Вуліца, поўная нечаканасьцяў
Паводле сацыялягічных зьвестак, найбольшая колькасьць тэлегледачоў ва Ўкраіне — 78 працэнтаў — у навагоднюю ноч глядзелі жывую трансьляцыю з Майдану Незалежнасьці, дзе Юшчанка й Цімашэнка віншавалі ўкраінскі народ зь перамогай на прэзыдэнцкіх выбарах. Каля васьмі працэнтаў глядзелі выступ спаборніка Юшчанкі Януковіча і менш як 3 працэнты глядзелі на адным з афіцыйных каналаў навагодняе віншаваньне дзейнага на той момант прэзыдэнта Кучмы. На жаль, падобнае дасьледаваньне не праводзілася ў Беларусі. Але, паводле маіх асабістых назіраньняў, многія з тых, у каго ідзе «Эўраньюс» (а такіх ня так і мала, прынамсі, у сталіцы) сустракалі Новы год пад віншаваньні з Майдану.
Колькі людзей глядзелі ў жывым этэры інаўгурацыю новага ўкраінскага прэзыдэнта, дакладна невядома (на момант, калі пішуцца гэтыя радкі). Але не даводзіцца сумнявацца, што назірала за гэтым відовішчам ня толькі ва Ўкраіне, але й на ўсёй эўрапейскай тэрыторыі былога СССР ня менш, а можа, і больш людзей, чым за інаўгурацыяй Джорджа Буша ў мінулы чацьвер. Тут трэба адразу агаварыцца, што ўсялякага роду афіцыйныя мерапрыемствы, накшталт інаўгурацый, парадаў, прыёмаў, самітаў і г.д., як гэта ні падасца камусьці дзіўным, зусім не належаць да рэйтынгавых тэлеперадач. Тое, што ўражвае непасрэднага гледача, скажам, на парадзе вайскова-паветраных сіл, зусім мала ўзьдзейнічае на яго з экрана тэлевізара.
Зразумела, Сі-Эн-Эн не магла ня весьці жывой трансьляцыі з Вашынгтону, дзе Буш-малодшы другі (і заўважым — апошні) раз у жыцьці прымаў прысягу ў якасьці прэзыдэнта ЗША. (Некалі расейскі паэт Дзьмітры Прыгаў цудоўна сфармуляваў у вершы стаўленьне савецкага, дый постсавецкага, чалавека да найвышэйшае асобы амэрыканскае адміністрацыі: «Подумаешь — ну, президент, ну Соединенных Штатов. А всё-таки — ведь президент. Соединенных Штатов!») Хаця ўражвала ня столькі пышнасьць цырымоніі й колькасьць высокапастаўленых і — тут сапраўды найлепш падыходзіць гэтае слова — самых уплывовых у сьвеце асоб у адным месцы, колькі вонкавая сьціпласьць, зь якой гэтыя асобы ды іх жонкі былі апрануты. Паколькі цырымонія праходзіла пад адкрытым небам, а надвор’е ў Вашынгтоне было ў той дзень ня лепшае, як у Менску, вышэйшыя чыноўнікі Злучаных Штатаў Амэрыкі былі апрануты ў асноўным у курткі й паліто. Запомніўся выразны тэлепартрэт міністра абароны Доналда Рамсфэлда, які ў сваім чорным палітоне з узьнятым каўняром, амаль што каўбойскім, але больш строгім капелюшы ды акулярах нагадваў нейкага рамантычнага героя сэрыялу накшталт «Сакрэтных матэрыялаў».
Зразумела, вопратка на ўсіх была самая модная, але ж і ўсялякія ювэлірныя ўпрыгожаньні накшталт дыядэм, ланцужкоў і г.д. навідавоку не блішчэлі. Гэтаму будзе свае месца й час. Але ў момант прысягі ўсё мусіла выглядаць — і выглядала — строга, як належыць краіне, якая знаходзіцца ў стане вайны.
Поўны варыянт чытайце ў папяровай і pdf-вэрсіі газэты "Наша Ніва"