Расія з 22 жніўня афіцыйна стала 156-м членам Сусветнай гандлёвай арганізацыі. Працэс уступлення ў СГА расцягнуўся на 17 гадоў.

Перамовы вяліся ў рамках рабочай групы, у якую ўваходзілі прадстаўнікі краін, меўшых нявырашаныя пытанні ў гандлі з РФ. Самымі складанымі былі перагаворы з ЗША, ЕС і Грузіяй. Канчаткова пытанне аб уступленні Расіі ў СГА было вырашана на міністэрскай канферэнцыі СГА ў Жэневе 16 снежня 2011 года.

У Мінэканамразвіцця Расіі адзначаюць, што ўступленне краіны ў СГА — гэта, перш за ўсё, стабільнасць умоў працы на знешніх рынках, зніжэнне бар’ераў у гандлі, а таксама магчымасць удзелу Расіі ў фарміраванні правіл міжнароднага эканамічнага супрацоўніцтва. У той жа час аднымі з умоў далучэння да СГА з’яўляюцца зніжэнне ўвазных мытных пошлін і абмежаванне дзяржпадтрымкі шэрагу галін, што можа прывесці да росту канкурэнтаздольнасці замежных тавараў.

Першае зніжэнне пошлін адбудзецца адразу пасля далучэння Расіі да СГА, але яно, у асноўным, закране тавары, стаўкі тарыфу на якія былі павышаны ў 2007–2011 гады ў рамках прымянення антыкрызісных мер для стварэння больш камфортных умоў для расійскіх вытворцаў.
У цэлым пасля завяршэння пераходных перыядаў для лібералізацыі доступу на рынак, якія, як правіла, складаюць 2–3 гады, а па найбольш значных таварах — 5–7 гадоў, зніжэнне сярэднеўзважанай стаўкі імпартнага тарыфу ад бягучага ўзроўню складзе ў частцы прамысловых тавараў 3 працэнты, сельскагаспадарчых тавараў — 4,4%.

Істотна знізяцца стаўкі пошлін на замежныя лякарствы з 15% да 6,5–5% на працягу пераходнага перыяду і адначасова апераджальнымі тэмпамі будуць зніжацца пошліны на медыцынскае абсталяванне і лекавыя субстанцыі (да 2–3%). Для рынку хімічнай прадукцыі ўступленне ў СГА ў пераважнай большасці выпадкаў не будзе мець значных наступстваў. У цэлым стаўка пошліны знізіцца з 10% да 6,5–5%. У тых жа выпадках, калі зніжэнне з’яўляецца больш істотным (касметычныя сродкі, мыла і мыйныя сродкі, лінолеум, некаторыя гатовыя вырабы з пластмас) — яно будзе адбывацца на працягу 5-6-гадовага пераходнага перыяду.

Будуць прыкметна паніжаны або адменены стаўкі пошлін на тэхналагічнае, будаўнічае, навуковае і вымяральнае абсталяванне. На працягу 3 гадоў будуць адменены пошліны на камп’ютары, сродкі іх вытворчасці і элементную базу. Пошліны на бытавую электратэхніку і электроніку знізяцца да ўзроўню 7–9%.

На новыя легкавыя аўтамабілі адбудзецца зніжэнне пошліны з 25% да 15% на працягу 7 гадоў, прычым зніжэнне адбудзецца ў асноўным на працягу апошніх 3 гадоў. Пры гэтым пошліны на старыя аўтамабілі (былыя ва ўжыванні ад 3 да 7 гадоў) захаваюцца на ўзроўні 20%.

На гатовыя прадукты з рыбы пошліны знізяцца нязначна: з 15% да 12,5–12% за 1–3 гады, на рыбную сыравіну — з цяперашніх 10% да 6–8%, у асобных выпадках да 3–5%. Пошліны на малако, вяршкі сухія і згушчаныя, масла знізяцца з25% да 20%. Расія знізіць пошліны на некаторыя кармы для жывёлагадоўлі і свойскіх жывёл, не вырошчваемыя ў Расіі агародніну, садавіну і арэхі. Палегчыцца імпарт сыравіны, які адсутнічае для харчовай прамысловасці. З моманту далучэння да СГА Расія прадоўжыць прымяненне рэжыму тарыфнага кватавання пры імпарце ялавічыны, свініны і мяса птушкі.

Уступаючы ў СГА, Расія прыме на сябе абавязацельствы па 116 сектарах паслуг, аднак у пераважнай большасці выпадкаў абавязацельствы не прадугледжваюць якіх-небудзь змяненняў у дзеючай сістэме рэгулявання. Асноўным выключэннем з гэтага правіла з’яўляецца сектар страхавання, у якім агульная квота замежнага ўдзелу павінна быць павышана з 25% да 50%.

Абавязацельствы Расіі ў СГА ў частцы субсідзіравання прамысловасці з’яўляюцца звычайнымі абавязацельствамі любой развітой краіны-члена СГА. Аднак абавязацельствы па падтрымцы сельскай гаспадаркі адрозніваюцца ад стандартных абавязацельстваў, якія прымаліся іншымі краінамі. Для Расіі дазволены ўзровень падтрымкі будзе складаць $9 млрд., што больш чым у 2 разы перавышае ўзровень, які быў бы дазволены РФ у адпаведнасці са стандартнымі правіламі.

У гандлі з ЗША Расія не будзе прымяняць нормы СГА пакуль не будзе адменена папраўка Джэксана-Вэніка, гэта значыць амерыкана-расійскі гандаль будзе рэгулявацца дзеючым двухбаковым гандлёвым пагадненнем.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?