БЕЛ Ł РУС

МЗС шкадуе з нагоды заявы назіральнікаў АБСЕ

25.09.2012 / 10:48

МЗС Беларусі шкадуе, што «місія назіральнікаў АБСЕ, як і ў мінулыя гады, не змагла поўнасцю абстрагавацца ад палітызаваных ацэнак і высноў, якія не маюць прамых адносінаў да выбарчага працэсу».
Пра гэта заявіў прэс-сакратар МЗС Андрэй Савіных, каментуючы папярэднія вынікі міжнароднага назірання за выбарамі дэпутатаў палаты прадстаўнікоў нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь пятага склікання.

«Разам з тым адзначаем заяўленую кіраўніцтвам місіі гатоўнасць да ўзаемадзеяння з Беларуссю, што адпавядала б нашым агульным інтарэсам,

— гаворыцца ў каментарыі. — Падкрэсліваем, што дыялог і супрацоўніцтва, а не націск і санкцыі, дазваляюць рухацца наперад па пытаннях, якія адпавядаюць інтарэсам як самой Беларусі, гэтак і нашых партнёраў».

З іншага боку, МЗС прывітаў «збалансаваную і аб’ектыўную ацэнку місіі СНД, якая правяла значную працу па маніторынгу выбарчага працэсу ў Беларусі».

Нагадаем, папярэдні даклад назіральнікаў Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека (БДІПЧ) і Парламенцкай асамблеі (ПА) АБСЕ быў прадстаўлены 24 верасня на брыфінгу ў Мінску. У ім канстатуецца, што «многія абавязацельствы ў межах АБСЕ па дэмакратычных правах грамадзян на свабоднае вылучэнне кандыдатаў і магчымасць свабодна выказваць меркаванне не былі выкананыя».

«Выбары не праводзіліся бесстаронна, а працэс падачы скаргаў і апеляцый не гарантаваў эфектыўнага сродку абароны», — зазначылі назіральнікі АБСЕ.

«Выбары не былі спаборнымі з самага пачатку, — заявіў кіраўнік місіі кароткатэрміновых назіральнікаў ПА АБСЕ Матэа Мекачы. — Свабодныя выбары залежаць ад магчымасці людзей свабодна гаварыць, свабодна арганізоўваць і балатавацца, чаго мы не ўбачылі падчас гэтай кампаніі».

У сваю чаргу, кіраўнік місіі назіральнікаў ад СНД Сяргей Лебедзеў 24 верасня на прэс-канферэнцыі ў Мінску заявіў што парламенцкія выбары ў Беларусі «былі праведзеныя ў адпаведнасці з Канстытуцыяй і Выбарчым кодэксам, адпавядалі агульнадэмакратычным нормам, былі празрыстымі і адкрытымі».

«Можна канстатаваць, што выбарчая кампанія праходзіла ў арганізаванай і спакойнай абстаноўцы», — сказаў ён.

Паводле звестак МЗС, у міжнародным назіранні за парламенцкімі выбарамі ўзялі ўдзел прыкладна 800 назіральнікаў, уключаючы місіі СНД і АБСЕ.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула