БЕЛ Ł РУС

Дзяніс Дашкевіч з Рагачова пакідае палітыку

14.09.2012 / 10:12

Актывіст кампаніі «Гавары праўду!» Дзяніс Дашкевіч з Рагачова, якому было адмоўлена ў рэгістрацыі кандыдатам у дэпутат, прыняў рашэнне пакінуць палітычную дзейнасць.

«Праваабаронцам за свабодныя выбары» ён заявіў, што падчас цяперашняй выбарчай кампаніі на яго асабіста і ягоную каманду аказваўся вялізны ціск. Некаторых паплечнікаў звольнілі з працы, а ў яго найлепшага сябра Юрыя Брэля ўладныя структуры канфіскавалі ўвесь тавар і далі вялізны штраф.

20-мільённы штраф пагражае і самому Дашкевічу. Як сказана ў пратаколе падатковай інспекцыі, за незаконнае прыняцце замежнай валюты ў якасці плацежнага сродку і незаконную прадпрымальніцкую дзейнасць.

Спадар Дашкевіч заяўляе, што ў яго быў выбар: альбо з’язджаць з краіны, альбо пакінуць палітыку.
Ён выбраў другое. Цяпер хоча аднавіць сваю прадпрымальніцкую дзейнасць.

У Рагачоў Дзяніс Дашкевіч прыехаў з Гомеля, дзе вучыўся ў музычным каледжы, па сямейных абставінах. Яму з жонкай і дзіцем тут лацвей было ўладкавацца з жытлом. Музыка па прафесіі, ён зарэгістраваўся ў райцэнтры індывідуальным прадпрымальнікам, пачаў ладзіць вяселлі ды іншыя сямейныя ўрачыстасці.

Яшчэ падчас навучання ў музычным каледжы Дзяніс браў удзел у розных моладзевых акцыях. Пазней пазнаёміўся з некаторымі мінскімі палітыкамі, у прыватнасці, з партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя». У Рагачове Дашкевіч стаў прадстаўніком БХД.

Рэгіянальны каардынатар БХД Юры Клімовіч: «Ён па Рагачове, ён у гомельскія справы ня лез. Прычым у Рагачове, што цікава, ён падтрымліваў кантакты адразу з Мінскам, з нашым партыйным офісам. Ён вельмі актыўны чалавек. Я не думаю, што ён з разраду людзей, схільных падпарадкоўвацца нейкай там партыйнай дысцыпліне. Ён кот, які сам па сабе гуляе. Але вельмі актыўны, трэба аддаць яму належнае. Якасць добрая».

Спадар Клімовіч кажа, што Дзяніс падтрымліваў стасункі ледзь не з усімі дэмакратычнымі арганізацыямі. Апошнім часам асабліва з кампаніяй «Гавары праўду». Ачоліў у райцэнтры незалежны сайт vrogacheve.ru, крытыкаваў мясцовыя улады, збіраў з актывістамі подпісы за вяртанне ў горад «Дажынак-2013», за адхіленне ад пасады старшыні райвыканкаму.

У пачатку гэтага года Дзяніса звольнілі з кавярні, дзе ён па дамове працаваў музыкам.
За розныя грамадскія акцыі яго неаднаразова выклікалі ў міліцыю і мясцовы аддзел УКДБ.

Актывістка з Рагачова Аксана так кажа пра Дашкевіча: «Па-першае, ён самы смелы ў нас. Не баяўся. Я не ведаю, якія там у яго мэты, але ён смелы чалавек. І за гэта яму вялікі дзякуй. Людзі хоць гаварыць пачалі, разумець штосьці, унікаць у наша жыццё».

Увесну афіцыйная раённая газета «Свабоднае слова» пачала судзіцца з Дашкевічам за тое, што незалежны сайт перадрукоўваў без яе дазволу некаторыя матэрыялы, чым нібыта парушаў аўтарскія правы. Рэдактар «Свабоднага слова» Андрэй Шышкін двойчы прайграў суд Дашкевічу, але не кінуў надзеі пакараць актывіста.

Гомельскі грамадскі актывіст Уладзімір Кацора лічыць, што ў Дзяніса шмат што атрымлівалася — і сайт, і да выбараў ён распачаў актыўную дзейнасць, але, відаць, пераацаніў свае сілы: «Пераацаніў свае сілы й магчымасці каманды, якая ў яго, можа, і была, але не змагла падтрымаць. Але як рэгіянальны палітык ён адбыўся. Улады зрабілі ўсё, каб выціснуць яго з палітыкі. Бывае так, што можна, напрыклад, лаяць Лукашэнку — і табе за гэта нічога не будзе. Але калі ты пачынаеш ваяваць з мясцовай уладай, яна на гэта больш нервова рэагуе».

І спадар Кацора, і некаторыя іншыя актывісты вераць, што цяперашняя заява 27-гадовага Дзяніса Дашкевіча не апошняя.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула