«Здарылася тое, што і мела рана ці позна адбыцца: у праўладных экспертных колах рэспублікі адбыўся раскол у дачыненні да Расеі і Рускага свету, — піша на расійскім чарнасоценскім сайце Рэгнум Юрый Баранчык. — Вядоўца тэлепраграмы «Справа прынцыпу» і адначасова дэкан факультэта філасофіі і сацыяльных навук Белдзяржуніверсітэта Вадзім Гігін жорстка і бескампрамісна разабраўся з адным з такіх жа, як і ён, праўладных палітолагаў, старшынёй назіральнай рады Цэнтра стратэгічных і замежнапалітычных даследаванняў Юрыем Царыкам, які ў святле прэзідэнцкіх выбараў у ЗША заняў адкрыта праклінтанаўскую пазіцыю», — піша Рэгнум.

Баранчык прыводзіць цытаты з даклада Цэнтра, дзе супрацоўнічае Царык, называючы яго антырасійскім.

Баранчык таксама процістаўляе пазіцыі Генадзя Давыдзькі і Паўла Якубовіча ў «Клубе рэдактараў». Ён хваліць шэфа Белдзяржтэлерадыёкампаніі і называе пазіцыю кіраўніка прэзідэнцкай газеты «сатанінскай»: «І тут, як мы бачым, сышліся хрысціянскі, прабеларускі погляд на геапалітычны вектар развіцця рэспублікі і чарносоценска-сатанінскі, праклінтанаўскі».

«Словы галоўнага рэдактара газеты адміністрацыі прэзідэнта, — піша Баранчык, — успрымаюцца беларускімі радыкальнымі нацыяналістамі, якія падтрымліваюць сваіх неанацысцкіх і неабандэраўскіх братоў ва Украіне, як заклік да далейшых дзеянняў па запалохванні тых грамадскіх сілаў рэспублікі, які выступаюць за развіццё Саюза з Расіяй і Еўразійскага эканамічнага саюза» [расстаноўка вялікіх літар тут, вышэй і ніжэй — як у арыгінале — НН].

Нарэшце, Рэгнум хваліць філосафа Аляксея Дзерманта і ганіць палітолагаў Аляксандра Шпакоўскага і Арсеня Сівіцкага. «Вядома, тут узнікае пытанне не столькі да Шпакоўскага, колькі да РІА «Навіны» — ці доўга яшчэ фінансаванае з бюджэту расійскае інфармацыйнае агенцтва будзе прыцягваць да супрацоўніцтва такога кшталту «экспертаў»?» — запытвае Баранчык.

Юрый Баранчык доўгі час працаваў у Адміністрацыі прэзідэнта Беларусі, Міністэрстве замежных спраў і Акадэміі кіравання пры прэзідэнце. У 2007 ён стварыў інтэрнэт-рэсурс Імперыя.by і ўрэшце выехаў у Маскву. Беларуская аўдыторыя «Імперыі» складае ўсяго некалькі працэнтаў ад агульнай. У 2014 годзе гэты сайт публікаваў інструкцыі баевікам Усходняй Украіны. 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?