БЕЛ Ł РУС

Мінскі авіярамонтны завод будзе рабіць беспілотнікі — відэа

10.08.2012 / 9:21

Мінскі авіярамонтны завод плануе наладзіць серыйную вытворчасць беспілотных лятальных апаратаў. Пра гэта паведаміў 9 жніўня на прэс-канферэнцыі генеральны дырэктар РУП «Мінскі авіярамонтны завод» Яўген Вайцаховіч.

Паводле яго слоў, прадпрыемства паспяхова завяршыла першы этап заводскіх лётных выпрабаванняў беспілотнага авіяцыйнага комплексу самалётнага тыпу «Філін» з поўнасцю аўтаматычным узлётам, палётам па маршруце і пасадкай на паласу. Сістэма аўтаматычнага кіравання беспілотнікаў распрацавана беларускім прадпрыемствам ТАА «КВАНД ІС».

Этапу вытворчасці беларускага беспілотнага лятальнага комплексу папярэднічаў амаль дзесяцігадовы этап яго распрацоўкі, у якую ўвогуле ўкладзена каля 500 тысяч долараў. Беспілотны авіяцыйны комплекс складаецца з пункта кіравання, пункта тэхнічнага абслугоўвання і беспілотнага лятальнага апарата (БЛА) «Стэрх-БМ», прызначаны для маніторынгу аддаленых участкаў зямной і воднай паверхні і буксіроўкі авіяцыйных мішэняў. Апаратам можа кіраваць як аператар пры дапамозе радыёсувязі, гэтак і спецыяльнае праграмнае забеспячэнне (аўтапілот).

Паводле слоў галоўнага інжынера прадпрыемства Алега Манчанкі, беспілотнік важыць 65 кг і развівае крэйсерскую хуткасць 120 км/гадз.
Максімальная хуткасць складае 200 км/гадз, максімальная далёкасць палёту 240 км. Размах крылаў «Стэрх-БМ» дасягае 3,8 м, максімальная вышыня палёту 3 км. Усе гэтыя параметры пад канкрэтнага заказчыка могуць быць дапрацаваныя.

Як зазначыў Вайцяховіч, сёння няма праблемы зрабіць апарат, які мог бы несці 25 кг, знаходзіцца шэсць гадзін у паветры і лятаць за 300 км. Серыйную вытворчасць беспілотнага лятальнага апарата «Стэрх-БМ» плануецца арганізаваць у 2013 годзе на тэрыторыі прадпрыемства. Аб’ёмы вытворчасці будуць залежаць ад колькасці заказаў, магчымы штогадовы выпуск да дзясятка беспілотнікаў.

Як заяўляюць распрацоўшчыкі беларускага беспілотнага лятальнага комплексу, ён валодае шэрагам пераваг і, у прыватнасці, інтэлектуальнай абаронай ад памылак аператара, адпрацаванай сістэмай самадыягностыкі і ратавання, простай у кіраванні; дазваляе вырабляць бяспечныя ўзлёты і пасадкі ў складаных метэаўмовах, а таксама ноччу; валодае найвышэйшай дакладнасцю выканання місіі; дазваляе выкарыстоўваць у якасці ўзлётна-пасадачнай паласы ўчасткі аўтамабільных дарог агульнага карыстання не менш за 5 метраў, а таксама малыя аэрадромы або іншыя падрыхтаваныя пляцоўкі.

На думку вытворцаў беларускага беспілотніка, яго патэнцыяльнымі заказчыкамі павінны стаць міністэрствы абароны, унутраных спраў і па надзвычайных сітуацыях.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула