Гаворка пра сярэднюю школу № 168 у Кастрычніцкім раёне. Паводле звестак Камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама і Упраўлення адукацыі, спорту і турызму адміністрацыі раёна, тут збіраюцца адкрыць першы клас з навучаннем на беларускай мове, трэба толькі ахвотныя вучыцца.

Пабачыўшы, што сёлета Кастрычніцкі раён нарэшце з’явіўся на карце беларускамоўных навучальных устаноў, чытач «Нашай Нівы» Яўген шчыра ўзрадаваўся. Бацьку ў верасні якраз адпраўляць дзіця ў першы клас.

Калі ж ён звярнуўся да кіраўніцтва школы, яму сказалі, што адкрываць нічога не збіраюцца. Пазней у адміністрацыі раёна патлумачылі, што ў школе хутка з’явіцца новы дырэктар, таму і адбылося гэтае непаразуменне. Але бацька будучага першакласніка ўпэўнены, што размовы пра беларускамоўны клас — не больш, чым пустыя абяцанні.

«Выглядае, што ніхто нічога адкрываць тут не збіраецца, хоць спецыяліст Упраўлення адукацыі раёна запэўнівала, што інфармацыяй пра беларускамоўны клас усе валодаюць, — распавядае Яўген. —

Справа ў тым, што каля нас ёсць два дзіцячыя садкі з беларускамоўнымі групамі. І як мне патлумачылі, менавіта пад іх і запланавалі адкрыццё беларускамоўнага класа, калі набярэцца пэўная колькасць заяў. Але маё далейшае невялічкае расследаванне паказала, што пра клас ніхто не ведае ні ў школе, ні ў дзіцячых садках. Пэўна, усё робіцца для таго, каб гэтых заяў не набралася».

Бацька звязваўся з загадчыцамі двух дзіцячых садкоў № 465 і № 456 — тыя пра клас не ў курсе. Размаўляў з некаторымі бацькамі — першы раз чуюць. Яўген заклапочаны тым, што праз неінфармаванасць беларускамоўны клас у Кастрычніцкім раёне так і застанецца на паперы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?