«Родители предложили Хотимск». Белорусы рассказали, сколько стоили их свадьбы и на чем они сэкономили
Кому-то на свадьбу мечты хватает пары тысяч рублей, другим нужно несколько тысяч долларов. «Наша Ніва» поговорила с людьми, у которых был разный бюджет на это торжество, и узнала, за что пары выложили самую большую сумму и совпало ли их представление об этом дне.
«У нас было 85 гасцей, 80 чалавек — мае сваякі, 5 — мужа»
Марына і Рыгор (імёны зменены) ажаніліся год таму. Ёй — 22 гады, яму — 34.
Пазнаёміліся Марына і Рыгор тры гады таму — калі дзяўчына прыйшла ўладкоўвацца на новае месца працы на пасаду, якую раней займаў мужчына.
На вяселле маладыя патрацілі калі 7 тысяч даляраў.
«З-за таго, што вяселле было ў будны дзень, зніжка на арэнду сядзібы — 50 адсоткаў. Яна нам абышлася ў 500 даляраў на суткі.
Кейтэрынг, ежа — 1700 даляраў, шведскі стол. Пры гэтым гародніну, садавіну мы закуплялі асобна. Я кандытар, таму салодкае на вяселле рабіла сама. Вясельны торт зрабіў мой сябар, таму тут мы мінімальна патраціліся.
Алкаголю ў нас не было. У нас у сям'я ніхто не п'е, таму так вырашылі.
Было 85 гасцей, 80 чалавек — мае сваякі, 5 — мужа», — кажа дзяўчына.
Вясельную сукенку шылі на замову — 650 даляраў. Касцюм жаніха — 400 даляраў.
«Пярсцёнкі таксама 400, а макіяж, прычоску рабіла мая сястра-візажыстка, таму цана была 40 даляраў.
На вяселлі былі 6 сведак і 6 сведкаў. Дзяўчаты былі ў аднолькавых сукенках, іх шылі мы. На іх патрацілі каля 250 даляраў. Яшчэ за дзень да вяселля здымалі дом, дзе ў нас была фотасесія, мы ў ім пасля начавалі. На гэта таксама каля 200 даляраў патрацілі.
Была фотабудка, за тры гадзіны — 135 даляраў. Вясельны букет — 200, у ім было шмат кветак, а сам дэкор у сядзібе рабілі бацькі, на матэрыялы толькі патраціліся.
Выязная рэгістрацыя — 100 даляраў. Арэнда сталоў і крэслаў — 200. Паслугі фатографа — 300 даляраў, — падлічвае дзяўчына. —
Арганізатар была пачаткоўцам, таму рабіла ўсё бясплатна. Але мы ёй потым зрабілі невялікі грашовы падарунак».
Першапачаткова маладыя думалі ўкласціся ў 4000 даляраў. Але не атрымалася.
«Сэканомілі мы на відэографе, яны бралі завоблачныя грошы, — кажа яна. — Нашы сябры здымалі нас на тэлефон проста.
Даражэй за ўсё абышлася ежа. У нас госці былі розныя: хтосьці еў мяса, хтосьці вегетарыянец, а некаторыя ўвогуле веганы. Таму меню замаўлялі разнастайнае».
У мядовы месяц пара паляцела ў Дубай на тыдзень. Падарожжа каштавала 3,5 тысячы даляраў.
«Грошы падарылі на вяселле, на іх і паехалі.
На вяселле мы імкнуліся зарабіць самі, каб бацькі нам не дапамагалі. Яны толькі заняліся дэкорам, бо знайсці такі, які я хацела, мы нідзе не маглі. Мама шыла абрусы, сурвэткі.
Атрымліваецца, што сабралі патрэбную суму за паўгода. Я адкладала палову свайго заробку, муж нават больш за палову.
У цэлым вяселле было такім, якім я ўяўляла ў дзяцінстве, падлеткавым узросце. Бачыла сябе з вянком з жывых кветак, у пышнай сукенцы, на вуліцы», — падсумоўвае Марына.
«Даражэй за ўсё абышоўся сам банкет і алкаголь, прыкладна 2600 даляраў»
Надзея і Віталь (імёны зменены) ажаніліся летам гэтага года. Ім абаім па 25 гадоў.
На вяселле пара патраціла 6000 даляраў.
«Першапачаткова мы планавалі маленькае вяселле. Але сястра мужа гэту ідэю забрала сабе. І ўсе сваякі сталі казаць, што абавязкова нехта адзін павінен зрабіць маштабны банкет.
Першапачаткова планавалі замовіць якія-небудзь пярсцёнкі з латуні з «Аліэкспрэса», доўга не хацелі купляць. У выніку мой тата даў нам пярсцёнкі, якія яны з мамай калісьці набывалі, але не насілі. Тут мы сэканомілі.
Дарэчы, прапанову рабіла мужу я. Падумала, што неяк ужо мае сваякі састарэлі, спалохалася, што яны не дажывуць да гэтага дня. Таму сказала, што трэба ажаніцца, а муж супраць не быў», — расказвае нявеста.
Прычоска і макіяж — 80 даляраў. Сукенка каштавала 350, касцюм — 200, букет нявесты — 45.
«Вырашыла сукенку купляць, таму што розніца паміж арэндай і пакупкай была ў 50 даляраў. Падумалі, што я магу выпадкова яе выпацкаць. І прасцей будзе потым прадаць, адбіць нейкія грошы.
Шукалі вось толькі вельмі доўга. Са сведкай ездзілі ў Ждановічы, нічога не падышло. Потым сталі глядзець у салонах: там або сукенка каштуе ад 500 даляраў, або тканіна такая жахлівая, што нават за танна браць не хочацца», — кажа дзяўчына.
На дыджэя, тамаду і фатаграфа ў суме пара аддала 1000 даляраў. Само мерапрыемства зрабілі ў рэстаране, які быў за горадам.
«Эканоміць на апошнім не хацелі, усё ж хочацца потым пераглядаць фатаздымкі, а не пакласці іх куды падалей, — тлумачыць Надзея. —
Даражэй за ўсё абышоўся сам банкет і алкаголь, прыкладна 2600 даляраў. Але тут дапамаглі бацькі мужа, яны аплацілі частку стала і закупілі алкаголь. Торт і кексы куплялі асобна, за іх прыкладна 130 даляраў.
Упрыгожванне залы — у раёне 400. Кветкі мы выбралі штучныя, не хацелі, каб дзеля аднаго дня зразалі столькі жывых раслін.
Яшчэ мы знялі два нумары для гасцей, якія паехаць дадому адразу не маглі. Не памятаю, колькі за іх заплацілі. Сэканомілі на арганізатары атрымліваецца, яго не было».
Таксама першапачаткова Надзея і Віталь планавалі «мядовы месяц». Яны хацелі паехаць на тыдзень у Санкт-Пецярбург.
«Але пачалася вайна, ехаць ужо ея хочацца.
У цэлым загадзя на вяселле мы адклалі 3000 даляраў, потым ужо проста трацілі частку заробку.
Раней ўяўляла, што ў мяне на вяселлі будзе шмат прыгожага дэкору і мінімум людзей. Але я неяк абзавялася прыемнымі знаёмствамі, глядзіш на ўсіх людзей і разумееш, што іх усіх хочаш бачыць на сваім вяселлі», — дзеліцца Надзея.
«На ежу — 300 рублёў, мы замовілі піцу і купілі салодкае»
Настасся і Раман (імёны зменены) ажаніліся вясной гэтага года. І мужу, і жонцы — па 20 год, пазнаёміліся яны, яшчэ калі вучыліся ў ліцэі.
Вяселле ў пары было бюджэтнае. Яны патрацілі менш за 2000 рублёў.
«Планавалі вяселле ўлетку, але з-за пачатку вайны вырашылі распісацца раней на выпадак, калі нам трэба будзе з'ехаць з Беларусі, — расказвае дзяўчына. — Мы ўдваіх студэнты, то дазволіць сабе нешта маштабнае не маглі.
У мяне была белая сукенка, каштавала яна каля 100 рублёў. У мужа гарнітур застаўся яшчэ з выпускнога, купляць не трэба было.
У 100 рублёў абышлася рэгістрацыя. Святкавалі дома, на ежу — 300 рублёў, мы замовілі піцу і купілі салодкае. Яшчэ пашанцавала, што там было дзве па цане адной.
Быў стол асобны для бацькоў, але яны самі набывалі на яго прадукты. Спіртное абышлося таксама прыкладна ў 300 рублёў.
Плацілі гасцям за таксі, гэта яшчэ каля 200 рублёў, фатограф —150, ён працаваў каля гадзіны ў ЗАГСе».
Прапанову Раман зрабіў Настассі ў мінулым годзе.
«Мы тады паспелі перавесці беларускія рублі ў даляры (атрымалася 600 па курсе), а праз некалькі дзён даляр падскочыў. Дакладную суму не памятаю, але гэта было лепшае ўкладанне.
