БЕЛ Ł РУС

Андрэй Хадановіч. Дачакаць!

9.01.2001 / 13:00

Nashaniva.com

№ 1 (210), 3 — 9 студзеня 2001 г.


 Андрэй Хадановіч

Дачакаць!

Чаканьне каштоўнейшае за чаканку
старых мэдалёў, старажытных манэт.
Чакаць ганарару, навінаў, каханку,
што ўночы наведае праз Інтэрнэт;

чакаць, што знаёмыя вернуць пазыкі,
і клясьціся больш не даваць напавер;
чакаць, што паўстане народ безьязыкі,
калі пасьля дожджыку будзе чацьвер;
чакаць, і пад томам “Сымона-музыкі”
у пыльнай шуфлядзе трымаць рэвальвэр.

Чакаць, калі здарыцца Раз Назаўсёды,
з надзеяю гледзячы за далягляд.
І вось дачакацца, калі не свабоды,
дык першых у новай эпосе Каляд.

У міры ды згодзе, ізь сьмехам дый годзе,
на стол пачастункі паставіць свае
і ў першага-лепшага тысячагодзьдзя
спытаць: “Трэцім будзеш?” 
А раптам ня п’е?!

Усе атрымалі сьвяточныя грошы,
засмажылі тлустую смачную гусь
і жджэм, што апоўначы самы харошы
з экрану прамовіць “Жыве Беларусь!”

А мы ап’янеем, губляючы розум.
Закружыцца голаў ад мрояў і кроз.
Міколка, што некалі быў Паравозам,
а сёньня ўвіхаецца, як Дзед Мароз,

ізноў распачне навагоднія жарты,
сьнягуркі апрануць свае кімано,
і сядзе дасьведчаны шулер за карты –
гуляць са стагодзьдзямі ў “дваццаць адно”…

А стрэлка праходзіць апошні адцінак.
(Два тысячагодзьдзі – на ейным баку!)
Зязюля падкінула яйка ў гадзіньнік
і хутка ўсясьветнае грымне “ку-ку”.

30 сьнежня 2000

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула