БЕЛ Ł РУС

З усёй краіны

13.05.2005 / 13:00

Nashaniva.com

У Віцебску будзе музэй Яна Паўла ІІ

Гэтая ідэя ўзьнікла ў дні пахаваньня былога папы, тым болей што Польскі дом у Віцебску — гэта адзіная ў Беларусі ўстанова, якая носіць імя Яна Паўла ІІ.

Першыя экспанаты будучага музэю — кнігі і аўдыёзапісы — наведнікі Польскага дому маглі ўбачыць 2 траўня, калі паводле каталіцкае традыцыі яны сабраліся на трыццаты дзень па сьмерці Яна Паўла ІІ. На жаль, у Віцебск на запрашэньне ня змог прыехаць Рыгор Барадулін, перакладчык зборніка вершаў пантыфіка на беларускую мову. Але творы Яна Паўла ІІ усё адно прагучалі — у выкананьні барда Алеся Камоцкага, які паклаў іх на музыку, і моладзі з каталіцкіх парафій Віцебску ды Шуміліна.

Ушанаваць памяць Яна Паўла ІІ у Польскім доме сабраліся разам каталікі, грэка-каталікі, студэнты тэалягічнага факультэту Віцебскага ўнівэрсытэту, мясцовыя літаратары і мастакі. Кожны дзяліўся ўражаньнямі ад сустрэч зь Янам Паўлам ІІ у часе пілігрымак, шмат хто выказваў шкадаваньне, што былы папа так і не наведаў Беларусі, дзе яго дужа чакалі.

«Мова — гэта таксама дар Божы», — адзначыў у сваім выступе пісьменьнік Франц Сіўко. Дарэчы, у Польскім доме ў часе памінальнае імпрэзы амаль усе выступоўцы гаварылі па-беларуску. «Мы будзем зьбіраць матэрыялы, каб стварыць тут музэй, — сказала кіраўніца Польскага дому Аліцыя Галустава. — Але найперш хацелася б, каб гэта быў не афіцыёзны мэмарыяльны музэй Яна Паўла ІІ, а ўтульны дом для нас усіх дзеля ягонае памяці».

АТ, Віцебск

У небе сінім наш родны сьцяг

8 траўня ў Горадні вырашылі адзначыць адразу два сьвяты: Дзень перамогі і Дзень дзяржаўнага сьцяга і герба.

Людзей на плошчы Леніна сабралося шмат. У працоўных калектывах і ўстановах удзельнікаў мітынгу па старой завядзёнцы вызначалі «добраахвотна» з абавязковай гарантыяй чалавека быць на плошчы.

Уздымалі сьцяг лепшыя паводле спаборніцтва прадпрыемстваў і ўстановаў, вэтэран вайны, маладзён з БРСМ. Старшыня гарвыканкаму распавёў пра герб з жыцьцядайнымі каласкамі жыта, пра эканамічныя здабыткі гораду ў першым квартале, а ўдзельніца вайны выказала спадзяваньне, што моладзь будзе такой жа, як яны, пераможцы 1945-га. Адбыўся прыём ў піянерскую арганізацыю. Гальштукі павязалі вядомыя людзі гораду на чале з намесьніцай старшыні аблвыканкаму Марыяй Біруковай.

Сьвяточны настрой арганізатарам мітынгу папсавалі каляровыя балёнікі і прымацаваны да іх бел-чырвона-белы штандар. Прысутныя павярнуліся сьпінай да прэзыдыюму і ўзьнялі галовы. Выступоўца, ня бачачы нацыянальнага штандара, працягваў тлумачыць важнасьць чырвонага і зялёнага колераў, закончыўшы амаль што паэтычна: «Лунай у небе сінім, наш родны сьцяг...»

Вось гэта і засталося ў памяці мітынгоўцаў — нацыянальны сьцяг у блакітным небе.

Міліцыянты кінуліся ў сквэр імя Жылібера, адкуль узьвіліся балёнікі. Кажуць, аргвысновы не прымусяць доўга чакаць. Нехта ж не дагледзеў.

Антон Лабовіч, Горадня

На трактары па справядлівасьць

Чыноўнікі івацэвіцкага Дому саветаў абляпілі ўсе вокны, каб паглядзець на незвычайную карціну. За некалькі мэтраў ад уваходу ў галоўны будынак раёну побач з помнікам У.Леніну ляскацеў трактар «Беларус» з прымацаванымі да кабіны чырвоным сярпаста-малаткастым сьцягам і транспарантам, напісаным ад рукі: «Патрабую рэгістрацыі МТЗ».

На такі крок жыхара вёскі Быцень Міхаіла Голуба паштурхнулі адчай і бясьсільле. У 2002 г. ён купіў у сельгаскаапэратыве «Пагор’е» трактар, заплаціўшы за яго каля двух мільёнаў рублёў, аднак тэхпашпарту не атрымаў. Неаднаразовыя звароты да кіраўніцтва гаспадаркі не далі ніякага плёну. А міліцыя тым часам штрафавала за тое, што ён эксплюатуе сталёвага каня, ня маючы на яго ніякіх дакумэнтаў.

На сустрэчу з бунтаром выйшлі в.а. старшыні райвыканкаму Анатоль Ткачук і яго намесьнік Аляксандар Сарока. Яны ўгаварылі трактарыста адагнаць машыну на аўтастаянку і зайсьці да іх у кабінэт. Пасьля выклікалі да сябе кіраўнікоў «Пагор’я».

Інцыдэнт скончыўся тым, што Міхаіл Голуб на працягу наступных трох дзён атрымаў тэхпашпарт на трактар, што дазволіла раённай інспэкцыі дзяржнагляду зарэгістраваць «МТЗ-80» на новага гаспадара. Яму засталося давесьці трактар да ладу, каб прайсьці тэхагляд, атрымаць нумары на машыну — і працуй, уладальнік, спакойна.

Аляксандар Лаўранюк, Івацэвічы

Каб не касілі

Кастрычніцкі суд гораду Віцебск асудзіў на два гады пазбаўленьня волі прызыўніка, які доўгі час ухіляўся ад праходжаньня вайсковай службы.

Лунінец з Кубкам

Клюб з Лунінцу «Юна» стаў уладальнікам Кубку Беларусі па матаболе, прысьвечаным 60-м угодкам Перамогі. У фінале палешукі выйгралі ў «Азота» (Горадня) — 3:0. Трэцяе месца заняў чэмпіён Беларусі — пінскі «Аўтамабіліст». Наступны старт беларускіх мотабалістаў — пры канцы месяца. З 25 па 29 траўня ў Нямеччыне пройдзе чэмпіянат Эўропы. Зборная Беларусі паедзе туды фаварытам, яны — дзейны чэмпіён кантынэнту.

АГ; БелТА

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула