БЕЛ Ł РУС

Харукі Муракамі — яўны лідар у букмекераў на атрыманне Нобеля ў літаратуры

8.10.2012 / 15:51

Зміцер Панкавец

63-гадовы японскі пісьменнік Харукі Муракамі з’яўляецца галоўным прэтэндэнтам на атрыманне Нобелеўскай прэміі па літаратуры, калі верыць букмекерскім канторам.

Напрыклад, ladbrokes.com прымае стаўкі на перамогу Муракамі ў суадносінах 2 да 1. Муракамі аўтар наступных раманаў: «1Q84», «Кафка на пляжы», «Нарвежскі лес», «Дэнс, Дэнс, Дэнс», «Слухай песню ветра».
8 да 1. Такія стаўкі прымаюцца на кітайца Мо Яня, а таксама венгра Петэра Надаша. Праўда, Венгрыя ўжо атрымлівала ў апошняе дзесяцігоддзе Нобеля ў літаратуры (Імрэ Кертэс).

10 да 1. З такім каэфіцыентам можна паставіць на 83-гадовага англічаніна Уільяма Трэвара і амерыканскага спевака Боба Дылана. Апошні быў лідарам у букмекераў год назад, але прэмію ўручылі шведскаму паэту Тумасу Транстромеру.

12 да 1. Тут адразу тры пісьменнікі. Нідэрландскі аўтар Сейс Нотэбоом, кенійскі драматург Нгугі Ва Тхіонга і амерыканец Томас Пінчан.

14 да 1. Прывабныя каэфіенты на албанца Ісмаіла Кадэрэ, сірыйскага паэта Адоніса, карэйца Ко Уна, канадскую навелістку Эліс Мунро, алжырскую пісьменніцу і рэжысёрку Асію Джэбар.

Шанцы чэха Мілана Кундэры на перамогу ацэньваюцца як 16 да 1, полькі Вольгі Такарчук — 20 да 1, Умберта Эка — 25 да 1, Яўгена Яўтушэнкі — 66 да 1.
Уладзіміра Някляева сярод кандыдатаў, што прапаноўваюць букмекеры, няма. Някляева на Нобелеўскую прэмію ў літаратуры летась вылучаў Беларускі ПЭН-Цэнтр.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула