БЕЛ Ł РУС

Пасольства Беларусі ў Бішкеку звінаваціла СМІ ў сітуацыі вакол Бакіева

29.08.2012 / 12:12

Пасольства Беларусі ў Кыргызстане занепакоена «нагнятаннем у шэрагу СМІ інфармацыі адносна „фактару Бакіева“, а таксама абвастрэннем асобнымі грамадскімі аб’яднаннямі і групамі асоб становішча вакол беларускай дыпмісіі».
Пра гэта гаворыцца ў заяве, апублікаванай на афіцыйным сайце беларускага пасольства ў Кыргызскай Рэспубліцы.

Нагадаем, раніцай 28 жніўня на пасольства Беларусі ў Бішкеку быў учынены напад мітынгоўцаў — сваякоў ахвяр дзяржаўнага перавароту 2010 года, якія патрабуюць экстрадыцыі з Мінска скінутага прэзідэнта Курманбека Бакіева і яго брата Жаныбека. Бакіевы абвінавачваюцца ва ўчыненні цяжкіх крымінальных злачынстваў. Удзельнікі акцыі патрабавалі спынення працы пасольства і разрыву дыпадносін з уладамі Беларусі, якія «хаваюць забойцаў».

Як гаворыцца ў заяве пасольства, «у выніку акцыі камянямі былі разбіты шыбы першага і другога паверхаў дыпмісіі, вонкавыя вітрыны, пашкоджаны кветкавыя насаджэнні, пры гэтым з боку пікетчыкаў гучалі пагрозы радыкальнага характару».

«Мяркуючы, што за ўказанымі дзеяннямі могуць быць інтарэсы пэўных сіл,
пасольства выказвае заклапочанасць такімі правакацыйнымі дзеяннямі, якія ставяць пад пагрозу функцыянаванне дыпламатычнага прадстаўніцтва і бяспеку яго супрацоўнікаў. На падставе гэтага выказваем надзею на прыняцце кіргізскім бокам адпаведных мер», — заяўляе беларуская дыпмісія ў Бішкеку.

«Нягледзячы на апублікаванне ў СМІ інфармацыі аб тым, што Міністэрства ўнутраных спраў Кыргызскай Рэспублікі „не знаходзіць у дзеяннях удзельнікаў мітынгу каля будынка пасольства Беларусі ў Кыргызстане нічога супрацьпраўнага“, МУС Кыргызстана робіць неабходныя захады ў сувязі з наўмысным прычыненнем шкоды будынку дыпмісіі», — гаворыцца ў заяве пасольства.

Беларускія дыпламаты «лічаць некарэктным трактоўку некаторымі СМІ не пацверджанай і не праверанай інфармацыі па гэтым пытанні, заснаванай на каментарыях і заявах прадстаўнікоў вышэйназваных грамадскіх аб’яднанняў, што не адпавядаюць рэчаіснасці».

«Пасольства адкрыта для перамоў і грунтоўнага абмеркавання пытанняў двухбаковых адносін, скіраваных, у першую чаргу, на развіццё і ўмацаванне ўзаемадзеяння братэрскіх народаў»,- гаворыцца ў дакуменце.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула