«Скрыпка дрыгвы» пад сярпом часу
Роўна два гады таму, на хвалі папулярнасьці альбому «Я нарадзіўся тут», ініцыятар супольных праектаў Алесь Суша прапанаваў зрабіць складанку на вершы Ўладзімера Караткевіча.
І, здаецца, пайшла справа: Вольскі, Памідораў, Вайцюшкевіч, Корань зрабілі свае песьні. Алесь Пушкін узяўся аздобіць альбом. Прэса на ўсе застаўкі анансавала выхад «Personal Караткевіч» з працоўнай назвай «Скрыпка дрыгвы». Але альбому дагэтуль няма. Чаму — разьбіраўся карэспандэнт «НН».
Кожны ўдзельнік праекту называе свае прычыны. Алесь Суша нявыхад «Скрыпкі» патлумачыў так: «Паслухаўшы дэма-варыянты, я зразумеў, што гэта будзе крок назад у параўнаньні зь «Я нарадзіўся тут». Аляксандар Памідораў зважае на псыхалягічную стомленасьць удзельнікаў праекту: «Вар’яцкая сямейка «Народнага альбому» была тры гады разам — сумесныя канцэрты, гастролі, альбомы… Гэта адбілася на псыхалягічным стане музыкаў». Гэтаксама лічыць Лявон Вольскі. Аляксандар Кулінковіч адной з галоўных называе прычыну тэхнічную: «Мы ўсе пісаліся на студыі БТ, дзе трэба граць ужывую. А «Нэйра Дзюбель» прызвычаіўся рабіць запіс на аналягавай студыі, у якой можна было пісацца кавалкамі, нешта мяняць месцамі і г.д.». На тэхнічныя праблемы наракаюць і Памідораў, і гукарэжысэр запісу Сяргей Лабандзіеўскі.
Поўны варыянт артыкулу глядзіце ў газэце "Нашa Ніва".
Сяргей Будкін