Віктар Піліпец у часы мэрства.

Віктар Піліпец у часы мэрства.

Следчым камітэтам Беларусі завершана папярэдняе следства па крымінальнай справе, распачатай у дачыненні да службовых асоб Гомельскага гарвыканкама.

Як паведамілі ў СК, канчатковыя абвінавачанні ва ўчыненні злачынстваў прад’яўленыя былому старшыні Гомельскага гарадскога выканаўчага камітэта [Віктару Піліпцу — -НН], а таксама шэрагу службовых асоб унітарнага камунальнага прадпрыемства «УКБ Гомельскага гарвыканкама»: дырэктару, яго намесніку па эканоміцы і фінансах, начальніку жыллёва-інвестыцыйнага аддзела, былому начальніку планава-дагаворнага аддзела.

Падчас следства ўстаноўлена, што абвінавачваныя, знаходзячыся на названых пасадах, у верасні-кастрычніку 2011 года незаконна размеркавалі паміж сабой, сваімі сваякамі, блізкімі і знаёмымі кватэры ў шматкватэрных жылых дамах, прынятых у эксплуатацыю ў студзені-красавіку таго года.
Частка жылых памяшканняў была аформленая на падстаўных асоб.

Як вынікае з матэрыялаў крымінальнай справы, кошт набытых абвінавачванымі кватэр быў значна ніжэйшы за рыначны, бо разлічваўся саўдзельнікамі злачынстваў зыходзячы з цэн, якія дзейнічалі на момант уводу дома ў эксплуатацыю, а не на момант заключэння дагавора.

Кватэры, якія з’явіліся прадметам злачынства, прызначаліся для грамадзян, чые дамы трапілі пад знос у сувязі з адабраннем зямельных участкаў.

Дзеянні абвінавачваных кваліфікаваныя па ч. 2 і ч. 3 арт. 424 КК
(злоўжыванне ўладай і службовымі паўнамоцтвамі, учыненае службовымі асобамі, якія ў тым ліку займаюць адказнае становішча, з карыснай і іншай асабістай зацікаўленасці, што пацягнула прычыненне істотнага ўрону правам і законным інтарэсам грамадзян, дзяржаўным і грамадскім інтарэсам).

У выніку злачынных дзеянняў бюджэт недаатрымаў звыш за 3,8 мільярда рублёў.

Падчас следства кватэры вернутыя дзяржаве.

Крымінальная справа перададзеная пракурору для прыняцця рашэння аб накіраванні ў суд.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?