Тамады не было, выязной рэгістрацыі таксама. Мы вырашылі, што калі-небудзь, гадоў праз пяць, адсвяткуем гадавіну вяселля, паклічам усіх. Першапачаткова яшчэ думалі зняць на вяселле катэдж, туды паехаць з усімі гасцямі, але паколькі мы студэнты, то ў выніку было вельмі бюджэтна.
Спачатку дома мы былі з бацькамі (14 чалавек), а потым увечары запрасілі сяброў (іх разам з намі, але ўжо без бацькоў, было 18 чалавек)», — кажа яна.
Посуд і зэдлікі маладыя ўзялі ў бацькоў. Заняць гасцей падчас вяселля праблемай не было.
«Сярод маіх сяброў шмат музыкаў, спявалі песні. З традыцыйных вясельных мерапрыемстваў — кідалі букет нявесты.
Мядовага месяца ў нас не было. На грошы, якія нам падарылі, мы ляцім у вясельнае падарожжа ў Грузію ў жніўні на два тыдні. Таксама бюджэтна — да сяброў, якія там здымаюць кватэру. Спачатку будзем у Тбілісі, а потым у гатэлі 5 дзён у Батумі (гэта каштавала 200 даляраў). Білеты абышліся туды-назад у 3000 рублёў», — расказвае дзяўчына.
Увогуле Настасся не думала, што так рана выйдзе замуж, і яна ніколі не марыла пра раскошнае вяселле.
«Для мяне такі бюджэтны варыянт вяселля быў максімальна камфортны, бо я чалавек, які не любіць выстаўляць сябе напаказ», — кажа яна.
«Бацькі прапанавалі зрабіць вяселле ў Хоцімску, каб было танней»
Мікіта і Лізавета ажаніліся летам гэтага года. Ім 27 і 22 гады. Пазнаёміліся маладыя людзі яшчэ ў 2013 годзе ў сацсетках.
На вяселле пара патраціла 6500 даляраў.
«Планавалі 6000, але не атрымалася. Галоўнай мэтай было ўкласціся ў адведзеную арганізатарам суму на кожны артыкул выдаткаў.
Калі на вяселлі больш за 35 чалавек, то аплачваць арэнду сядзібы не трэба, а толькі зрабіць мінімальную замову на 45 даляраў на кожнага чалавека — заплацілі мы 1575 даляраў. Гэтай сумы дастаткова, каб смачна паесці. Сумарная колькасць страў — 22 штукі, па вазе — 1300 грамаў на чалавека. З таго, што мы куплялі асобна — торт, садавіна, алкаголь, напоі», — расказвае Лізавета.
Маладыя знялі сядзібу разам з домам, у якім планавалі размясціць гасцей. Кошт аднаго месца — 20 даляраў.
«У выніку 14 чалавек былі там, а астатнія ў нас у кватэры. Атрымліваецца, што заплацілі 280.
Мусіць, сэканомілі на сукенцы. Яна была набыта на акцыі, таму вельмі добра ўклаліся ў адведзеную суму, на яе — 300 даляраў. Фата — 50, падшыў сукенкі — 30, туфлі — 25. Касцюм мужу — 250 даляраў, туфлі — 50.
Пярсцёнкі мы куплялі ў калядныя святы, на зніжках яны абышліся ў 260 даляраў. Звычайныя, класічныя. Іх мы ў агульны рахунак вяселля не лічылі.
Пробны макіяж і прычоска абышліся па 25 даляраў. На вяселле — 50 і 35 даляраў», — кажа яна.
За фатографа пара аддала 675 даляраў (гэта разам з love story), вядучага — 730, дэкарацыі — 935, арганізатара — 300.
«Вяселле мы аплочвалі самі. Вырашылі, што хочам вялікую цырымонію і пачалі збіраць грошы. Бацькі першапачаткова былі супраць праводзіць усё мерапрыемства ў Мінску. Яны прапанавалі зрабіць у нашым родным горадзе Хоцімску, таму што гэта танней.
Патрэбную суму назапасілі за паўгода. Спачатку адкладалі па 1500 рублёў у месяц. Апошнія некалькі месяцаў больш, сабралі за іх 7000 рублёў. Убачылі, што нам трэба папрацаваць або мы не паспеем.
У цэлым вяселле атрымалася такое, якое мы хацелі. На прыродзе, камфортна і проста. З нюансаў — лівень і град», — расказвае Лізавета.
Комментарии