У цэнтры Мінска можа афіцыйна залунаць Пагоня
МЗС Літвы пагадзілася, каб гістарычны сцяг з Пагоняй вывешваўся ля дыпламатычных прадстаўніцтваў краіны за мяжой.
Міністэрства замежных спраў Літоўскай Рэспублікі згаджаецца, каб гістарычны сцяг Літвы з Пагоняй вывешваўся ля дыпламатычных прадстаўніцтваў краіны за мяжой.
Міністэрства замежных спраў хоча, каб у Законе аб дзяржаўным сцягу з’явіўся наступны запіс:«Грунтуючыся на нормах міжнароднага права, дыпламатычных пратаколах і гістарычных традыцыях літоўскі гістарычны сцяг павінен заўсёды вывешвацца побач, над або паблізу дыпламатычных прадстаўніцтваў Літоўскай Рэспублікі, консульстваў ці філіялаў гэтых устаноў або паблізу будынкаў спецыяльных місій, якія існуюць за мяжой».
На думку канцлера МЗС Літвы Валдаса Латсаўскаса Пагоня на чырвоным фоне з’яўляецца неад’емнай часткай літоўскай геральдыкі, якая прадстаўляе старажытную і слаўную гісторыю дзяржаўнасці Літвы. «Выкарыстанне гістарычнага сцяга вельмі важна для ўмацавання пазітыўнага іміджу Літвы ў свеце, яно спрычыніцца да стымулявання міжнароднай супольнасці да зацікаўлення гісторыяй нашай краіны», — напісаў канцлер у спецыяльнай заяве. На думку канцлера гістарычны сцяг прадстаўляе Літву як краіну цярпімасці і шматнацыянальную.
Цяпер па законе гістарычны сцяг абавязкова вывешваецца толькі пры Каралеўскім палацы, замку ў Троках (Тракаі) і вайсковым музеі ў Коўне (Каўнасе).
***
Зараз каля пасольства Літвы ў Мінску вывешваюцца дзяржаўны жоўта-зялёна-чырвоны сцяг і сцяг ЕС.