Беларускія гераіні16

Страчвала прытомнасць ад голаду, зарабляла на жыццё масажам — захапляльныя факты з біяграфіі Алаізы Пашкевіч

Фемінізм Алаізы Пашкевіч, Цёткі, палягаў не ў тым, каб пагарджаць мужчынамі, а ў тым, каб быць мацнейшай за іх.

Алаіза — яшчэ адна гераіня нашага цыклу «Беларускія гераіні», што мы ствараем разам з Samsung Galaxy S9|S9+. Вы ўжо маглі чытаць захапляльныя гісторыі Эміліі ПлятэрВеры ХаружайЛарысы Геніюш і нашай сучасніцы Жанны Капуснікавай. Кожная беларуска, пра якую мы распавядаем, вартая таго, каб пра яе ведалі, ёй ганарыліся і натхняліся.

«Некалькі дзясяткаў вершаў, лічаныя апавяданні, падручнік-хрэстаматыя для пачатковага навучання і шэраг публіцыстычных і навукова-папулярных артыкулаў» — так ацаніў некалі даробак Цёткі адзін з найярчэйшых беларускіх гісторыкаў ХХ стагоддзя Мікола Ермаловіч. Але двух зборнічкаў па дваццаць старонак, выдадзеных пры жыцці, ёй хапіла, каб стаць нароўні з волатамі Купалам і Коласам.

Так развіваюцца расліны ў тундры: за кароткае, пару тыдняў, лета распускаюцца, адцвітаюць і даюць насенне наступных пакаленняў. У вечнай мерзлаце чынавенскага і паліцэйскага ўціску, выгнанняў, ваенных жахаў агністая натура Алаізы Пашкевіч паспела раскрыцца.

Аратарка

Пікам яе жыццёвага лета быў 1905 год — час вялікага народнага абуджэння ў Расійскай імперыі. Тады яе паэзія пашыралася, як мы сёння сказалі б, праз сацыяльныя сеткі.

Калі пастамі тых сацсетак пачатку ХХ стагоддзя лічыць папяровыя ўлёткі, якія друкаваліся сотнямі і раскідаліся па вуліцах, па бурлівых мітынгах 1905-га. Вуліцы слухалі яе і ўжывую, ловячы кожнае слова.

Ёсць легенда, што псеўданім Алаізе даў невядомы рабацяга. Уражаны яе агнявым выступам на мітынгу, ён захоплена, на ўвесь прыціхлы натоўп, выгукнуў: «Ну і гаворыць цётка!»

Яна пераўвасаблялася на трыбуне. Яе не маглі пазнаць тыя, хто памятаў негаваркую замкнёную віленскую гімназістку.

Паводле іншай версіі, Цёткай Алаізу назваў Вацлаў Іваноўскі — яе супольнік ад дзіцячых гульняў да беларускай работы ў Пецярбургу. Іх сем’і былі суседзямі: Іваноўскія жылі ў фальварку Лябёдка, а Пашкевічы — у Старым Двары Лідскага павета.

Сямейнае фота. Сцяпан і Ганна Пашкевічы з дзецьмі.

Вучоба да непрытомнасці

З усіх сваіх шматлікіх братоў і сясцёр Алаіза вылучала Юзіка. Магчыма, тут блізкасць ад дзяцінства: бацькі, каб было лягчэй глядзець гаспадарку і сям’ю, аддалі Алаізу і Юзіка бабулі Югасі на выхаванне, у суседні фальварак. Ад бабы зусім малая Алаіза навучылася чытаць.

Хатняя мова ў сям’і была польская «таго своеасаблівага характару, які яна мела ў дробнай шляхты Літвы і Беларусі». Сёння мы б назвалі гэта трасянкай.

Сям’я бедная не была — 100 гектараў бацька апрацоўваў, яшчэ 200 здаваў у арэнду мужыкам-суседзям. Але разумення, што дочкам таксама трэба даць якасную адукацыю, паводле ўспамінаў сучаснікаў, у Пашкевічаў не было. А вучыцца Алаіза хацела.

Спачатку гэта былі хатнія настаўнікі, пасля — прыватная вучэльня Веры Прозаравай у Вільні. Алаіза паступіла экстэрнам, адразу ў 4-ы клас. Пераросткам, 18-гадовай дзяўчынай. Вучэльня была платная, але ёй за выдатныя поспехі далі стыпендыю.

Грошай усё адно не ставала, Алаіза зарабляла прыватнымі ўрокамі. А раз напалохала ўсю гімназію: звалілася непрытомная падчас урока. Аказалася — ад голаду…

Юльяна Мэнке, нявеста Івана Луцкевіча, якая таксама вучылася ў Прозаравай, успамінала, як яны пасля таго выпадку таемна падкладалі Алаізе булкі ў стол. Калі тая спрабавала высветліць, чыё гэта, увесь клас дружна казаў, што, мусіць, гэта падарунак.

Уявіце, калі б у часы Алаізы былі сацсеткі і мода на «чэкіны» — пазначаць месцы, у якіх даводзілася пабываць. Мы стварылі па біяграфіі славутай зямлячкі допісы, якія яна магла б пакінуць праз спецыяльны дадатак Swarm. Іх вы можаце бачыць на экране Samsung Galaxy S9|S9+. На фонавым фота — Алаіза з малодшай сястрой.

Масажыстка

Дыплома хатняй настаўніцы арыфметыкі, які даваўся пасля вучэльні, Алаізе было недастаткова. Яна паступае на курсы Лесгафта пры санкт-пецярбургскай біялагічнай лабараторыі. Курсы былі бясплатныя, на іх кожны ахвотны мог займацца прыродазнаўчымі навукамі.

Слова «курсы» абясцэнілася за сто гадоў. Цяпер яны ўспрымаюцца як штосьці факультатыўнае, малазначнае. У пачатку ХХ стагоддзя курсы былі аналагам вышэйшай адукацыі. На агульнаадукацыйных курсах Чарняева ў Пецярбургу, напрыклад, вучыўся Купала. Адзінае, што фармальнай «корачкі» якогасьці ўніверсітэта наш народны паэт не меў.

У Лесгафта Алаіза атрымала грунтоўную базу прыродазнаўчых ведаў, а таксама… стала прафесійнай масажысткай. Гэта ратавала фінансава ў цяжкія моманты ў выгнанні.

Пасля быў кракаўскі Ягелонскі ўніверсітэт, Львоўскі ўніверсітэт у тагачаснай Аўстра-Венгрыі. Пра атрыманыя дыпломы нічога невядома. З усіх сваіх універсітэтаў яна брала толькі патрэбныя ёй веды, пагарджаючы фармальнасцямі.

Вацлаў Іваноўскі — сябра Алаізы па дзіцячых гульнях і калега па беларускай працы.

Час вялікіх магчымасцяў

У Пецярбургу Алаіза сустракае даўняга сябра па дзіцячых гульнях — Вацюка Іваноўскага, студэнта Тэхналагічнага інстытута. Сярод беларусаў-дзеячаў той пары было многа тэхнароў, інжынераў. Разам з іншымі землякамі — Франуком Умястоўскім, Антонам Трэпкам, Ігнатоўскі і Алаіза ствараюць «Круг беларускай народнай прасветы і культуры».

У альманахах-«пісанках» за 1903 і 1904 год, якія прымітыўным спосабам выдаваў «Круг», былі апублікаваныя першыя вершы Алаізы.

«Круг» дзейнічаў падпольна, беларуская мова і назва «Беларусь» была тады пад забаронай. Даходзіла да смешнага: каб выдаць зборнік вершаў мінскага паэта Янкі Лучыны, мову яго для цэнзуры назвалі «балгарскай»…

У Пецярбургу Алаіза спаткала і будучага мужа, літоўца, студэнта-інжынера Сцяпонаса Кайрыса. «Незвычайна жывога характару, нештодзённая, яна выразнялася нават у шматколерным студэнцкім асяроддзі ды адразу зрабіла на мяне ўражанне чалавека з жывой душой», — успамінаў ён.

«Круг» сфармаваў кола аднадумцаў, перад якімі паўсталі маштабныя праекты.

Пачатак ХХ стагоддзя быў часам вялікіх магчымасцяў і росту. Архаічныя самадзяржаўныя рэжымы хісталіся як гнілыя зубы. Здавалася, гісторыя ў дзясяткі разоў паскорыла сваю хаду, даючы народам шанец зажыць нарэшце без імперскага кантролю.

Алаіза і яе сябры задумалі стварыць першую беларускую палітычную партыю — Беларускую сацыялістычную грамаду, вакол якой расла і беларуская прэса, і літаратура, і сама дзяржава Беларусь. Першая канферэнцыя БСГ прайшла, дарэчы, на віленскай кватэры ў Алаізы, якую здымалі яе браты Язэп і Вацлаў — афіцэры Маладзечанскага пяхотнага палка, у добранадзейнасці якіх паліцыя не магла сумнявацца.

«Не ведаю, чаму я так люблю гэтага Купалку»

Так сказала некалі Цётка Уладзіславе Станкевіч, будучай Купалавай жонцы. Паміж трохі старэйшай Цёткай і Купалам была шчырая прыязнасць, аж да таго, што Купала пасылаў Цётцы з Пецярбурга ў Львоў свае новыя вершы.

Гэй, пяснярка, болей, болей
Нам на скрыпцы сваёй грай!
Прывітаем хлебам-соляй,
Дзякуй скажа родны край.

Гэта верш Купалы «Аўтарцы «Скрыпкі беларускай». Хоць кніжка выйшла ва ўкраінскай Жоўкве, у друкарні ўніяцкага базылянскага манастыра, пад псеўданімам «Гаўрыла з Полацка», Купала добра ведаў, хто за ім хаваецца. Увогуле, з мала не трыццаці псеўданімаў Алаізы большасць — мужчынскія.

Яе «Скрыпка беларуская» была нібыта працягам «Дудкі беларускай» і «Смыка беларускага» — пераходным мастком ад Францішка Багушэвіча да Янкі Купалы.

Феміністка

«Першая беларуская феміністка» — так назваў Цётку Антон Луцкевіч. Прычым да тагачасных феміністычных арганізацый яна не належала. А выступаючы раз у Лізе раўнапраўя жанчын, яна пагардліва назвала яе ўдзельніц «капялюшніцамі».

Цікава, як свае падарожныя нататкі з Фінляндыі, напісаныя пра зусім побытавыя рэчы — як жыве, чым харчуецца, як вядзе гаспадарку звычайная фінская сям’я — Цётка завяршае раптам акцэнтам: фінскі народ першы ў Еўропе прызнаў роўныя правы кабет.

Абстынентка

Алкаголю яна не прымала, і да тых, хто яго ўжываў, ставілася сурова. Гэта добра апісана ва ўспамінах Умястоўскага, з якім разам Алаіза выпускала першы нумар газеты «Наша доля». Нумар быў аддрукаваны. Хлопцы-разносчыкі штораз вярталіся ў рэдакцыю з вуліц па новую порцыю — аж пакуль не прадалі ўсю тысячу асобнікаў.

Шчаслівыя і стомленыя стваральнікі здымалі стрэс. «Не ведаю, скуль узялася гарэлка і закуска, наліўшы чаркі, нягледзячы на касыя погляды Цёткі, якая не цярпела пітушчай кампаніі, мы духам асушылі іх за будучыню Бацькаўшчыны».

Фіктыўны шлюб?

Так мяркуе частка даследчыкаў. Выйсці замуж і змяніць прозвішча Алаізе трэба было, каб вярнуцца на Радзіму. Надакучылі, відаць, прыезды пад чужым пашпартам. За мяжой яна жыла ад 1905 года, калі ёй, актыўнай удзельніцай рэвалюцыі і сацыял-дэмакратычнага руху, зацікавілася паліцыя.

Хоць Сцяпонас Кайрыс меркаваў, што прычынай выезду ў Кракаў быў не столькі паліцэйскі пераслед, колькі песімізм пасля паразы рэвалюцыі, які Цётка «з ейным выбуховым характарам і балючай пачуццёвасцю глыбей за іншых перажыла».

Кайрыс пакінуў пра жонку кароткія ўспаміны. Калі чытаеш іх, дзівіць, наколькі адстаронена яны напісаныя.

Як пра чалавека досыць сімпатычнага, але чужога, у характары якога бачыш толькі вонкавыя бакі. Аж да таго, што почасту ён называе яе «Цётка».

Хоць Алаіза і гасціла ў будучага мужа пад Самарай, дзе ён працаваў інжынерам на пабудове чыгуначных мастоў улетку 1909-га, прыязджала да яго на Куршчыну ў 1911. Ці была ў іх адносінах якая лірыка, ці толькі сяброўская сімпатыя ды сацыял-дэмакратычная ўзаемадапамога? Няма адказу.

У лютым 1912-га яны ўзялі шлюб і пасяліліся ў Вільні. Нанялі, кажучы сённяшнімі словамі, двухпакаёўку ў не самым прэстыжным раёне Звярынец. («Дом стаяў у лесе, навокал яго шумелі сосны», згадвала Уладзіслава Станкевіч.)

Заробку Кайрыса хапіла б і на большы камфорт, але Цётка «не цярпела мяшчанскага спосабу жыцця».

Рэдкі прыватны момант ва ўспамінах Кайрыса — ён згадвае як Цётка за працаю літаральна забывалася харчавацца, а таксама асабліва не рупілася пра адзежу: «Ёй усё ішло».

«Не ўмела сцерагчы здароўя»

Магчыма, Цётка кіравалася пашыранай логікай сухотнікаў, сёння забытай разам з сухотамі: які сэнс заводзіць сям’ю, калі маеш невылечную хваробу?

Як Максім Багдановіч, які імкнуўся нават не набліжацца да сяброў і раз, падчас паездкі ў дзіцячы прытулак у Ратамку, усю ноч прамерз у халодным класе, бо баяўся сваім дыханнем заразіць настаўніц, якія сабраліся ў суседнім цёплым пакоі…

«Вясной 1907 па дарозе з Лондана я завярнуў у Закапанае. У гуральскай хаціне знайшоў хворую на лёгкія Цётку, — успамінаў Кайрыс. — Працэс у лёгкіх толькі пачынаўся, трэба былі сонца, паветра, ежа, але «пра гэта Цётка найменш рупілася».

«Благім надвор’ем моцна кашляла, не магла выходзіць з дому», — згадвала Юльяна Мэнке.

І разам з тым — абыходзіла раёны Вільні, агітуючы бацькоў аддаваць дзяцей у беларускую школу. «Гарэла як ахвярная свяча і свяціла свайму народу да апошняга дня свайго жыцця», — пісаў пра яе Луцкевіч.

«Лучынка»

«Цётка чалавек хоць і культурны, але анархістка» — такую характарыстыку дала Алаізе княгіня Магдалена Радзівіл. Хоць прыхільніцай Бакуніна марксістка ну ніяк не магла быць. Уладзіслава Станкевіч успамінала, што з вядомай мецэнаткай Алаіза кантактавала ў справе стварэння беларускага дзіцячага дома.

Такія моманты дапамагаюць ясней уявіць сабе беларускую супольнасць у пачатку ХХ стагоддзя.

Мільянер і дэпутат Думы Вайніловіч, абшарніца княгіня Радзівіл, найбагацейшы землеўласнік і дэпутат Думы Скірмунт, інтэлектуалы Луцкевічы і Ластоўскі, грамадская актывістка Цётка — розныя палітычныя погляды, але ёсць разуменне супольных інтарэсаў і Беларусі, якая аб’ядноўвае.

Наконт будучыні: Цётка была першай паэткай, якая многа пісала па-беларуску для дзяцей. Яна нават выдавала ў Мінску дзіцячы часопіс «Лучынка». І прагна патрабавала тэкстаў, торгаючы без канца сяброў. Прычым разумела, што звыклы для многіх паэтаў «слёзны» стыль пісання дзеці не ўспрымуць: «Трэба больш агню ад маладых сіл. Дровы, з каторых цяпер шчапаецца «Лучынка», залішне слязьмі-доляй нацягнула, дык слаба гараць».

«Лучынка» была дзіцячай энцыклапедыяй. Сама Алаіза пісала туды тэксты вікіпедыйнага фармату. Пра здабычу нафты, напрыклад.

Цётка называла яе «газа» і апісвала, як дзяўбуць зямлю вялізным долатам на ланцугу, а пасля вычэрпваюць нафту бочкай. Тэхналогіі за сто год пайшлі наперад, канечне, але вось пытанне пра тое, як нафта ўтварылася, дагэтуль турбуе вучоных. І абедзве асноўныя да гэтай пары версіі Алаіза выклала ў сваім артыкуле.

Акцёрка

Сёння мы слаба ўяўляем сабе, якой сілай у датэлевізійную эпоху быў тэатр. Ён дароўніваў школе і прэсе.

Часта светапогляд і нацыянальная прыналежнасць цэлых вёсак і памежных тэрыторый залежала ад таго, чыя тэатральная трупа мела там гастролі.

Алаіза бачыла гэта і не хацела заставацца ўбаку. Тым больш, што ў Беларусі ўжо гастралявала трупа Ігната Буйніцкага. У Кракаве, у Ягелонскім універсітэце, даследуючы беларускую батлейку, яна адначасова і сама брала ўрокі дэкламацыі і ігры на сцэне ў вядомай польскай артысткі Нуны Младзяёўскай.

Па вяртанні ў Беларусь гэта прыдалося, пад псеўданімам Крапівіха яна іграла ў спектаклях Буйніцкага.

Падарожніца

Асобную старонку ў яе жыцці займалі вандроўкі. Яны былі вымушаныя, паездкі на лячэнне. Але і ахвота да падарожжаў у Алаізы была.

Італія, Францыя, Фінляндыя, Швецыя, Германія — няпоўны пералік месцаў, дзе ёй удалося пабываць. Прычым па Скандынавіі яна вандравала пешкі.

Захаваліся некалькі вясёлых шведскіх лістоў да пецярбургскага прафесара Браніслава Эпімаха-Шыпілы.

«7 ліпеня 1914. …Я ўжо 70 кіламетраў адпаўзла ад Stokholma, начую сёння ў сяле Wangnhorad у жалезнадарожным hotel’і… Ураджаяў я яшчэ нідзе такіх не бачыла, як у Швецыі. Крыху ўжо знаёмімся з людзьмі, вучымся іхняй мовы. …Лес, возеры, багатыя нівы, надзіў пекныя будынкі, кожны дамок немаль мае свой тэлефон.

…канец ліпеня 1914. Усяго найлепшага пасылаю з Goteborga. У дарозе вельмі дрэнна вядзецца: маю бабу-таварку муж адзывае дахаты, змаркоціўся, каб яго маланка. Мусіць, адна пайду па Нарвегіі. Як згіну — не шкадуйце…»

У Фінляндыі, на чыгуначнай станцыі, Цётка ўпершыню пабачыла і апісала для беларускага чытача такую істотную ў наш час з’яву, як шведскі стол:

«Два сталы пекна накрыты, застаўлены ядой, якую толькі здумаць: там і мяса, і рыба, яйкі, сыры розных гатункаў, малако, гарбата, квас, піва. Як толькі падыходзіш да стала, маеш заплаціць марку, фінскую манету вартасці 38 капеек. Пасля, калі хочаш, еш колькі душа прымае, а не — крошку палажы на зуб — плата аднолькава: там жыватоў людскіх не мераюць: такі звычай укараніўся пэўна дзеля таго, што ніхто з фінаў не мае ў натуры сваёй, каб карыстаць болей за тое, чым плаце. Фіна не трэба пільнаваць, ён сам у сябе стаіць на стражы».

Не абмінала вандроўніца і культурныя помнікі, славутыя музеі. Вуснамі гераіні свайго апавядання «З дарогі» яна апісвае Сіксцінскую мадонну, пабачаную ў Дрэздэнскай галерэі: «Малюнак — абраз сусветнай славы — для маёй душы не мае чароўнага слова. Яшчэ калісь, як была ў Рыме, каля твораў Рафаэля прайшла з сэрцам спакойным, затое перад Анджэла Буанароці і Леанарда да Вінчы анямела ўсімі сваімі чуццямі, думкамі склеілася і стаяла гадзінамі, акамянелая з задзіву».

«З дарогі» напісанае ў форме лістоў дзяўчыны-сухотніцы, якая выправілася за мяжу на лячэнне, да старэнькай маці: «Кашляць перастала, гарачка меншая, сілы больш. Цэлыя дні ляжу на скале над морам. Цёпла, сонечна».

Cor ardens — палымянае сэрца

Выбухнула сусветная вайна, прыфрантавыя гарады наваднілі бежанцы, шпіталі — параненыя. Ад скупленасці людзей пачаліся эпідэміі. Цётка ж, як адзначаў назіральны Кайрыс, «не ўмела быць абыякавай».

Маючы досвед фельчаркі, Алаіза ўладкавалася сястрой міласэрнасці ў тыфозны барак. Пісьменнік Максім Гарэцкі ўспамінаў, як падкладала яна салдатам-беларусам «Нашу Ніву» пад падушку.

А па-за баракам Цётка выкладала на беларускіх настаўніцкіх курсах, адчыніла ў пачатку 1915-га ў Вільні першую беларускую школу, спрабавала арганізаваць сетку сталовак для галадаючых…

У працоўным чадзе заспела яе вестка пра гібель любімага брата Юзіка. Ён быў забіты пад Гродна, калі ішоў у атаку наперадзе сваёй роты. Разам з другім братам Вацлавам, таксама афіцэрам, які лячыўся ў Вільні ад ранення, Алаіза выправілася пад Гродна. Салдаты дапамаглі ім знайсці магілу свайго добрага камандзіра.

Брат Алаізы Язэп Пашкевіч, які загінуў на фронце пад Гроднам.

Следам памірае бацька. Алаіза едзе дахаты, у Стары Двор, адкуль ужо не вернецца. Землякоў касіла эпідэмія тыфу, Цётка ўзялася ратаваць іх, але заразілася сама. Арганізм падточаны сухотамі. Зіма. Нямецкі доктар, спешна прывезены з-за фронту, не мае досведу. Яе не стала ў лютым 1916-га.

«Беларуская справа згубіла ў ёй cor ardens — палымянае сэрца», пісаў Антон Луцкевіч. Гэта найлепшая характарыстыка таго, кім была Алаіза Пашкевіч і якой яна засталася ў памяці.

Каментары16

З'явілася расшыфроўка перамоў экіпажа рэйса Баку — Грозны з дыспетчарам. Усё паказвае на тое, што самалёт падбілі зенітнай ракетай11

З'явілася расшыфроўка перамоў экіпажа рэйса Баку — Грозны з дыспетчарам. Усё паказвае на тое, што самалёт падбілі зенітнай ракетай

Галоўнае
Усе навіны →