Пасол Вялікабрытаніі: ЕС і Беларусі неабходны час для асэнсавання сваіх узаемаадносінаў
«У адносінах паміж Еўрасаюзам і Беларуссю цяпер момант, калі бакам трэба ўзяць час для асэнсавання», — заявіў новы пасол Вялікабрытаніі ў Беларусі Брус Бакнэл.
ЕС, адзначыў ён, прапануе выразныя ўмовы, выкананне якіх неабходна для паляпшэння адносінаў. «Самае важнае — гэта вызваленне палітзняволеных. Беларусь знаходзіцца ў Еўропе, і мы хочам бачыць, што яна раздзяляе еўрапейскія каштоўнасці», — падкрэсліў дыпламат.
Паводле слоў Бакнэла, уведзеныя Еўрасаюзам санкцыі «не накіраваныя супраць беларускага народа».«Іх мэта — змяніць паводзіны ўрада Беларусі на карысць народа. Пытанне санкцый застаецца адкрытым, пакуль Беларусь не выканае ўмовы», — падкрэсліў пасол.
Каментуючы меркаванне некаторых экспертаў аб тым, што ўвядзенне эканамічных санкцый — найбольш эфектыўны спосаб дабіцца ад уладаў вызвалення палітзняволеных, Бакнэл заўважыў:
«Эканамічныя санкцыі — гэта заўсёды праявы супраць народа. Палітыка ЕС — гэта палітыка ўсіх 27краін-членаў , гэта заўсёды працэс дыялогу. І цяпер мне здаецца, што краіны ЕС прыйшлі да кансэнсусу не змяняць рэжым санкцый іпа-ранейшаму прымяняць іх кропкава».
Пры гэтым дыпламат падкрэсліў, што санкцыі ЕС адносна Беларусі будуць дзейнічаць да тых пор, пакуль не будуць вызвалены ўсе без выключэння палітзняволеныя.
«Беларускі ўрад ведае добра прычыны для гэтых санкцый, але палітыка не мяняецца. Я ўжо гаварыў, што мы прапануем выразныя ўмовы, і пытанне застанецца адкрытым, пакуль Беларусь не выканае гэтыя ўмовы», — заявіў пасол Вялікабрытаніі Брус Бакнэл.