БЕЛ Ł РУС

Андрэй Скурко. Пра «батон» і пра трамвай

17.01.2000 / 13:00

Nashaniva.com

№ 2 (159), 10 — 17 студзеня 2000 г.


 

менскія нетры

Пра «батон» і пра трамвай

Звыклыя паліўна-энэргетычныя крызы ды нечаканыя падвышэньні коштаў на «растаможку» хоць у каго адаб’юць ахвоту набываць асабістую «Антылёпу-Гну», таму сёньня як ніколі відавочна выявілася неабходнасьць існаваньня грамадзкага транспарту — асабліва ў такім вялікім месьце, як Менск, дзе, натуральна, прадстаўленыя ўсе ягоныя дэфініцыі, далёка не раўназначныя паводле карысьці і ўплыву на выгляд гораду. Так, напрыклад, мэтро, якое з часоў, калі Машэраў ледзьве не ўласнаручна загнаў першую палю ў ягоны падмурак, зрабіла частку «цэнтральных» аўтобусаў у пэўным сэнсе самадастатковымі — спыніўшы тым самым іх эвалюцыю (пра што сьведчаць рэліктавыя экзэмпляры, якія можна сустрэць на 19-м, 57-м, 69-м або 53-м аўтобусных маршрутах), — амаль не рэалізавала сябе ў кантэксьце места, засталося нябачным: пра яго існаваньне сьведчыць толькі пэрыядычная вібрацыя глебы ды слупкі-сьветлячкі з двухсэнсоўнай літарай «М» на ўваходах.

Тралейбус, зь ягонай звычкай плаўна кратацца і рэзка спыняцца (на што спрэсаваная шмат’ярусная чалавечая маса ў салёне азываецца устойлівым выразам «дровы вязеш?», які пад канец працоўнага дня ператвараецца з пытальнага ў сьцьвярджальны), наадварот, настолькі зьліўся з гэткім самым, як ён сам, шэра-блакітным навакольлем, што яго натужнае выцьцё ўспрымаецца як адмысловы гукавы сыгнал, дзеля вычляненьня яго з паўсоннае менскае рэчаіснасьці. «Рагаты», «электрашафа», «батон» — гэта далёка ня поўны пералік ласкавых найменьняў, якімі яго надзяляюць аўтааматары, чыя вялікая і сьвятая нянавісьць да тралейбусаў не паддаецца разумоваму аналізу.

Але найбольш увагі менчукі (вазьміце хоць Аркадзя Куляшова, хоць Адама Глёбуса) заўсёды надавалі трамваю — гэтаму жывому ўвасабленьню чалавечае цывілізацыі — яскрава-безгустоўна размаляванаму вагону, дзе заўсёды скразьняк (старыя мэталёвыя ваканіцы скрывелі і не зачыняюцца як сьлед), дзе калоціць і балюча кідае. Вагону, які рухаецца толькі наперад (а пасьля разварочваецца — і зноў наперад), і кіраваць якім можна пры дапамозе лома. Тут, відаць, адыгрывае сваю ролю звычка: трамвай — самы стары сярод усіх грамадзкіх транспартных сродкаў у Менску. Нават з выгляду (калі бачыш надпіс «Менскаму трамваю — 70 год», здаецца, што ён тычыцца менавіта гэтага трамвая). У іншых «трамвайных» беларускіх местах — Віцебску, Наваполацку — рэліктавая чырвона-жоўтая парода зводзіцца нашмат хутчэй. Трэба зрабіць усё, каб хоць у Менску яна захавалася. Няхай бегае. Няхай звоніць. Можа вершаў добрых больш будзе пісацца.

Андрэй Скурко


Чытайце таксама:

Каментары да артыкула