АГП на ўгодкі Плошчы рыхтуе 100 пікетаў
19 снежня Аб’яднаная грамадзянская партыя (АГП) мае намер правесці больш за 100 пікетаў па ўсёй краіне для інфармавання насельніцтва аб магчымай непразрыстай прыватызацыі буйных прадпрыемстваў.Пра гэта 8 лістапада на брыфінгу паводле вынікаў пасяджэння палітсавета партыі заявіў яе лідар Анатоль Лябедзька.
«Мы маем намер падаць заяўкі на 115–120 пікетаў па ўсёй Беларусі пад дэвізам: «Выкралі выбары, каб прадаць краіну». Гэта ў некаторым сэнсе і працяг выбарчай тэматыкі. Мы не думаем, што той склад Палаты прадстаўнікоў, які прызначаны, а не абраны, будзе дабівацца таго, каб у краіне прайшла «народная прыватызацыя», — сказаў Лябедзька.
Ён адзначыў, што тэма прыватызацыі буйных прамысловых прадпрыемстваў зараз атрымлівае ўсё большую актуальнасць.«І цяпер для нас супрацьстаянне „сейфавай прыватызацыі“ — адзін з галоўных прыярытэтаў», — заявіў Лябедзька.
Для АГП, адзначыў яе лідар, гэта яшчэ і ўспамін пра падзеі 19 снежня 2010 года, і частка інфармацыйнай кампаніі. «Мы хацелі б растлумачыць людзям, што зараз рэальна адбываецца ў краіне. Ёсць пагрозы прадпрыемствам, якія на сёння з’яўляюцца народнай уласнасцю», — лічыць палітык.