БЕЛ Ł РУС

"Нічога асабістага, толькі бізнэс!"

10.06.2007 / 21:34

Аляксандар КЛАСКОЎСКІ.

Беларускі аспэкт саміту бяз гальштукаў

Для айчынных назіральнікаў інтрыга палягала ў тым, ці сустрэнуцца ў Пецярбурзе Пуцін з Лукашэнкам тэт-а-тэт. Піша ў сваім блогу Аляксандар Класкоўскі.

Для назіральнікаў тэстам было, ці сустрэнуцца ў Пецярбурзе Пуцін з Лукашэнкам тэт-а-тэт. Не сустрэліся.

У той самы час гаспадар Крамля знайшоў час для перамоваў сам-насам з Саакашвілі і Юшчанкам. Тое, наколькі няпростыя ў Пуціна стасункі з абодвума, доўга даводзіць ня трэба. І ў абодвух выпадках былі зроблены сымбалічныя жэсты прымірэньня. Грузінам паабяцана ў рэчышчы стабілізацыі дачыненьняў скасаваць гандлёвыя санкцыі. А зь Юшчанкам дамоўлена спыніць практыку "чорных сьпісаў" (Жырыноўскі і Затулін змогуць езьдзіць у Крым :-)

Беларусі не паабяцана нічога. Крэмль не паслухаўся нават парады расейскага экспэрта Дзялягіна :) Той даводзіў, што някепска было б у Піцеры скарыстацца нагодай і замірыцца з Лукашэнкам. А то, крый божа, увосень зладзіць зь Кіевам антырасейскі транзітны хаўрус. Тым болей што там неўзабаве можа весьці рэй пасіянарная Цімашэнка. (Во сапраўды было б экзатычна: супраць Масквы — на пару з памаранчавай прынцэсай! :-))

Карацей, у стасунках зь беларускім кіраўніком Крэмль дэманстрацыйна трымае паўзу. "Цяжка сказаць, што там пераважае — элемэнтарная крыўда ці халодны разьлік, але факт тое, што ў дачыненьнях зь Менскам расейскае кіраўніцтва захоўвае моцны нэгатыўны настрой", — такую выснову робіць паводле вынікаў піцерскага саміту без гальштукаў наш экспэрт Андрэй Фёдараў.

Між тым зь Менску ўжо не аднойчы дасылаліся сыгналы, што было б някепска разгрэбці завалы нафтагазавай вайны, пагутарыць як сьлед. Напрыклад, пад маркай "адэкватнага ды асымэтрычнага адказу" амэрыканскім плянам разьмяшчэньня элемэнтаў супрацьракетнай абароны ў Польшчы ды Чэхіі.

Але зараз мяч на баку Вашынгтону. Там узважваюць прапанову Пуціна наконт сумеснага выкарыстаньня РЛС у Азэрбайджане. І Масква, зразумела, пакуль што ня стане дражніць заакіянскіх гусей гульнямі ў "асымэтрычны адказ" з дапамогаю Беларусі.

"Што ж да эканамічнай плятформы дачыненьняў зь Менскам, то Пуцін агучыў яе днямі, — нагадвае Фёдараў. – Калі коратка, дык "нічога асабістага, толькі бізнэс".

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула