён быў прысвечаны 340-годдзю з дня нараджэння Піліпа Орліка.

– І яшчэ нядаўна святкаваўся дзень канстытуцыі Украіны, – расказвае Леанід Лысакабылка, старшыня маладзечанскага культурна-асветніцкага таварыства “Краяны”.

У памяць аб казацкім гетмане прадстаўнікі дыяспары падрыхтавалі фотавыставу “Вілейская зямля -– гістарычная радзіма Піліпа Орліка”.
Была прадэманстраваная і выстава ўкраінскай вышыўкі лаўрэатаў рэспубліканскага фестывалю нацыянальных культур. Яе прывезлі з Мінска.

Але гэты дзень стаў адметным не толькі гэтым.

У вёсцы Касута ўжо больш за 100 гадоў адзначаецца прастольнае свята святых апосталаў Пятра і Паўла. Пятроў дзень – канец Пятроўскага паста і дзень кірмашоў.

У гэты час прынята хадзіць у госці, прымаць сваякоў. Таму ў Касуту да гэтага часу прыязджаюць жыхары навакольных вёсак, дач і гарадоў. Фэст на гэты дзень пачаўся з ранішняга набажэнства, на якім з васьмі раніцы ўжо можна было прысутнічаць.

Ён працягваўся некалькі гадзін. У гэты час для наведнікаў Касуты працавалі гандлёвыя рады з прысмакамі і сувенірнымі вырабамі. Скончылася служба хросным ходам. Амаль кожны чалавек прыняў у ім удзел. Сам жа дзень завяршыўся выступленнем жаночага вакальнага квартэта “Камертон”.

Жанчыны – лаўрэаты рэспубліканскага фестывалю нацыянальных культур. Яны прыехалі з горада Кобрына, каб акапэльна павіншаваць шматлікіх людзей. Віншавальныя словы сказала і Галіна Калюжная, старшыня мінскага аб’яднання ўкраінцаў “Заповіт”. Таксама жанчына з’яўляецца кіраўніком грамадскай камісіі па ўвекавечанні памяці Піліпа Орліка.

Нягледзячы на невялікі дождж, гледачы сышлі задаволенымі. Святы дзень успамінаў атрымаўся.

***

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула