Губазікаўцы прыйшлі да палітзняволенай, якая адбывае пакаранне на «хатняй хіміі», і змусілі хваліць на відэа Лукашэнку

Жанчыну раней асудзілі за абразу Лукашэнкі.

20.09.2023 / 19:11

Гаворка пра 34-гадовую Юлію Шапель. Яна з маленькай вёскі Хадоркі Івацэвіцкага раёна, якая знаходзіцца зусім блізка ад Косава, радзімы Тадэвуша Касцюшкі. Яна кіруе (ці да нядаўняга часу кіравала) аграсядзібай, якая месціцца тут жа, у роднай вёсцы, разводзіла коней і барашкаў і рабіла конныя вандроўкі для дзяцей.

У студзені 2023-га яе асудзілі да 1,5 года «хатняй хіміі» за абразу Лукашэнкі, а ў лютым уключылі ў спіс людзей, «датычных да экстрэмісцкай дзейнасці». З Беларусі яна не з'ехала і, калі меркаваць па відэа ГУБАЗіК, дагэтуль жыве ў роднай вёсцы.

Напачатку відэа, якое выклаў у сеціва брэсцкі ГУБАЗіК, жанчына кажа, што ўжо адбывала пакаранне на сутках і «спала на падлозе». Палову відэа яны ўдзялілі «агляду» яе старэнькай вясковай хаты, дзе яна жыве. Жанчына адказвае, што ёй даводзіцца шмат працаваць і часу, каб навесці там парадак, не стае. Пасля гэтага яе змушаюць выбачацца «перад усімі, каго яна абразіла» і хваліць Лукашэнку.

Невядома, чым скончылася гэтая сустрэча з сілавікамі і ці чакае яе нейкае пакаранне — у відэа гэтага не паведамляецца. Магчыма, прычынай візіту сілавікоў сталі нейкія фоты ці допісы ў сацсетках жанчыны: яны адзначаюць, што ў яе «бардак на старонцы ў сацыяльнай сетцы».

Напрыканцы гучыць пагроза пра тое, што «ў другі раз пакаранне будзе звязанае з пазбаўленнем волі».

Чытайце таксама:

Як засцерагчы сябе ў VK, Facebook і «Аднакласніках» — падрабязны гайд

Як правільна чысціць свой акаўнт у Instagram, каб засцерагчы сябе. Падрабязны гайд

Беларусы стварылі бот, які дапаможа адшукаць паведамленні ў чатах. Вось як ён працуе і чаму гэта важна для бяспекі

Nashaniva.com