БЕЛ Ł РУС

Сухайр Белхасен: Беларускія праваабаронцы ўражваюць сваёй стойкасцю

3.08.2012 / 11:45

Лідар Міжнароднай федэрацыі за правы чалавека (FIDH) Сухайр Белхасен выступіла з заявай у падтрымку Алеся Бяляцкага і ініцыятывы Міжнароднага дня салідарнасці з грамадзянскай супольнасцю Беларусі.

«Члены Міжнароднай федэрацыі за правы чалавека ўжо год актыўна ўдзельнічаюць у кампаніі за вызваленне Алеся Бяляцкага, гадавіна арышту якога чарговым разам нагадвае нам пра крытычнае становішча грамадзянскай супольнасці Беларусі», — цытуе Белхасен парыжскі сакратарыят FIDH.

«Нягледзячы на цяжкія часы, якія закранулі ўсіх неабыякавых людзей гэтай краіны — журналістаў, праваабаронцаў, адвакатаў, актывістаў апазіцыі, беларускія калегі ўражваюць нас усіх стойкасцю сваіх перакананняў, бесперапыннай барацьбой за свабоду і чалавечую годнасць і асабістай мужнасцю.
Ад імя ўсіх членаў федэрацыі я хацела б выказаць сваю падтрымку кампаніі па правядзенні Міжнароднага дня салідарнасці з грамадзянскай супольнасцю Беларусі, а таксама падзяку яе арганізатарам і ўдзельнікам», — заявіла лідар найстарэйшай міжнароднай праваабарончай арганізацыі, якая аб’ядноўвае 146 праваабарончых структур з усяго свету.

4 жніўня спаўняецца год з моманту затрымання вядомага беларускага праваабаронцы Алеся Бяляцкага, віцэ-прэзідэнта FIDH.

У лістападзе 2011 года суд Першамайскага раёна Мінска прызнаў Бяляцкага вінаватым ва ўтойванні даходаў у асабліва буйным памеры і прыгаварыў яго да 4,5 года пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці. Падставай для крымінальнага пераследу стала наяўнасць у праваабаронцы замежных банкаўскіх рахунках, сродкі з якіх выкарыстоўваліся для дзейнасці праваабарончага цэнтра «Вясна», закрытага беларускімі ўладамі. Суд таксама не прыняў да ўвагі тое, што ўрон, які нібыта нанёс дзяржаве Алесь Бяляцкі, быў поўнасць кампенсаваны за кошт добраахвотных ахвяраванняў грамадзян.

Арышт Бяляцкага меў шырокі міжнародны рэзананс. Праваабаронца аб’яўлены вязнем сумлення.

На мінулым тыдні група праваабаронцаў і дэмакратычных актывістаў Расіі выступіла з ініцыятывай аб’явіць 4 жніўня Міжнародным днём салідарнасці з грамадзянскай супольнасцю і праваабарончым рухам Беларусі.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула