БЕЛ Ł РУС

Пасольства Швецыі прыпыніла працу

20.08.2012 / 10:46

З сённяшняга дня інтарэсы Стакгольма ў візавых пытаннях вырашае пасольства Эстоніі.

Пасольства Эстоніі з сённяшняга дня афіцыйна прадстаўляе інтарэсы Швецыі ў візавых пытаннях у Беларусі. Пасольства Швецыі, у сваю чаргу, будзе прадстаўляць інтарэсы Эстоніі ў такіх краінах, як ПАР і Куба. Гэта прадугледжана дагаворам, які заключылі ўрады Швецыі і Эстоніі.

Дакументы на даванне шведскай візы беларускім грамадзянам пасольства Швецыі закончыла прымаць 17 жніўня.

21 жніўня выдачу шведскіх віз пачне ажыццяўляць пасольства Эстоніі. Уся неабходная інфармацыя аб заяўцы на візу і консульскіх пытаннях размешчана на сайце эстонскага дыппрадстаўніцтва ў Мінску.

Заяўкі для атрымання віду на жыхарства і дазволу на працу ў Швецыі можна падаваць у электронным выглядзе праз сайт Міграцыйнай службы Швецыі.

Магчымыя інтэрв’ю і кантроль дакументаў грамадзян Беларусі з 21 жніўня будзе праводзіць пасольства Швецыі ў Маскве.
Там жа можна будзе пакінуць свае біяметрычныя звесткі для атрымання карткі. Заяўнікі таксама будуць мець магчымасць падаць папяровую заяўку непасрэдна ў пасольстве Швецыі ў Маскве, паведамляе сайт шведскага пасольства ў Беларусі.

Беларуска-шведскі канфлікт разгарэўся пасля таго, як улады Беларусі паведамілі Швецыі аб непрацягу акрэдытацыі паслу Стэфану Эрыксану. Шведскага дыпламата абвінавацілі ў дэструктыўнай дзейнасці. У адказ на гэта шведскія ўлады заявілі, што не прымуць новага пасла Беларусі, і рэкамендавалі двум супрацоўнікам беларускага пасольства пакінуць Стакгольм.

8 жніўня МЗС Беларусі аб’явіў аб адкліканні ўсіх супрацоўнікаў беларускага пасольства ў Стакгольме. Шведскаму боку рэкамендавала прыняць аналагічныя меры і адклікаць усіх сваіх дыпламатаў з Мінска да 30 жніўня.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула