БЕЛ Ł РУС

Урад скасаваў інвестдамову з кампаніямі GTECH і «БТ Тэлекамунікацыі»

25.09.2012 / 12:38

Урад Беларусі афіцыйна скасаваў інвестыцыйную дамову з зарэгістраванай на Кіпры кампаніяй GTECH і беларускім ПУП «БТ Тэлекамунікацыі». Гэта вынікае з пастановы Савета міністраў № 865 ад 19 верасня 2012 года, паведаміла прэс-служба ўрада.

Інвестыцыйная дамова была заключана ў пачатку 2011 года. Меркавалася, што інвестар створыць у Беларусі маніторынгавы цэнтр у сферы ігральнага бізнесу. Каб выбраць кампанію, якая атрымае такое права, годам раней быў праведзены конкурс.

Яго пераможца павінен быў забяспечыць кругласутачнае атрыманне зацікаўленым дзяржаўным органам поўнай і праўдзівай інфармацыі аб працы ігральных устаноў у рэжыме рэальнага часу. Пры гэтым для дзяржавы павінна была стаць празрыстай інфармацыя пра абарот грашовых сродкаў і выплату выйгрышаў гульцам.

Кампанія GTECH павінна была паставіць праграмна-апаратны комплекс і пры неабходнасці сумяшчальнае з ім ігральнае абсталяванне. Згодна з умовамі, інвестар павінен быў стварыць цэнтр маніторынгу без прыцягнення дзяржаўных сродкаў і забяспечыць яго функцыянаванне на працягу не менш як 10 гадоў.

Зараз стварэннем цэнтра маніторынгу і ўкараненнем спецыяльнай камп’ютарнай касавай сістэмы займаецца беларуская кампанія, якая стала пераможцай паўторнага конкурсу.

ПУП «БТ Тэлекамунікацыі» належыць вядомаму беларускаму бізнесмену Уладзіміру Пефціеву. І Пефціеў, і гэта прадпрыемства падпадаюць пад санкцыі Еўрасаюза ў сувязі з парушэннем правоў чалавека ў Беларусі. У дакументах ЕС Пефціеў значыцца як «асоба, звязаныя з прэзідэнтам Лукашэнкам і яго сям’ёй, галоўны эканамічны дарадца прэзідэнта Лукашэнкі і ключавы фінансавы спонсар рэжыму Лукашэнкі». Санкцыі ў дачыненні да ПУП «БТ Тэлекамунікацыі» ўведзены на падставе таго, што ўсе яны падкантрольныя Пефціеву.

Бізнесмену забаронена наведваць тэрыторыю ЕС, а яго рахункі і маёмасць у краінах ЕС павінны быць замарожаныя. Яго кампаніям, у тым ліку «БТ Тэлекамунікацыі», забаронена весці бізнес на тэрыторыі ЕС.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула