«Кляйміць чалавека за тое, што той сам перайшоў на беларускую мову, гэта чыста «рускамірнае» мысленне»
Гісторык Алесь Пашкевіч у фэйсбуку разважае з нагоды выказванняў Сяргея Ціханоўскага пра беларускую мову апазіцыі і папрокаў у бок беларускай мовы Ціханоўскай.

«Уся наша старая, так бы мовіць, апазіцыя гаварыла па-беларуску, і яе не чулі, не разумелі, у яе не было аўдыторыі. А вакол мяне сфармаваліся і ядро, і аўдыторыя».
Гэта выказванне Ціханоўскага сведчыць пра тое, наколькі слаба ён ведае гісторыю беларускага дэмакратычнага руху — калі, вядома, не наўмысна яе скажае. На самай справе беларуская апазіцыя і грамадзянская супольнасць ва ўсе часы, пачынаючы ад часоў савецкай Перабудовы, заўсёды была двухмоўнай, і рускамоўнасць у ёй нават пераважала, асабліва на нізавых узроўнях. Што і не дзіўна, калі ўлічваць агульную моўную сітуацыю ў краіне.
У рамках адной партыі ці палітызаванай суполкі гуртаваліся носьбіты абедзвюх моў і ў прынцыпе нармальна паміж сабой ладзілі — калі канфліктавалі, то звычайна не на моўнай глебе. Кіраўнікі ці іншыя публічныя спікеры гэтых арганізацый нярэдка па-беларуску зусім слаба ўмелі гаварыць, а то і зусім не ўмелі. А калі куды балатавацца, з народам сустракацца ці кандыдацкія выступы на тэлебачанні ды радыё запісваць — то нават і ў прынцыпе звычайна беларускамоўныя нярэдка на расейскую пераходзілі, каб быць «бліжэй да народа». З падобнымі аргументамі, дарэчы, як цяпер у Ціханоўскага. Асноўныя апазіцыйныя кандыдаты ў прэзідэнты на ўсіх выбарах, як правіла, былі беларускамоўнымі добра калі часткова. І таму прычыны іх няўдач былі ў чым заўгодна, але толькі не ў мове камунікацыі.
Іншая рэч — што праз русіфікацыйную дзяржаўную палітыку ў моўнай сферы беларуская мова сапраўды ў значнай ступені стала «мовай пратэсту», і менавіта ў апазіцыйных асяродках шанцы трапіць на беларускамоўных людзей заўсёды былі найбольшыя.
І гэта так ці інакш уплывала на агульную атмасферу ў іх, калі нават тыя, хто сам па-беларуску не гаварыў ці гаварыў кепска, прынамсі рэгулярна жывую мову чулі, атрымлівалі магчымасць моўнай практыкі, а з цягам часу, натуральна, пры наяўнасці жадання і пэўных намаганняў з уласнага боку, пачыналі паціху гаварыць і самі. Калі не пераходзілі на беларускую мову цалкам у працы і ў жыцці, то прынамсі ўжо не мелі асаблівых цяжкасцяў з выкарыстаннем яе пры патрэбе. Не ўсе, канешне, ішлі гэтым шляхам, шмат хто сам так і не авалодваў нармальна беларускай. Але ў цэлым тэндэнцыя такая назіралася.
Пасля 2020-га, а таксама пасля 2022‑га гэты працэс набыў новыя штуршкі і ўцягнуў нямала новых людзей. Нават па маёй (і думаю, не толькі маёй) стужцы ў ФБ заўважна, што многія фрэнды, якія раней карысталіся пераважна расейскай, цяпер ці цалкам перайшлі на беларускую, ці рэгулярна нешта пішуць і па-беларуску.
Святлана Ціханоўская таксама ў гэты працэс трапіла і за некалькі гадоў прайшла эвалюцыю ад даволі слабога валодання беларускай гутарковай мовай да вольнага. Ад яе гэтага нават статус вымагаў — не вельмі дарэчна быць у сённяшніх умовах лідарам беларускіх дэмакратычных сілаў, не валодаючы беларускай мовай ды не выкарыстоўваючы яе.
Прэтэнзіі з гэтай нагоды з боку Сяргея Ціханоўскага недарэчныя таму, што ён груба палез у сферу, у якой паміж беларусамі ў прынцыпе існуе пэўны кансэнсус, створаны самім жыццём. Так, далёка не ўсе і цяпер спяшаюцца самі засвойваць і выкарыстоўваць беларускую мову, але ў той жа час ніхто не мае, як правіла, нічога супраць таго, каб гэтую мову выкарыстоўвалі іншыя, у тым ліку і звяртаючыся да іх. Гэта ўспрымаецца як нешта звычайнае і натуральнае.
Характэрна, што і сам Сяргей гэта пытанне год не падымаў. А каб ён цяпер пра тое не сказаў, то ніхто б і не падумаў, што нешта там было ў гэтым плане не так — нават да галавы нікому не прыйшло б. Значыць, праблемы насамрэч няма, яна надуманая.
Пры гэтым самі аргументы, якімі аперуе Ціханоўскі, можна пачуць дастаткова часта нават у нашых асяродках. Але толькі тады, калі чалавеку нехта закідае, што ён асабіста не пераходзіць на беларускую. Маўляў, і рад бы, але большасць беларусаў рускамоўная, і мая аўдыторыя ў тым ліку, так што прабачце… Гэта такая адмазка, але яна прынамсі беларуская.
А вось калі хто пачынае кляйміць чалавека за тое, што той сам перайшоў на беларускую, і ультыматыўна патрабаваць ад яго расейшчыны, якой ніхто не просіць — гэта ўжо такое чыста «рускамірнае» мысленне.
* * *
Тэксты ў рубрыцы «Меркаванні» могуць супадаць, а могуць і не супадаць з пазіцыяй Рэдакцыі.
Ціханоўскі: Старая апазіцыя гаварыла па-беларуску, таму яе не чулі, не разумелі, у яе не было аўдыторыі
Ціханоўскага спыталі пра збор 200 тысяч еўра, які праваліўся
«За жыллё не плачу. Кормяць». Сяргей Ціханоўскі расказаў, на што жыве ў ЗША
Ціханоўскі: «Я не быў верным сем'янінам». Ён таксама расказаў, што Святлана ў першыя дні пасля вызвалення сказала яму, што не кахае яго
Сяргей Ціханоўскі абурыўся беларускай мовай Святланы Ціханоўскай
Каментары