Асуджаны па справе аб збіцці хлопца пасля гей-вечарыны ў Мінску выйшаў на волю паводле амністыі. Пры гэтым пацярпелы да гэтага часу ў бальніцы ў цяжкім стане. Пра гэта распавяла праваабаронца Таццяна Равяка.

Фота Дзмітрыя Брушко, Tut.by

Фота Дзмітрыя Брушко, Tut.by

Нагадаем, што мінчука Дзмітрыя Лукашэвіча прызналі вінаватым па ч. 1 арт. 339 і 155 Крымінальнага кодэкса Беларусі. У студзені 2015 яго прысудзілі да 2 гадоў і 8 месяцаў пазбаўлення волі з адбываннем тэрміна ў папраўчай калоніі. Суд пастанавіў спагнаць на карысць пацярпелага ў кошт матэрыяльнай кампенсацыі маральнай шкоды 150 млн рублёў, на карысць маці пацярпелага ў кошт пакрыцця матэрыяльнай шкоды суму больш за 63 мільёнаў.

Паводле інфармацыі Таццяны Равякі, сродкі пералічаныя. Пры гэтым пацярпелы Міхаіл Пішчэўскі ўжо больш за год у бальніцы ў цяжкім стане.

Яго збілі пасля выхаду з гей-вечарынкі ноччу 25 мая 2014 года. Відавочца здарэння сцвярджаў, што Міхаіла ўдарылі пасля слоўнага канфлікту на тэму нетрадыцыйнай сэксуальнай арыентацыі. Са свайго боку Лукашэвіч адзначаў, што зрабіў гэта ненаўмысна і адчуўшы пагрозу з боку пацярпелага.

Дактары канстатавалі ў Пішчэўскага пералом чэрапа і кровазліццё ў мозг, каля 20% галаўнога мозгу выдалілі. Родныя распавядалі, што ў маладога чалавека няма пастаяннай свядомасці, у навакольным свеце ён не арыентуецца, сілкуецца праз катэтар, не рухаецца, ёсць пролежні, бываюць прыступы і сутаргі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?