У Эўрапарлямэнце падтрымліваюць праект зьніжэньня тарыфаў на роўмінг
Па ацэнках Эўрапейскай Камісіі, на сёньняшні дзень тарыфы на роўмінг на тэрыторыі ЭЗ значна завышаныя. За кароткі званок, зроблены за мяжой, эўрапейцы плоцяць ад 4 да 6 эўра. У некаторых сытуацыях кошт за падобны званок можа нават перавышаць 12 эўра.
У лістападзе 2006 г. Камісія ініцыявала праграму дзеяньняў, накіраваных на зьніжэньне тарыфаў на роўмінг на тэрыторыі ЭЗ. 12 красавіка Камітэт Эўрапейскага Парлямэнту па пытаньнях прамысловасьці, дасьледчыцкай дзейнасьці і энэргетыкі ( ITRE ) падтрымаў прапанову Эўрапейскай Камісіі. Згодна з рашэньнем Камітэта, зь лета гэтага году кошты на роўмінг на тэрыторыі ЭЗ павінны скараціцца на 70%. Максымальныя стаўкі роўмінгу не павінны перавышаць 40 эўрацэнтаў для зыходных званкоў і 15 эўрацэнтаў для ўваходных.
Наступным крокам у гэтым накірунку будзе галасаваньне на пленарным паседжаньні Эўрапейскага Парлямэнта, заплянаванае на сярэдзіну траўня. Канчатковае рашэньне будзе прынятае Парлямэнтам і Радай ЭЗ, у рамках працэдуры сумеснага прыняцьця рашэньняў (co‑decision ).