БЕЛ Ł РУС

Уладзімір Андрэйчанка зноў абраны спікерам палаты прадстаўнікоў

18.10.2012 / 11:33

nn.by

Старшынёй палаты прадстаўнікоў пятага склікання абраны Уладзімір Андрэйчанка, які займаў гэтую пасаду ў ніжняй палаце мінулага склікання.
За яго абранне прагаласавалі 105 з 108 дэпутатаў, якія прынялі ўдзел у галасаванні, тры бюлетэні прызнаныя несапраўднымі.
Андрэйчанка быў адзіным прэтэндэнтам на пасаду старшыні палаты прадстаўнікоў.
Яго кандыдатуру вылучыў дэпутат Сяргей Канопліч, матывуючы тым, што ён мае «багаты вопыт парламентарызму» і «шмат зрабіў для прасоўвання палаты прадстаўнікоў на міжнароднай арэне».
«На сустрэчах з пасламі замежных краін ён паказаў сябе дасведчаным спелым палітыкам, які ўмела прасоўвае інтарэсы Беларусі», — сказаў Канопліч.

Сам Андрэйчанка, выступаючы перад дэпутатамі, адзначыў, што перад новым складам парламента стаяць «маштабныя і значныя задачы».

У прыватнасці, трэба будзе «дэталёва вывучыць» практыку прымянення выбарчага заканадаўства з улікам мінулых выбараў і ўнесці ў яго карэкціроўкі.

Гаворачы аб міжнароднай дзейнасці, Андрэйчанка падкрэсліў, што неабходна «спыняць усе спробы размаўляць з намі сілай». Таксама ён адзначыў неабходнасць разгледзець магчымасць арганізацыі «прамых трансляцый парламенцкіх дыскусій», паведамляе БелаПАН.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула