БЕЛ Ł РУС

«Тройца» зладзіла танцы ў нямецкай царкве

1.08.2012 / 11:12

Гурт знаходзіцца ў турнэ па Заходняй Еўропе.

У межах турнэ па Еўропе этна-трыё «Тройца» дала канцэрт ў евангелісцкай царкве нямецкага Бона.

Бад Годэсберг — багаты прыгарад Бона, былой сталіцы ФРГ і горада-пабраціма Мінска — 18 ліпеня адчыніў дзверы свайго храма Die Evangelische Erlöser-Kirchengemeinde Bad Godesberg для «магічных гукаў» (так анансаваўся канцэрт у афішы) беларускае «Тройцы». Характэрна, што ўваход для гледачоў быў вольным, дзякуючы падтрымцы мясцовых уладаў. У зале сабраліся як мясцовыя жыхары, сем’і з дзецьмі, так і беларусы, якія стала аселі на нямецкай зямлі. У выніку зала царквы была перапоўненая. Беларусы жартавалі: «За грошы на «Тройцу» хадзілі ў Мінску, як тут за бясплатна не схадзіць?!"

Адзначым, што храмавая акустыка цудоўна пасавала музыцы, што грае Іван Кірчук і кампанія. Падчас нядаўняе рэстаўрацыі ў стогадовым будынку аздобілі столю й частку сценаў гукаізаляцыйнымі панэлямі.

Таму гук не лунаў у паветры, што для «Тройцы» вельмі важна. Акром таго,
спецыяльна да канцэрта арганізатары надрукавалі праграмкі, дзе для нямецкай публікі трапна тлумачыўся сэнс архаічных беларускіх песень.
Спадар Кірчук у дзівоснай кашулі і на фоне асветленых вечаровым сонцам вітражоў адразу задаў тон класічнага камернага канцэрта. Аднак гэта не спыніла гледачоў, і пад канец выступу асабліва ўражаныя адплясвалі ў такт.

Як распавёў адзін з гледачоў, беларус Мацей Дымка, звычайна ён ходзіць на канцэрты «Тройцы» не толькі каб паслухаць музыку, але і каб наведаць своеасаблівую лекцыю Івана Кірчука: «Але спадар Кірчук на гэты раз маўчаў. Пасля невялічкага ўступнага слова арганізатараў выйшла „Тройца“ ды адразу распачала самую жывую частку праграмы — „Родзе“, „Зімачка“, „Козка“. У мяне пыталіся: „Чаму людзі ня танчаць? Хіба можна стрываць на такім канцэрце?“ Я паціскаў плячыма. Немцы вакол мяне актыўна качалі нагамі ў такт. Асабліста я ніколі не ўспрымаў „Тройцу“ „танцавальным“ гуртом, як, напрыклад, „Палац“. Але адчуваньне, што знаходзішся ў царкоўным памяшканні, неяк скоўвала. Не хацелася абразіць гаспадароў… Але калі-небудзь мо і ўдасца нарэшце пад іх патанчыць!»

«Тройца» працягвае свой тур і чакае вас на сваіх выступах:

26 ліпеня — Alte Kelter, Корб, Нямеччына

27 ліпеня — Teatro Di Capua, Эмбрах, Цюрых, Швейцарыя

28 ліпеня — Yegudi Menuhin Forum Bern, Берн, Швайцарыя

30 ліпеня — Варшава, Польшча

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула