Стан віцебскага актывіста Кансерватыўна-хрысціянскай партыі — БНФ Сяргея Каваленкі, які трымае галадоўку, «вельмі цяжкі», сцвярджае яго жонка Алена Каваленка.

Паводле яе слоў, 5 красавіка яна змагла сустрэцца з мужам у калоніі «Віцьба-3».

«Сяргей выглядае вельмі кепска. Яго прымусова выводзяць з галадоўкі, і стан у яго вельмі цяжкі. Яму па-ранейшаму ставяць кропельніцы з вітамінамі, амінакіслотамі і фізрастворам. Нават на сустрэчу ён прыйшоў з нейкімі кропельніцамі ў носе», — адзначыла Алена Каваленка.

Як паведаміў жонцы Каваленка, яму праз зонд уводзяць кашы і бульбяное пюрэ. «Па першым часе пры прымусовым кармленні ён знаходзіўся ў паўнепрытомным стане. Адзін раз згубіў прытомнасць і ачуняў прывязаным да ложку. Потым ён быў прывязаны тры дні і тры ночы. Яго нават не выпускалі ў прыбіральню. Акрамя таго, Сяргей прастыў, у яго пастаянны кашаль з крывёй, што сведчыць аб адкрытай язве страўніка», — сказала Алена Каваленка.

Яна таксама заявіла, што ў Сяргея практычна не працуюць ныркі, печань і падстраўнікавая залоза.
«У такім стане не пускаць яго ў прыбіральню, каб вывесці прадукты разлажэння з арганізма, — гэта свядомае забойства», — лічыць Алена Каваленка.

Пры гэтым яна сказала, што актывіста па-ранейшаму адмаўляюцца пераводзіць у цывільную бальніцу. «Шансаў на выратаванне Сяргея цяпер мала як ніколі», — адзначыла Алена Каваленка.

***

Нагадаем, Сяргей Каваленка знаходзіцца ў псіхіятрычным аддзяленні бальніцы на тэрыторыі папраўчай калоніі «Віцьба-3». 2 красавіка стала вядома, што яго прымусова кормяць праз зонд. Паводле слоў жонкі апазіцыянера, прымусовае кармленне пачалося 1 красавіка. Да шасці разоў у дзень Каваленку ўліваюць дзіцячую малочную сумесь «Беллакт», а таксама працягваюць ставіць кропельніцы з глюкозай, амінакіслотамі і вітамінамі. У ходзе галадоўкі актывіст апазіцыі, які раней важыў каля 83 кілаграмаў, страціў больш за палову сваёй вагі. Цяпер ён важыць каля 45 кілаграмаў.

Разгляд касацыйнай скаргі Сяргея Каваленкі прызначаны на 10 красавіка ў Віцебскім абласным судзе.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?