Эканоміка3

Кіраўнік НАН РБ: Мы не можам прызнаць нежыццяздольнасць беларускай эканамічнай мадэлі

Акадэмію навук не ўразіў сціплы план урада на 2016 год, які прадракае рост ВУП на 0,3% пры базавым сцэнары і яшчэ меншы — пры негатыўным. Уладзімір Гусакоў растлумачыў, чаму такі прагноз палітычна непрымальны.

Кіраўнік Акадэміі навук, вучоны ў галіне аграрнай эканомікі, прафесар, доктар навук і акадэмік Уладзімір Гусакоў свой даклад на канферэнцыі ў НДЭІ Мінэканомікі пачаў з указання на несправядлівае стаўленне да Беларусі Міжнароднага валютнага фонду.

Нават праблемным эканомікам Расіі і Украіны МВФ прадказвае большы рост валавага ўнутранага прадукту, чым Беларусі — у яе прагназуецца спад на 2,2%. На думку Уладзіміра Гусакова, нашы ўлады не павінны кіравацца памылковым прагнозам МВФ. [Мабыць негатыўны сцэнар урада прадугледжвае спад ВУП — афіцыйна лічбы абвешчаныя не былі — «Ежедневнік»].

«Бо разумееце, калі прагназуецца зніжэнне ВУП у краіне — гэта кажа пра тое, што краіна не выйшла з крызісу. Тады ў гэтую краіну практычна не ідуць замежныя інвестыцыі. […] У сябе ў краіне складаць план на 2016 год з ВУП менш за сто адсоткаў — гэта нельга. Гэта проста нельга», — падкрэсліў акадэмік.

Нельга не толькі з-за іміджу краіны і з прычыны нашай «добра выбудаванай, кіраванай» эканомікі. Ёсць яшчэ трэці аргумент: краіне неабходны рост унутранага прадукту.

Існуючага валавага прадукту не хопіць на высокія зарплаты

Па выніках 2014 аб'ём ВУП склаў 76,2 млрд даляраў. У разліку на жыхара краіны гэта складае прыкладна 8000 даляраў. Вучоны прапанаваў зірнуць, як гэтыя сродкі выдаткоўваюцца.

«Калі ўзяць заробак у сярэднім, тое, што мы прадэкларавалі, абвясцілі і стараемся прытрымлівацца — 500 даляраў на чалавека, і на 12 месяцаў [памножыць] — гэта 6000 даляраў адразу. Плюсуем да гэтага бясплатную адукацыю, бясплатную медыцыну, даплата насельніцтву за камунальныя паслугі — і яшчэ набіраецца 2000, а можа, і больш».

Атрымліваецца, усё заробленае краінай сыходзіць у спажыванне. «А што ў назапашванне? Дзе сродкі для пашыранага развіцця эканомікі?» — задаў пытанне акадэмік.

«Гэта сведчыць аб тым, што ў нас ВУП недастатковы. Нам трэба і планаваць, і прагназаваць рост ВУП», — канстатаваў Уладзімір Гусакоў.

Тым больш што ў Беларусі плануецца павялічваць заработную плату: «500 даляраў нельга ж пакідаць. Трэба дзесьці ў найбліжэйшыя гады і да тысячы даляраў даводзіць. А да тысячы даляраў замест 500 — гэта трэба ў два разы павялічыць ВУП», — адзначыў навуковец.

Рэцэпты НАН па павышэнні ВУП урад не ўлічыў

Інстытут эканомікі Акадэміі навук даваў свае прапановы ў праграму сацыяльна-эканамічнага развіцця і ў план развіцця на наступны год. Але, на жаль, урад улічыў далёка не ўсё.

У выніку ў прагнозных дакументах не відаць рэзерваў росту ВУП «нават у 16 годзе».

«Нам кажуць: калі павялічваць ВУП больш за 100%, то кожны працэнт росту каштуе 250 ці там колькі мільёнаў даляраў — гэта значыць, патрэбны запазычанні. Але можна без запазычанняў!» — запярэчыў апанентам акадэмік.

У Акадэміі навук ёсць рэцэпт, як гэта зрабіць. Вось яго асноўныя інгрэдыенты: павышэнне прадукцыйнасці працы ў традыцыйным сектары эканомікі; павышэнне дзелавой актыўнасці і прадпрымальніцтва; зніжэнне энергаёмістасці; удасканаленне прамысловай палітыкі; зніжэнне запасаў і знешняй дэбіторскай запазычанасці; прыцягненне замежнага капіталу; павелічэнне долі традыцыйных і хуткарослых экспартных рынкаў і шэраг іншых фактараў.

«Гэта значыць, па самых сціплых падліках, недзе ўнутраных рэзерваў можна набраць 8—8,5%, і ў гэтай сувязі выйсці на станоўчы рост ў 2016 годзе», — упэўнены кіраўнік НАН.

Успомніць інструменты савецкай эканомікі

Абмяркоўваючы канкрэтныя дзеянні па стымуляванні эканомікі, Уладзімір Гусакоў закрануў праблему нізкай якасці беларускіх тавараў.

«Не сакрэт, што з-за нізкай якасці тавараў мы губляем замежныя рынкі. Таму мы лічым, што нам трэба прыняць усеабдымную нацыянальную праграму якасці. Проста няякаснай беларускай прадукцыі не павінна быць наогул. Усё беларускае павінна асацыявацца з найвышэйшай якасцю», — прапанаваў навуковец.

Яшчэ адзін крок — у поўным аб'ёме выкарыстоўваць ёмістасць унутранага рынку. Неабходна «паспрабаваць выключыць у насельніцтва большыя назапашванні. Бо па шэрагу таварных пазіцый мы не дасягаем прынятых у свеце крытэрыяў спажывання. Напрыклад, у нас самы нізкі памер спажывання электраэнергіі на чалавека».

Акадэмік упэўнены, што краіне трэба звязаць даходы насельніцтва разнастайнымі таварамі і паслугамі. Калі мы гэтага не зробім, даходы будуць яшчэ больш узрастаць і абцяжарваць эканоміку.

Сярод іншага, старшыня прэзідыума НАН прапануе вярнуцца да такога забытага з часоў Савецкага Саюза інструмента, як інтэнсіфікацыя. Ён азначае, «што кожны на сваім працоўным месцы павінен быць найбольш поўна заняты прадукцыйнай працай».

«У нас жа суцэльная недазагружанасць занятых работнікаў, залішняя колькасць, вялікая кіраўнічая надбудова. Інтэнсіфікацыя амаль забытая. А менавіта інтэнсіфікацыяй можна дабіцца і росту прадукцыйнасці працы і росту аб'ёмаў вытворчасці», — упэўнены навуковец.

ВУП — палітычнае пытанне

Уладзімір Гусакоў раіць ураду спрагназаваць больш высокі рост ВУП.

«Гэта трэба зрабіць абавязкова — гэта як эканамічны, так і палітычны пытанне, — папярэдзіў акадэмік. — Мы не можам сказаць, што наша мадэль нежыццяздольная, яна не забяспечвае стапрацэнтнага росту ВУП, а наадварот, зніжэнне».

Спрагназаваўшы спад ВУП, «мы прызнаем, што наш мадэль сацыяльна-эканамічнага развіцця — яна непрыдатная».

«А мы ж шмат разоў абмяркоўвалі і пераканаліся, што яна і прыдатная, і перспектыўная, і абгрунтаваная і гэтак далей і ад яе мы не збіраемся адступаць найбліжэйшыя гады», — нагадаў навуковец.

Акадэмік раскрытыкаваў план урада на наступны год і пяцігодку.

«Можна спадзявацца, што ён лёгка выконваецца і ўтрымлівае мінімальныя рызыкі. Але план гэты складзены ад дасягнутага. На метадах інерцыйнага руху. Таму гэтыя дакументы пакуль, на наш погляд, не могуць забяспечыць апераджальнай дынамікі і ўмацавання нашай эканомікі на сусветным узроўні. Таму што не прадугледжваюць крытэрыяў напружанасці і інтэнсіўнасці».

Чароўны рэцэпт

Аўдыторыя была ўражаная смелым поглядам кіраўніка НАН РБ у будучыню.

«Уладзімір Рыгоравіч, дзякуй вялікі! Я з радасцю даведаўся, што ў нашай Акадэміі навук ёсць рэцэпт падваення ВУП — для краіны з 18 тысячамі даляраў па ППС [парытэце пакупніцкай здольнасці — «Ежедневнік»] на аднаго занятага», — не без іроніі пракаментаваў пачутае намеснік міністра эканомікі Аляксандр Забароўскі.

Інфармацыя па справе

За дзевяць месяцаў 2015 ВУП Беларусі спаў на 3,7% у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года.

Прагноз 2015 прадугледжвае рост ВУП на 0,2—0,5%.

За апошнія 7 гадоў ні адзін з прагнозаў ВУП, які прымаецца ў нашай краіне, не ўдалося выканаць.

Рэальныя даходы насельніцтва ў мінулым годзе не выраслі, а па выніках студзеня-жніўня гэтага года ўпалі на 5,3%.

Каментары3

Чым сёння займаюцца некалі вядомыя героі ЖЖ? Спойлер: многія так і не закінулі блогерства

Чым сёння займаюцца некалі вядомыя героі ЖЖ? Спойлер: многія так і не закінулі блогерства

Усе навіны →
Усе навіны

Беларускага хакеіста выбралі пад другім нумарам на драфце НХЛ — гэта рэкорд

Бісквітныя блінцы — рэцэпт

Што вядома пра зняволеных у Беларусі грамадзян Украіны, якія нечакана здабылі волю?4

Якую экасцежку ў Беларусі абраць для падарожжа выхаднога дня?2

Украіна вярнула пяць сваіх палітвязняў з Беларусі. І нават Міколу Швеца, дыверсанта з Мачулішчаў9

«Не бачыла нават столькі». Дзяўчына публічна прадэгуставала ажно 15 відаў рагачоўскай згушчонкі3

Вучоныя папярэджваюць: калі мы спім пры святле, значна павышаецца рызыка дыябету

Расійская ракета трапіла ў шматпавярховік у Дняпры1

Амерыканскія дэмакраты абмяркоўваюць замену Байдэна з-за правальных дэбатаў з Трампам8

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Чым сёння займаюцца некалі вядомыя героі ЖЖ? Спойлер: многія так і не закінулі блогерства

Чым сёння займаюцца некалі вядомыя героі ЖЖ? Спойлер: многія так і не закінулі блогерства

Галоўнае
Усе навіны →