Дзяржаўная служба іх не вабіць.
Сярэднестатычны беларускі чыноўнік высокага рангу — мужчына, якому зусім трохі засталося да 55 гадоў. Ён нарадзіўся ў вёсцы, прыехаў у сталіцу, скончыў БДУ, палітэх ці БДЭУ, падняўся па кар’ернай лесвіцы… «Мае жонку і дваіх дзяцей» — на такой аптымістычнай ноце сканчваецца большасць біяграфій чыноўнікаў.
У адрозненне ад Захаду, у беларускай палітычнай культуры не прынята выстаўляць сям’ю на агульны агляд. Аднак час ідзе, прадстаўнікі «пакалення next» пачынаюць рабіць сваю кар’еру — камусьці ў гэтым дапамагаюць бацькі, нехта ўсяго дасягае сам. Маладзейшыя дзеці чыноўнікаў і грамадскіх дзеячаў тым часам не цураюцца рэгістравацца ў сацыяльных сетках ды публікаваць свае здымкі, нават інтымнага плана.
«Наша Ніва» даведалася, чым займаюцца дзеці некаторых уплывовых беларусаў. Мы звярнулі ўвагу на тых, хто прысутнічае ў грамадскім жыцці краіны ці актыўнічае ў сацыяльных сетках.
Аляксей Ярмошын
Старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Лідзія Ярмошына расказвала, што перажыла два разводы. Абодва разы сям'я распадалася па яе ініцыятыве. Хлопчыкі, якія выраслі без бацькі, не маюць успамінаў, што такое жыццё ў паўнавартаснай сям’і, працягвала яна. І прыводзіла ў прыклад свайго нежанатага сына.
Аляксей, якому пайшоў чацвёрты дзясятак, цяпер працуе адвакатам у Мінскай абласной спецыялізаванай юрыдычнай кансультацыі. А раней стаяў па іншы бок барыкадаў — некалькі гадоў таму фігураваў як намеснік пракурора Фрунзенскага раёна Мінска.
Яня Латушка
Французскае жыццё пачалося для Яні нечакана.
Разам з бацькам у Версалі на яго дзень нараджэння.
Былы міністр культуры Павел Латушка расказваў у інтэрв’ю, што пасля ягонага разводу з жонкай дзесяцігадовая дачка Яня засталася з ім.
Летась яна скончыла сталічную гімназію і паступіла ў БДУ. А цяпер пекная дзяўчына жыве на дзве краіны. Яе бацька быў прызначаны амбасадарам у Францыі, а яна пачала працу ў консульскай службе. «Сёння самастойна выдала першую візу з Францыі ў Беларусь», — пахвалілася нядаўна Яня. Але часам ёй даводзіцца прылятаць у Мінск. Гэтымі днямі дзяўчына якраз здае сесію.
Вольга і Інга Праляскоўскія
Дзве дачкі міністра.
У артылерыста Алега Праляскоўскага, які з 2009 узначальвае міністэрства інфармацыі, дзве дачкі. Старэйшая, Вольга, праславілася адразу ў двух кірунках дзейнасці.
Па-першае, як аспірантка Акадэміі кіравання яна апублікавала ў часопісе «Беларуская думка» выкрывальны артыкул пра сацыяльныя сеткі. «Апаненты ўлады прыкрываюць свае намеры крадзенымі лозунгамі», «пратэст накіраваны на дэзынтэграцыю беларускага народа і фактычна пазбаўляе моладзь і грамадства той самай будучыні», — пісала Вольга пра дзейнасць «Рэвалюцыі праз сацыяльныя сеткі» ў Беларусі.
Падругое, у вольны ад вучобы час дзяўчына спявае. Сцэнічнае імя — Юліяна. Пад такім псеўданімам яна трапіла ў лік пераможцаў конкурсу «Зорны дыліжанс» у сярэдзіне 2000¬х.
Малодшая Інга навучаецца ў Лінгвістычным універсітэце. Зрэшты, гэтую ўстанову скончыла і яе сястра. У акаўнце Інгі выкладзеныя яе здымкі з адпачынку. Каментуючы іх, дзяўчына наракае, маўляў, пакуль некаторыя яе сяброўкі ездзяць у Лондан, яна пяты раз запар адпачывае ў Сочы.
Глеб і Аляксандр Камянковы
Вялікая сям'я Камянковых.
Глеб Камянкоў падкрэслівае на фота, што карыстаецца прадукцыяй Apple.
Аляксандр Камянкоў сфоткаў сямейны асабняк у Драздах.
Віктар Камянкоў — адзін з рэкардсменаў лукашэнкаўскай Беларусі па няспынным знаходжанні на высокай пасадзе. Ад 2001 года ён узначальвае Вышэйшы гаспадарчы суд.
Юрыдычную адукацыю атрымала ўся сям’я Камянковых. Жонка Людміла вось ужо пяць гадоў з’яўляецца старшынёй Эканамічнага суда СНД. Доўгі час яна працавала ў сістэме Міністэрства замежных спраў Беларусі. У шлюбе Камянковы ўжо 32 гады! Цяпер жывуць у катэджы ў Драздах.
Іх старэйшага сына Глеба на форуме юрфака называлі «самым прыгожым студэнтам факультэта». Пасля вучобы ў БДУ ён адслужыў у Памежных войсках, а цяпер працуе ў Мінскай гарадской калегіі адвакатаў.
А вось малодшы Аляксандр адкрыў сваю юрыдычную кампанію «Юст Камянкоў». І адначасова дапамагае жонцы Веры арганізоўваць вяселлі. Прыемна, што ў сацыяльных сетках Аляксандр піша па-беларуску.
Наталля Ігнаценка
Наталля Ігнаценка, дачка кіраўніка прэзідэнцкай адміністрацыі і лідара «Белай Русі» Аляксандра Радзькова, жыве і працуе ў Маскве. Яна выкладчыца музыкі і спеваў у пачатковай школе. «Я адчуваю бясконцую настальгію па роднай зямлі», — прызнаецца Наталля.
У вольны час яна піша вершы, паспела выдаць два зборнікі: «Як прафесію сабе дзеці выбіралі» і «Казачныя падарожжы з прыгодамі». Па-беларуску яны загучалі ў перакладзе паэткі Раісы Баравіковай.
Рыфмаваць словы дачку навучыў сам Аляксандр Радзькоў. «У вольны час ён праводзіў са мной пазнавальныя віктарыны, розныя гульні. Сярод любімых — бурымэ (вершы, якія пішуцца на зададзеныя рыфмы)», — расказвала яна.
Наталля гадуе для ўплывовага таты двух унукаў. Старэйшы, Павел, займаецца фігурным катаннем (на фота). Ён трэніруецца ў Маскве, але выступае за Беларусь. Сёлета хлопец стаў 13-м на чэмпіянаце Еўропы, а вось на чэмпіянат свету ў Канаду лідар беларускай зборнай не паляцеў — не ўдалося адкрыць візу.
Андрэй Козік
Леанід Козік вось ужо адзінаццаты год узначальвае афіцыйную федэрацыю прафсаюзаў. Ягоны сын Андрэй тым часам працуе першым прарэктарам прафсаюзнага ўніверсітэта МІТСО. Аднак пісаць пра якую¬кольвек сувязь гэтых фактаў небяспечна. Некалькі гадоў таму Андрэй Козік судзіўся з сайтам Аб’яднанай грамадзянскай партыі за артыкул «Сям’я робіць бізнэс».
Козік малодшы скончыў Акадэмію кіравання, пасля чаго заняўся юрыдычнай практыкай. Ён працаваў у якасці эксперта ў складзе афіцыйных дэлегацый Беларусі ў іншых краінах свету. Калі дзяржава звярнулася ў суд ЕўрАзЭС з пазовам да Расіі, выпрацоўваць юрыдычную пазіцыю паклікалі менавіта Козіка.
Ён жа быў заснавальнікам юрыдычнай кампаніі «АргументЪ», якая, сярод іншага, займаецца суправаджэннем інвестыцыйных праектаў у Беларусі.
Алеся Капская
Дырэктар завода БАТЭ і аднайменнага футбольнага клуба Анатоль Капскі адправіў дачку вучыцца ў Ліверпуль. У 2011 Алеся атрымала ступень магістра бізнэсадміністравання са спецыялізацыяй у футбольнай індустрыі. А за год да таго скончыла БДУ па спецыяльнасці «юрыст-міжнароднік». Цяпер Алеся Капская — намеснік начальніка дэпартамента развіцця ў татавым клубе.
А сын Андрэй, згодна з анкетай, вывучае менеджмент у БДУ.
Сяргей Васілевіч
«Мы ўдзячныя прафесару Рыгору Аляксеевічу Васілевічу і Сяргею Рыгоравічу Васілевічу за магчымасць даведацца аб працы пракуратуры па абароне правоў і свабод грамадзян», — гаворыцца ў справаздачы са сходу аднаго з гурткоў юрыдычнага факультэта БДУ. Асноўнае месца працы адстаўнога старшыні Канстытуцыйнага суда, а пасля і генеральнай пракуратуры — кафедра канстытуцыйнага права юрфака. На той самай кафедры па сумяшчальніцтве працуе і сын Сяргей.
Адразу пасля заканчэння ўніверсітэта Васілевіча¬малодшага ўзялі памочнікам пракурора Маскоўскага раёна Мінска. Цяпер ён працуе «ў апараце пракуратуры» сталіцы. 29-гадовы навуковец паспеў абараніць кандыдацкую дысертацыю, прысвечаную адміністратыўным спагнанням матэрыяльнага характару.
Уладзіслаў Андрэйчанка
Сын колішняга губернатара Віцебшчыны, а цяпер старшыні палаты прадстаўнікоў Уладзіміра Андрэйчанкі працуе ў кампаніі МТС. З 2007 Уладзіслаў узначальвае віцебскую філію мабільнага аператара. У анкеце пазначана, што ён мае некалькі вышэйшых адукацый.
Адметна, што на Віцебшчыне МТС спансаруе мерапрыемствы па папулярызацыі беларускай мовы — напрыклад, конкурс «Казка для Караткевіча» і фолк-рок фестываль «Полацкі сшытак».
* * *
У кіраўніцы Нацбанка Надзеі Ермаковай дзве дачкі. Абедзве атрымалі эканамічную адукацыю, аднак па спецыяльнасці не працуюць. Старэйшая Наталля займаецца хатняй гаспадаркай і гадуе дваіх дзяцей. А вось малодшая Юлія адкрыла сваю фотастудыю. Яна гадуе яшчэ аднаго ўнука старшыні Нацбанка.
* * *
Сын брэсцкага губернатара Канстанціна Сумара больш за год кіруе брэсцкай абласной ДАІ. Палкоўнік міліцыі Андрэй Сумар раней узначальваў камянецкую міліцыю. У яго дзве адукацыі — Брэсцкі дзяржаўны ўніверсітэт і Акадэмія МУС.
* * *
Першая намесніца кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Наталля Пяткевіч гадуе сына Філіпа. Малады чалавек вучыцца ў Ліцэі БДУ — самай прэстыжнай даўніверсітэцкай навучальнай установе краіны.
-
Мінчук падышоў да зборшчыкаў за Лукашэнку і выказаў, што пра яго думае. Атрымалася крыміналка
-
Назва ад кінатэатра, выгляд ад аўтара віцебскай піраміды, на верхнім паверсе — дзеці. Што вядома пра гандлёвы цэнтр, які гарэў у Віцебску
-
Бізнэсу аддалі 10-15% ад дапамогі Еўрасаюза Беларусі — Ягораў адказвае на крытыку з боку Латушкі
Каментары