Пасля абнародавання ў эфіры ток-шоу АНТ «Адкрыты фармат» 6 мая інфармацыі пра Вольгу Сукора, якая ўжо каля сямі месяцаў знаходзіцца ў стане комы пасля пластычнай аперацыі, жанчыну дазволілі пакінуць у бальніцы, хоць раней з сям`ёй медыкі абмяркоўвалі пытанне аб выпісцы. Аб гэтым паведаміла стрыечная сястра жанчыны Вольга Сізова.

33-гадовая жыхарка Мінска знаходзіцца ў Мінскай абласной клінічнай бальніцы. Пластычная аперацыя была праведзена 10 кастрычніка 2012 года ў Мінскай абласной дзіцячай клінічнай бальніцы.

«Калі мы ехалі з запісу праграмы, нам паведамілі, што яна застаецца ў бальніцы. Безумоўна, маці Вольгі там прасцей даглядаць яе: медперсанал можа ў выпадку неабходнасці дапамагчы», — сказала Сізова.

Зазначым, што начальнік галоўнага ўпраўлення арганізацыі медыцынскай дапамогі Міністэрства аховы здароўя Іван Рыжко растлумачыў падчас ток-шоу, што выпіска звязана з тым, што пацыентка не мае патрэбы ў медыцынскай дапамозе, ёй патрэбны толькі догляд. Цэнтраў комы, дзе ў некаторых краінах назіраюцца такія пацыенты, як Вольга Сукора, у Беларусі няма.

Сізова сказала, што Вольга адважылася на пластычную аперацыю, каб выправіць прыкус. Урачы казалі, што аперацыя паказана, а з часам праблема будзе ўзмацняцца. У жанчыны таксама было жаданне выглядаць лепш. «Яна зрабіла аперацыю не раптам, а гадамі выношвала сваё рашэнне, выбірала час. Старанна рыхтавалася: праходзіла розныя абследаванні, здавала аналізы. Алергіі ў яе не было», — сказала стрыечная сястра. Паводле яе слоў, пра тое, як праходзіла аперацыя, сваякі фактычна нічога не ведаюць дагэтуль. «Ёсць выпіска з бальніцы, але ў ёй аб прычыне стану Вольгі канкрэтна не сказана. Як зараз ні цяжка, мы верым, што яна апрытомнее. Мы не хочам верыць у горшае. Мы спадзяёмся, што ёй могуць прызначыць нейкае лячэнне, але пакуль яе толькі даглядаюць», — сказала Сізова.

Галоўны ўрач Мінскай абласной клінічнай бальніцы, дзе зараз знаходзіцца Сукора, Юрый Будзько паведаміў, што пераводзіць яе ў іншую клініку ці выпісваць дадому не плануюць. «Тэрміны знаходжання пацыентаў у коме ў медыцынскіх установах не рэгламентуюцца ніякімі нарматыўнымі актамі.
Гэта пытанне вырашаецца кансіліумам урачоў з улікам волевыяўлення сваякоў», — сказаў ён. Разам з тым галоўны ўрач зазначыў, што Вольга Сукора дыхае самастойна, часткова ў яе захаваны глытальны рэфлекс.
Гаворачы аб прагнозе для пацыенткі, доктар зазначыў: «Усё бывае. Медыцына — гэта не матэматыка. У нас два плюс два не заўсёды чатыры. Надзея для людзей гэта таксама важна.
На сёння ў яе з`яўляюцца рухальныя рэфлексы, яна рэагуе на гук. Ёсць прагрэс». Гаворачы аб прычыне ўскладненняў пасля аперацыйнага ўмяшання, Будзько паведаміў, што, згодна з міжнароднай статыстыкай, адзін выпадак комы прыпадае на 5 тысяч наркозаў незалежна ад таго, якая аперацыя праводзіцца. Пры гэтым ён падкрэсліў, што ў абласной бальніцы ў год праходзяць каля 15 тысяч аперацый, «выпадкаў комы не было».
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?