Кожны чацьверты кандыдат
дабіўся рэгістрацыі праз Цэнтравыбаркам, але страціў каштоўны агітацыйны тыдзень
163 скаргі на нерэгістрацыю разгледзеў Цэнтравыбаркам. 41 прэтэндэнт дабіўся аднаўленьня справядлівасьці.
У сталіцы з 40 скаргаў задаволеныя 11. Да ранейшых 60 кандыдатаў, якія балятуюцца ў 18 менскіх акругах, дадаліся яшчэ 11, сярод якіх вядомыя палітыкі.
Адноўлены ў правах лідэр «Рэспублікі» генэрал Валеры Фралоў (Масюкоўшчынская акруга №104). Тут жа зарэгістраваны кандыдатам старшыня Рэспубліканскай партыі Ўладзімер Белазор, якому акруговая камісія напачатку адмовіла ў рэгістрацыі, абвінаваціўшы ў недакладных зьвестках пра месца працы (У.Белазор працуе ў сакратарыяце палаты прадстаўнікоў) ды ва ўтойваньні 341 тыс. рублёў.
Генэрал Мечыслаў Грыб у Кастрычніцкай акрузе №99 складзе канкурэнцыю сакратару ўправы Партыі БНФ Аляксею Кавальцу ды амбіцыйнаму лідэру ЛДП Сяргею Гайдукевічу.
Супернікам старшыні Народнай грамады Міколы Статкевіча ў Каліноўскай акрузе №108 зарэгістраваны Юры Хадыка, намесьнік старшыні Партыі БНФ.
Жыхары Чыжоўкі змогуць рабіць выбар паміж сустаршынём прафсаюзу РЭПАМ Генадзем Фядынічам, Аляксеем Янукевічам з Партыі БНФ ды Сьвятланай Каралёвай з АГП.
Сярод кандыдацкага папаўненьня ад Берасьцейшчыны — дэпутат Белаазерскага гарсавету Юры Губарэвіч (Бярозаўская акруга №8). На Гомельшчыне зьнятыя прыдзіркі з дэпутатаў Вярхоўнага Савету XIII скліканьня Марата Афанасьева ды Віктара Хоміча.
ГХ