БЕЛ Ł РУС

Генпракуратура заяўляе аб праблемах з экстрадыцыяй з Чэхіі і Польшчы

4.09.2012 / 09:59

У апошнія гады Чэхія не задаволіла ніводнага запыту, а Польшча выдае палову ад запытаных.

У апошнія гады Чэхія не задаволіла ніводнага запыту аб экстрадыцыі, а Польшча выдае «прыблізна палову ад запытаных», заявіў начальнік міжнародна-прававога аддзела Генеральнай пракуратуры Алег Хлышчанка ў інтэрв’ю газеце «Советская Белоруссия».

«Прычым часцей за ўсё [адмаўляюць] па надуманых падставах: нібыта ў нас у краіне месцы пазбаўлення волі не адпавядаюць мінімальным прынцыпам еўрапейскага пенітэнцыярнага права па пытаннях абыходжання са зняволенымі,
у нас не можа быць аказана кампетэнтная прававая дапамога, — сказаў Хлышчанка. — Але ў нас з Чэхіяй таксама ёсць дагавор, і мы свае абавязацельствы стараемся выконваць. Для нас існуе толькі закон і няма ніякіх палітычных момантаў. Калі маюцца законныя падставы для выдачы злачынцы, мы яго выдаём, няма такіх падстаў — адмаўляем. Нядаўна мы прынялі рашэнне аб выдачы Чэхіі грамадзяніна Украіны для прыцягнення да крымінальнай адказнасці».
Паводле слоў прадстаўніка Генпракуратуры, краіны СНД адмаўляюць у выдачы злачынцаў у адзінкавых выпадках.

Хлышчанка зазначыў, што еўрапейскія краіны ідуць па шляху спрашчэння працэдуры экстрадыцыі. «У іх уніфікавана заканадаўства, і гэта таму садзейнічае. У нас ўсё крыху інакш. Важна разумець, што сам працэс экстрадыцыі вельмі цяжкі. Напрыклад, беларускі Крымінальна-працэсуальны кодэкс прадугледжвае пятнаццаць падстаў для адмовы ў выдачы. Пры разглядзе матэрыялаў на выдачу праводзіцца карпатлівая праца па праверцы ўсіх патрабаванняў заканадаўства, і, думаю, у хуткім часе гэта працэдура ў нашай краіне спрашчацца дакладна не будзе. Бо на кану лёс людзей», — заявіў начальнік аддзела.

Варта зазначыць, што беларускі бок неаднаразова адмаўляў у выдачы Кыргызстану былога прэзідэнта Курманбека Бакіева, які прыбыў у Беларусь у красавіку 2010 года па запрашэнні Аляксандра Лукашэнкі. Генпракуратура не знайшла для экстрадыцыі прававых падстаў. Апрача таго, афіцыйны Мінск дагэтуль не пацвердзіў факт знаходжання ў краіне яго брата Жаныбека Бакіева, які быў выпадкова сфатаграфаваны актывістам беларускай апазіцыі Міхаілам Пашкевічам. Бішкек адклікаў свайго пасла з Беларусі ў сувязі з адсутнасцю рэакцыі Мінска на ноту аб знаходжанні ў краіне Жаныбека Бакіева і асоб, якія яго суправаджалі.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула