З Масквы. Блог Алеся Чайчыца99

Алесь Чайчыц: Масква больш не дапаможа — патрэбныя рэформы

Расейская эканоміка ў крызісе — значыць, Беларусі патрэбныя эканамічныя і палітычныя пераўтварэньні.

Аляксандар Лукашэнка вярнуўся з Масквы без крэдыту — але і без абавязальніцтваў разьмяшчаць расейскую вайсковую базу. Гэта можа быць перапынкам у шматкрокавых складаных перамовах, але можа быць і азнакай больш доўгатэрміновай патавай сытуацыі ў расейска-беларускіх стасунках.

Афіцыйны Менск ня хоча пускаць авіябазу, а Масква ня можа даць Менску грошай.

Насуперак усім прагнозам і спадзяваньням, сусьветная цана на нафту, лёсавызначальная для расейскай эканомікі лічба, зьнізілася да ўзроўню 2008 года. Расейскі рубель імкліва падае адносна замежных валютаў — трэба ж такому быць, што ў акурат у гэтыя дні спаўняецца год з «чорнага аўторка» 2014 года, піку тагачаснага валютнага крызісу ў Расеі, калі курс эўра дасягаў 100 рублёў.

Эканоміка Расеі згортваецца: ВУП скарачаецца, даходы насельніцтва падаюць, золатавалютныя рэзэрвы вычэрпваюцца, замежныя інвэстары адзін за адным сыходзяць. Прычым санкцыі і падзеньне цаны на нафту толькі паглыбілі эфэкт ад куды больш фундамэнтальных праблемаў на інстытуцыйным узроўні. Слаба верыцца, што 2016 год для расейскай эканомікі будзе лепшым за 2015-ы.

Пра што я нядаўна казаў у дыскусіі на радыё «Свабода»: калі ўсё будзе ісьці так, як яно ідзе,

Расея вельмі хутка пазбавіцца матар'яльных магчымасьцяў актыўна ўплываць на Беларусь.

Крамлю будзе ўсё складаней як дапамагаць афіцыйнаму Менску, так і раскручваць антырэжымныя прорасейскія групоўкі, каб яны сталіся сапраўднай пагрозаю.

Расея і без таго вымушаная надалей падтрымліваць ДНР-ЛНР, падтрымліваць Крым (які быў безнадзейна датацыйны і ў складзе Ўкраіны). Зь нядаўняга часу да гэтых тратаў дадалася таксама і вайна ў Сырыі, на якую ў наступным годзе па некаторых ацэнках будзе выдаткаваная сума ў яшчэ 1,6 млрд даляраў. І гэта пры растучай сацыяльнай напружанасьці ўнутры Расеі і з катастрафічнымі тэндэнцыямі ў эканоміцы.

Беларусь на гэтым фоне відавочна не зьяўляецца прыярытэтам.

Для афіцыйных беларускіх уладаў гэта азначае толькі адно: неабходна жыць па сродках і брацца за даўно назрэлыя рэформы.

Беларуская эканамічная мадэль зь яе разьдзьмутай роляй дзяржавы, усюдыісным дзяржаўным кантролем і татальнай неэфэктыўнасьцю — нежыцьцяздольная.

Яна працуе толькі ў цяплічных умовах, калі ёсьць падтрымка з боку Расеі: танныя сыравіна і энэрганосьбіты, крэдыты, працаўладкаваньне для некалькіх соцень тысяч беларускіх гастарбайтараў і гэтак далей.

Гэтай падтрымкі ў бліжэйшыя гады ня будзе, таму трэба рэфармаваць эканоміку.

Рэцэптаў шмат, усе яны вядомыя і ўсе яны зразумелыя на прыкладах як геаграфічна блізкіх нам Польшчы і Эстоніі, гэтак і палітычна блізкіх нам Грузіі ці хаця б Расеі пачатку 2000-х, калі яе эканоміка была на пад'ёме.

Эфэктыўная эканоміка можа быць толькі свабоднай рынкавай эканомікай.

Дзяржава можа сама быць гульцом на рынку, але ўскладаць надзею выключна на нейкія новыя невядомыя рынкі збыту для неканкурэнтаздольнай прадукцыі дзяржпрадпрыемстваў без таго, каб паляпшаць эканамічныя інстытуты на фундамэнтальным узроўне — гэта наіўныя спэкуляцыі.

Перадусім дзяржава павінна стварыць нармалёвыя ўмовы для прыватнага прадпрымальніцтва, у тым ліку для замежных інвэстараў. А, стварыўшы гэтыя ўмовы, заваяваць давер да сябе з боку бізнэсу і з боку інвэстараў, пераадольваць міжнародную ізаляцыю і наладжваць дыялёг зь міжнароднай інвэстыцыйнай супольнасьцю.

Трэба зьніжаць і спрашчаць падаткі для бізнэсу. Для гэтага трэба рэзаць дзяржаўныя выдаткі — у першую чаргу, на разьдзьмуты сілавы апарат. Бо ўладу трэба ўтрымліваць не на сілавым апараце, а на паўнавартасных дэмакратычных працэдурах, сумленнасьць і празрыстасьць якіх ні ў каго б не выклікалі сумневаў.

Так, разам з эканамічнымі рэформамі трэба брацца і за рэформы палітычныя.

Свабоднай эканомікі — з абароненымі правамі ўласнасьці, незалежнымі і сумленнымі судамі, прывабнымі законадаўчымі ўмовамі для вядзеньня бізнэсу, без карупцыі і алігархаў-манапалістаў — не бывае без свабоднай палітыкі

з празрыстай і зразумелай зваротнай сувязьзю паміж эканомікай-бізнэсам і дзяржавай, з адкрытай дыскусіяй наконт кірункаў разьвіцьця краіны, з магчымасьцю абскардзіць несправядлівыя рашэньні чыноўнікаў.

Пераўтварэньні гэтыя могуць быць рэвалюцыйнымі, а могуць быць эвалюцыйнымі. Беларусы зацікаўленыя менавіта ў эвалюцыйным сцэнары: у тым, каб пераўтварэньні былі паступовымі, плаўнымі — але рашучымі і незваротнымі.

Прыклад суседняй Украіны павінен быць для беларусаў навукай. У 2014 годзе пад пагрозай апынуліся як тэрытарыяльная цэласьць Украіны, гэтак і самое існаваньне ўкраінскай дзяржаўнасьці. Прычына гэтаму — тое і выключна тое, што

ўкраінская эліта дваццаць пяць гадоў адцягвала важныя эканамічныя рэформы.

Прыклад Уладзіміра Пуціна павінен, у сваю чаргу, быць навукай для Аляксандра Лукашэнкі. Пачаўшы свой прэзыдэнцкі тэрмін у далёкім 2000 годзе як малады і сучасны лідар шматабяцальнай і адкрытай сьвету дзяржавы, 2015 год Пуцін сканчае ў статусе рэтраграда, агрэсара і сусьветнага ізгоя на чале з тонучай разрабаванай краінай зь безнадзейна сапсаванай рэпутацыяй. Лукашэнка ж на гэтым фоне яшчэ мае шанец застацца ў гісторыі як чалавек, што пры ўсіх сваіх хібах пасьпяхова правёў Беларусь праз цяперашнія складаныя часы. Мы можам на гэта толькі спадзявацца.

Каментары9

Прапагандысты заявілі пра разгром сеткі салідарнасці і арышт яе ўдзельнікаў6

Прапагандысты заявілі пра разгром сеткі салідарнасці і арышт яе ўдзельнікаў

Усе навіны →
Усе навіны

Муж палітзняволенай журналісткі Слаўнікавай дзякуе Лукашэнку і крытыкуе Ціханоўскую22

Памёр шматгадовы намеснік начальніка міліцыі Салігорска. Яму было 49 гадоў4

22 беларускіх спецыялістаў эвакуявалі з Сірыі2

Расія атакавала Украіну ракетамі: у Кіеве прагрымелі выбухі1

Усіх салдат Асада, якія ўцяклі ў Ірак, аддалі назад новым уладам Сірыі1

Стала вядома пра арышт стэндапера і радыёвядучага Сцяпана Манкевіча3

У Мінску паставілі «чаравікаматы» — што гэта такое і як яны працуюць? 

У Якуцку гарэў ізалятар з вайскоўцамі-дэзерцірамі. Згарэлі пяць чалавек

Страта «Успенскага мяшка»: частка ўкраінскіх вайскоўцаў не змагла выйсці з акружэння

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Прапагандысты заявілі пра разгром сеткі салідарнасці і арышт яе ўдзельнікаў6

Прапагандысты заявілі пра разгром сеткі салідарнасці і арышт яе ўдзельнікаў

Галоўнае
Усе навіны →