У сакавіку 2016 года ў Кіеве быў урачыста адкрыты помнік загінулым за Украіну беларусам. На цырымоніі прысутнічалі не толькі салдаты і добраахвотнікі, але і вайсковы аркестр з ганаровай вартай. Мемарыяльны знак быў створаны і ўсталяваны па ініцыятыве ўкраінскіх валанцёраў, якія збіралі грошы на помнік і вырашалі бюракратычныя пытанні. Якая гісторыя стварэння гэтага мемарыяла і з якімі праблемамі сутыкаюцца беларускія добраахвотнікі ва Украіне? «Наша Ніва» пагутарыла на гэтыя тэмы з ініцыятаркай стварэння помніка, валанцёркай Вольгай Гальчанка.

НН: Вольга, як прыйшла да Вас ідэя стварэння помніка беларусам, загінулым за свабоду Украіны?

ВГ: Такая ідэя ўзнікла адразу ж пасля смерці Алеся Чаркашына і Віталя Целяжэнкі. Мы ведаем пра сітуацыю ў Беларусі і разумеем, што яшчэ не хутка беларускія добраахвотнікі, якія ваююць за Украіну, будуць мець пашану на Радзіме. І калі ў Беларусі нельга ўшанаваць іх памяць, мы вырашылі гэта зрабіць у Кіеве, на вуліцы Беларускай.

НН: Вам неяк дапамагала беларуская дыяспара?

ВГ: Не, беларуская дыяспара ва Украіне не чуваць, яна абсалютна апалітычная. Ні да дыяспары, ні да беларускай амбасады ў Кіеве мы не звярталіся па дапамогу.

НН: Я так разумею, вы не верыце ў тое, што прадстаўнікі беларускай улады могуць наведаць гэты помнік падчас афіцыйных візітаў у Кіеў?

ВГ: Не веру. Шчыра кажучы, мы маглі б пралабіраваць гэтае пытанне праз Міністэрства замежных спраў Украіны, каб уключыць наведванне гэтага мемарыяла беларускімі чыноўнікамі ў межы якой-небудзь афіцыйнай праграмы. Але гэта не мае ніякага сэнсу.

НН: На помніку размешчана «Пагоня», а не афіцыйны дзяржаўны герб Беларусі…

ВГ: Безумоўна.

Мы ведаем, за якую Беларусь змагаліся хлопцы і пад якой сімволікай. Бел-чырвона-белы сцяг быў для іх святым, як і «Пагоня». Калі б мы зрабілі помнік з чырвона-зялёнымі палоскамі і цяперашнім афіцыйным гербам Беларусі, гэта быў бы здзек з памяці хлопцаў.

Хаця, шчыра кажучы, украінскія ўлады, з якімі мы ўзгаднялі помнік, абсалютна не арыентуюцца ў вашых беларускіх рэаліях і ў тым, хто якую сімволіку выкарыстоўвае. Таму ніякіх праблем на гэты конт у працэсе ўзгаднення праекта не было.

Сродкі сабраць для такой справы было не складана. А вось знакамітая ўкраінская бюракратыя забрала шмат часу. На збор грошай, распрацоўку помніка і ўзгадненне з мясцовымі ўладамі спатрэбілася паўгода.

НН: А што з прававым статусам беларускіх грамадзян, якія ваююць на баку Украіны? Ёсць нейкі прагрэс у вырашэнні гэтага пытання?

ВГ: Пакуль што прагрэсу няма. Цяжка казаць пра нейкі прававы статус іншаземцаў, калі нават добраахвотнікі з ліку грамадзян Украіны не могуць атрымаць ніякага статусу. Тут можна зразумець дзяржаву як інстытут.

Любая дзяржава, у тым ліку Украіна, імкнецца захаваць манаполію на гвалт. А добраахвотнікі — гэта добра арганізаваныя людзі, якія ўмеюць карыстацца зброяй і могуць уяўляць пэўную пагрозу для любой улады, асабліва калі ў дзяржаве не працуюць дэмакратычныя інстытуты.

І дзяржава ставіцца да добраахвотнікаў з пэўнай асцярогай. Тым больш украінскія чыноўнікі не хочуць браць на сябе адказнасць за вырашэнне гэтага пытання.

Я мяркую, што на 60% гэта пытанне бюракратыі. Ну і на 40% гэта злы намер і нежаданне бачыць іншаземных добраахвотнікаў ва Украіне. Але ў нас ёсць пэўныя рычагі ўплыву, і я думаю, што мы вырашым гэтае пытанне на карысць іншаземных добраахвотнікаў. У першую чаргу, гэта пытанне вельмі балючае для нашых беларускіх і расейскіх баявых таварышаў. Калі, напрыклад, грузін можа без праблем паехаць да сябе на Радзіму, пабачыць блізкіх і прыехаць зноў ва Украіну, то беларус сабе такога дазволіць не можа, таму што яму можа пагражаць артыкул за найміцтва.

Я думаю, што вырашэнне гэтага пытання будзе на карысць усім. Украіна атрымае добрасумленных адданых грамадзян, а беларуская дзяржава здыме з сябе ўсялякую адказнасць і зможа шчыльна займацца беларусамі, якія ваююць на баку так званых ДНР/ЛНР.

НН: У якім стане знаходзіцца цяпер валанцёрскі рух ва Украіне? Як ставіцца да валанцёраў дзяржава?

ВГ: Самае галоўнае, што дзяржава нам асабліва не замінае. Зусім не абавязкова ствараць нейкую арганізацыю, браць нейкія дазволы і гэтак далей. Проста ствараем абвесткі, збіраем грошы, набываем тавары і едзем на фронт. Тут ніякай бюракратыі.

Дарэчы, валанцёры рэгулярна набываюць салдатам оптыку. І набываюць часцей за ўсё менавіта беларускую, бо яна найлепшая.

У любым выпадку, мы вельмі ўдзячныя за падтрымку з боку беларусаў. Людзі ахвяруюць часам, сродкамі і нават сваім жыццём. І гэта неацэнна.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?