БЕЛ Ł РУС

Аляксей Дзікавіцкі. Лыжачкі зь дзіркамі

24.07.2000 / 13:00

Nashaniva.com

№ 29 (186), 17 — 24 ліпеня 2000 г.


 

Беларусы вачыма замежнікаў

Лыжачкі зь дзіркамі

 

Мне заўсёды падабалася назіраць, як іншаземцы рэагуюць на звыклыя і зразумелыя для нас, беларусаў, рэчы. Мяркую, што паглядзець на нашае жыцьцё вачыма грамадзянаў замежных краінаў вельмі карысна і цікава. Прапаную Вам некалькі такіх назіраньняў — з досьведу камунікацыяў з канадцамі.

У 1993-м годзе да нас у інстытут пачытаць лекцыі прыехалі чалавек 10 выпускнікоў-магістраў унівэрсытэту Заходняга Антарыя (Канада). Мне хацелася папрактыкавацца ў ангельскай мове, і я заўсёды швэндаўся зь імі.

1. Аднойчы канадцы, стоячы на прыпынку, асьцярожна запыталіся:

— Алекс, што здарылася ў вашай краіне? Па тэлевізіі, здаецца, нічога не казалі.

— А што такое?

— Ведаеш, мы сёньня раніцай пабачылі, што ў нас у гатэлі няма гарачай вады. Можа ў вас нейкая прыродная катастрофа, прыкладам, землятрус?

— Не, ніякага землятрусу няма. Гэта заўсёды так — на месяц гарачую ваду адключаюць.

І тут пачалося нешта неверагоднае — канадцы сталі рагатаць. Вось, маўляў, насьмяшыў. Я кажу — праўда, так будзе. Сьмяюцца. Сьмяяцца перасталі назаўтра. Стаялі на прыпынку, чухалі патыліцы. Тлумачыў ім потым, як трэба грэць ваду ў чайніку ды палівацца.

2. Аднойчы мы пайшлі ў цэнтар Менску на экскурсію. Канадцы захацелі папіць кавы, і мы рушылі ў «Цэнтральны». Там разам з кавай нам далі маленькія лыжачкі... зь дзіркай на дне. Мае канадзкія сябры доўга глядзелі на старыя алюміневыя лыжачкі. Потым запыталіся:

— Алекс, нашто гэтыя дзіркі? Пэўна вы, беларусы, вынайшлі новы спосаб заварваць і мяшаць каву?

— Не, кажу, проста дзіркі робяць дзеля таго, каб лыжачкі ня кралі.

— Красьці гэтыя старыя алюміневыя лыжачкі зь перакручанымі ручкамі? Каму яны патрэбныя? Не падманвай, Алекс, скажы праўду — які сакрэт?

— Няма ніякага сакрэту. А лыжачкі пэўна некаму патрэбныя, калі крадуць.

Яшчэ колькі разоў перапытвалі, але ўсё адно не паверылі, што ў дне старых лыжачак робяць дзіркі дзеля таго, каб іх ня скралі.

3. Хадзілі па Менску з канадзкімі сябрамі. Яны схацелі папіць соку, потым кавы, потым ізноў соку. У розных месцах розныя напоі нам налівалі ў тыя самыя гранёныя шклянкі. Канадцы, якія чыталі нам эканоміку, былі вельмі зьдзіўленыя. Яны сказалі мне:

— Алекс, вось табе прыклад удалага бізнэсу. Гэтая фірма, што вырабляе гранёныя келіхі, пэўна, мае найбольш сучаснае абсталяваньне і ў выніку правільнай маркетынгавай кампаніі змагла пасунуць з рынку іншых вытворцаў!

Ну, як ім было патлумачыць, што іншых, акрамя гранёных, у нас папросту няма!

Аляксей Дзікавіцкі


Чытайце таксама:

Каментары да артыкула