БЕЛ Ł РУС

У Мінску адкрываецца Школа традыцыйнага мастацтва

16.07.2012 / 10:44

Nashaniva.com

Школа традыцыйнага мастацтва фальклорнага гурта «GUDA», у якой можна навучыцца беларускім традыцыйным спевам, танцам і рамёствам, стварыць уласны народны строй, адкрываецца ў Мінску.

Вікторыя Міхно, спявачка гурта «GUDA», мяркуе, што «Беларусь — краіна з надзвычай багатай традыцыйнай культурнай спадчынай. Старадаўнія песні і танцы, якія так любілі і шанавалі нашы дзяды і прадзеды, сёння незаслужана забытыя і страчаныя для бальшыні насельніцтва Беларусі.А між тым усе мы маем права карыстацца гэтай спадчынай у штодзённым жыцці і ў часе святаў».

Як у сваёй сям’і адсвяткаваць Каляды, якія стравы можна прыгатаваць? Як можна бавіць час з сябрамі з танцамі і гульнямі? Для чаго робяць пудзіла на Масленіцу? Чаму кашулі аздаблялі такім прыгожым геаметрычным арнаментам і якую інфармацыю ён нясе? Як сваімі рукамі сплесці пас?

Знайсці адказы на гэтыя пытанні не толькі цікава, але і карысна з практычнага пункту гледжання: бо хто з нас не марыў на свята здзівіць гасцей новымі стравамі ды забавамі, надзець адзенне, зробленае сваімі рукамі, рукамі блізкіх людзей?

Заняткі ў Школе традыцыйнага мастацтва прызначаныя для дзяцей і дарослых і праводзяцца ў групах:

дзіцячай (6–10 гадоў),

падлеткавай (11–15 гадоў),

студэнцкай (16–21 год),

дарослай (больш за 21 год).

Навучанне ў Школе ідзе на наступных кірунках:

— традыцыйнае спеўнае мастацтва,

— традыцыйны беларускі танец,

— рамёствы, стварэнне ўласнага беларускага строю.

Кожны курс суправаджаецца ўводзінамі ў філасофію і эстэтыку традыцыйнага мастацтва.

Фальклорны гурт «GUDА» мае 20гадовую гісторыю і адметны глыбокай тэарэтычнай падрыхтоўкай сьпявачак у галіне этнаграфіі, фальклору, культуралогіі, сацыяльнай і культурнай антрапалогіі.

Дадатковую інфармацыю пра Школу традыцыйнага мастацтва можна знайсці на сайце гурта «GUDA».

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула