БЕЛ Ł РУС

Аўкцыён у Нясвіжы: масонскі знак, пуанты Валачковай, ліст барону Ротшыльду — фота

5.11.2012 / 18:53

Грошы, сабраныя ад продажу рэдкіх і зорных лотаў, будуць пералічаныя на аднаўленне Навагрудскага замка.

Знак кіраўніка масонскай ложы.

Кніга Яўхім Карскага «Беларусы».

Партабак.

Ліст 1878 года барону Ротшыльду.

Ганаровы госць першага палацавага балю ў Нясвіжы расійская балерына Анастасія Валачкова не толькі выканае некалькі нумароў у суправаджэнні сваёй балетнай трупы, але і выставіць на аўкцыён уласныя пуанты.

Як паведамілі арганізатары балю, грошы, сабраныя ад продажу рэдкіх і зорных лотаў, будуць пералічаныя на аднаўленне Навагрудскага замка.

«Баль для мяне заўсёды звязаны з вельмі ўзнёслай, духоўнай і хвалюючай атмасферай, гэта нагадвае казку, — цытуюць Валачкову арганізатары. — Я з радасцю вазьму ўдзел ў ім.

Калі б мне прапанавалі выставіць на аўкцыёне свой лот, то, вядома ж, гэта былі б пуанты, у якіх я буду танцаваць. Гэта сімвал маёй прафесіі, і для многіх людзей яны мелі б каштоўнасць».

На першым палацавым балі з малатка таксама пойдуць унікальныя прадметы, у ліку якіх — знак кіраўніка масонскай ложы Італіі са стужкай XIX стагоддзя, жаночы партабак, ажурная скань (Еўропа, XIX стагоддзе), кніга Яўхіма Карскага «Беларусы» — першае выданне даследавання (Варшава, 1903 г.), гэта першы асобнік з подпісам: «Яго Сіяцельству князю Святаполк-Мірскаму ад шчыра ўдзячнага аўтара». На аўкцыён таксама выстаўляюцца паляўнічы сталовы набор з пяці прадметаў (Еўропа, XIX стагоддзе) і асабісты ліст 1878 года галоўнага бібліятэкара Брытанскага музея барону Ротшыльду.

Паводле слоў арганізатараў, сапраўднасць лотаў пацверджана адпаведнымі экспертызамі.

Першы дабрачынны дварцовы баль у Нясвіжскім замку абяцае стаць адной з самых грандыёзных падзей года. На адну ноч у Нясвіжы аб’яднаюцца гісторыя і сучаснасць, а ўдзельнікі змогуць адчуць размах і раскошу старадаўняга княжацкага балю.

Дварцовы баль і дабрачынны аўкцыён пройдуць 10 лістапада.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула