Лэдзі Гага, AP

Лэдзі Гага, AP

Амерыканская спявачка Лэдзі Гага заваявала «Залаты глобус» у намінацыі «Найлепшая актрыса міні-серыяла або фільма для ТБ» за ролю ў хорар-серыяле «Амерыканская гісторыя жахаў». Пра гэта было абвешчана ў ходзе 73-й цырымоніі ўручэння прэстыжнай кінаўзнагароды ў Лос-Анджэлесе.

Найлепшай драмай названы фільм «Выжылы». Свой трэці «Залаты глобус» як найлепшы драматычны акцёр за галоўную ролю ў «Выжылым» атрымаў Леанарда Дзі Капрыа. «Залаты глобус» за рэжысуру прысуджаны рэжысёру карціны Алехандра Іньярыту.

Статуэтка за найлепшую жаночую драматычную ролю ўручана Бры Ларсан, якая знялася ў фільме «Пакой».

Прыз у намінацыі «Найлепшая камедыя / мюзікл» атрымаў фантастычны фільм «Марсіянін» брытанскага рэжысёра Рыдлі Скота. Найлепшым камедыйным акцёрам прызнаны Мэт Дэйман, які сыграў у гэтым фільме ролю астранаўта NASA, камедыйнай актрысай — Джэніфер Лоўрэнс за ролю ў карціне «Джой».

Прыз за найлепшы сцэнар атрымаў уладальнік «Оскара» Аарон Соркін за фільм «Стыў Джобс» пра заснавальніка кампаніі Apple. Кейт Уінслет, якая знялася ў гэтай карціне, атрымала статуэтку ў намінацыі «Найлепшая актрыса другога плана».

Свой першы ў кар'еры «Залаты глобус» за фільм «Крыд: Спадчына Рокі» атрымаў Сільвестр Сталонэ, які раней тройчы намінаваўся на гэтую прэмію.

Статуэтку ў намінацыі «Найлепшая актрыса ў камедыйным серыяле» атрымала Рэйчэл Блюм за ролю ў «Чокнутай былой».

«Залаты глобус» за найлепшы анімацыйны фільм уручаны стваральнікам мультфільма «Галаваломка».

Найлепшым кампазітарам прызнаны Эніа Марыконэ за музыку да фільма Квенціна Таранціна «Мярзотная васьмёрка».

Найлепшым драматычным серыялам названы «Містар Робат» пра хакераў, камедыйным — «Моцарт у джунглях». Прыз за найлепшы міні-серыял уручаны стваральнікам «Воўчай залы».

У намінацыі «Найлепшы фільм на замежнай мове» «Залаты глобус» заваявала венгерская карціна «Сын Саўла».

***

Прэмія «Залаты глобус» уручаецца штогод з 1944 года. Яе прысуджае Асацыяцыя замежнай прэсы, у якую ўваходзяць прыкладна 90 міжнародных журналістаў, якія працуюць у Галівудзе. Гэтая ўзнагарода лічыцца другой па значнасці пасля «Оскара».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?