БЕЛ Ł РУС

Два гады таму загінуў журналіст Алег Бябенін

3.09.2012 / 09:48

Nashaniva.com

Яго знайшлі павешаным на ўласным лецішчы. Афіцыйная версія —самагубства.

Два гады таму, 3 верасня 2010 года, на ўласным лецішчы ў вёсцы Пярхурава пад Мінскам быў знойдзены павешаным заснавальнік апазіцыйнага сайта Charter97.org Алег Бябенін.

Следства ў якасці папярэдняй прычыны смерці журналіста адразу ж абрала самагубства. Сябры і паплечнікі загінулага, сярод іх Андрэй Саннікаў, Мікалай Халезін, Зміцер Бандарэнка, гэтую версію паставілі пад сумнеў. Высвятляліся новыя акалічнасці справы, у сяброў Алега раслі падазрэнні і сумневы. Але следства прытрымлівалася першапачатковай лініі.

Загадкавая смерць памочніка аднаго з прэтэндэнтаў на пасаду прэзідэнта [Андрэя Саннікава] перад пачаткам вырашальнай стадыі выбарчай кампаніі на кароткі момант аб’яднала беларускую апазіцыю. Развітацца з ім прыйшлі лідары партый і рухаў, грамадскія дзеячы.

Справа Бябеніна мела міжнародны рэзананс. Пра яго таямнічую смерць пісалі замежныя СМІ, кіраўнік Еўрапарламента заклікаў правесці аб’ектыўнае расследаванне акалічнасцяў смерці журналіста.
З імі салідарызаваліся іншыя еўрачыноўнікі. Беларускія ўлады запрасілі да ўдзелу ў расследаванні экспертаў-крыміналістаў з краін — членаў АБСЕ. У лістападзе 2010 г. яны апублікавалі вынікі сваёй працы ў Беларусі. Яны прыйшлі да высновы, што журналіст скончыў жыццё самагубствам.

Пракуратура Мінскай вобласці, якая праводзіла расследаванне, абвясціла прычынай смерці Бябеніна самагубства.

***

Алег Бябенін нарадзіўся ў 1974 годзе. Скончыў факультэт журналістыкі Беларускага дзяржаўнага універсітэта. У 1990-я гадах працаваў намеснікам галоўнага рэдактара недзяржаўнай газеты «Імя». Заснаваў у 1998 годзе сайт charter97.org і быў яго кіраўніком. У яго засталіся жонка і двое сыноў.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула