Грамадства5

Хачу сабе ровар. Як выбраць?

1. Што здарылася?

Набліжаецца лета, і многія думаюць пра тое, каб набыць сабе ровар. Крамы прапануюць багаты выбар мадэляў розных цэнавых катэгорый — у гэтым, мабыць, і ёсць галоўная цяжкасць для патэнцыйнага пакупніка. Няправільна абраны ровар не прынясе задавальнення ад язды і нават можа нашкодзіць здароўю. Ніжэй мы разам з роварным клубам «Мінск» раскажам, як выбраць веласіпед для горада і не памыліцца.

2. З чаго пачаць?

Вызначыцеся, для чаго вы будзеце выкарыстоўваць пакупку. Гарадскому жыхару ровар патрэбны ў асноўным для паездак на працу, вучобу або для велашпацыраў.

Калі вы не збіраецеся мясіць бруд і залазіць у самую бездараж, то гарадскі ровар — тое, што трэба.

3. Чым гарадскі ровар адрозніваецца ад горнага?

Найперш тым, што гарадскі створаны спецыяльна для паездак ва ўмовах горада. У ім прадугледжаныя зручная пасадка і ўсе неабходныя прымочкі для камфортнай і бяспечнай язды: падножка, катафоты і ліхтары, шчыткі і кажух, які не дазволіць ланцугу зажаваць адзенне.

Горныя ровары больш універсальныя, чым іх гарадскія сабраты. Яны маюць моцную амартызацыйную вілку і «зубастую» гуму, якія дазваляюць лёгка спраўляцца з няроўнасцямі дарожнага рэльефу, але даволі моцна зніжаюць хуткасць руху. Спартыўная пасадка павышае манеўранасць, але разам з тым павялічвае нагрузку на рукі і шыю, што можа замінаць камфортнаму велашпацыру.

4. Як звузіць кола пошукаў?

Калі вы вызначыліся, для чаго будзеце выкарыстоўваць ровар, варта звярнуць увагу яшчэ на некалькі крытэраў:

  • бюджэт
  • надзейнасць
  • памеры і вага

Улічвайце, што калі вы эканоміце на ровары, то вы эканоміце таксама на здароўі і бяспецы. Павышаецца імавернасць таго, што ўжо ў першыя месяцы пасля пакупкі давядзецца звярнуцца ў рамонт.

Пры падборы памераў памятайце, што ад верхняй трубы рамы да пахвіннай вобласці мусіць заставацца як мінімум 10 сантыметраў, а нага падчас паездкі павінна цалкам разгінацца ў суставе.

У інтэрнэце можна знайсці табліцы адпаведнасці росту і памеру рамы, але яны, як правіла, маюць рэкамендацыйны характар. Лепш за ўсё, перш чым купіць ровар, зладзіць тэст-драйв, каб вызначыцца з мадэллю і памерамі.

Што тычыцца вагі, то пры іншых роўных лепш выбіраць мадэль, якая важыць менш.

5. На што яшчэ трэба звярнуць увагу?

На колькасць хуткасцяў. Яны рэгулююць высілкі на кручэнне педаляў і, адпаведна, на хуткасць язды.

Калі вы разлічваеце ездзіць хутка або пераадольваць уздымы, то варта прыглядзецца да мадэляў з вялікай колькасцю хуткасцяў. Хоць у гарадскіх умовах цалкам можна абысціся роварам без пераключальніка хуткасцяў.

У гарадскіх ровараў, як правіла, вялікія колы. Што тычыцца тармазоў, то яны бываюць абадныя, ролерныя, дыскавыя і барабанныя. Першыя тры тыпы кіруюцца ўручную з дапамогай рычагоў на стырне, а барабанныя — нагамі, паваротам педаляў назад. 

Выбар тармазной сістэмы залежыць ад бюджэту, стылю язды, а таксама ад дарожных умоў, у якіх будзе выкарыстоўвацца ровар.

6. А калі ў горадзе разбітыя дарогі?

Калі з дарогамі бяда, то можна абраць гэтак званы гібрыд. Такія ровары спалучаюць у сабе як перавагі горных і гарадскіх мадэляў, так і іх недахопы. Ровары-гібрыды адрозніваюцца ад горных вялікімі нешырокімі коламі і больш камфортнай пасадкай, але пры гэтым у іх ёсць амартызацыйныя вілкі і пераключальнікі хуткасцяў.

Гібрыд не такі хуткі, як гарадскі ровар, але ў горадзе высокая хуткасць можа быць небяспечнай.

7. Якія яшчэ ёсць ровары?

Акрамя гарадскіх і горных, можна вылучыць яшчэ некалькі тыпаў ровараў, якія цалкам пасуюць для гарадскога жыхара.

Круізёры і велачоперы створаны для максімальнага камфорту. Яны абсталяваныя шырокім стырном, зручным мяккім сядзеннем на пружынах. Падчас няспешных велашпацыраў па парках, пляжах, гарадскіх вуліцах яны прынясуць максімальнае задавальненне.

Для больш хуткіх паездак падыдуць шашэйныя мадэлі, сінглспіды (ровары з адной хуткасцю) і фіксы (ровары з фіксаванай перадачай). Мінімалістычная канструкцыя такіх ровараў дазваляе знізіць вагу і звесці рызыкі паломкі да нуля. Аднак варта ўлічваць, што шашэйныя ровары звычайна вельмі дарагія.

Калі ў вас зусім мала месца для захоўвання ровара, то можна купіць складную мадэль. Яго можна лёгка правезці ў метро, электрычцы або багажніку машыны, а дома схаваць у шафу. Аднак складныя ровары амаль немагчыма выкарыстоўваць дзесьці яшчэ, акрамя як падчас гарадскіх паездак, бо яны больш павольныя і да таго ж, як правіла, даражэйшыя за звычайныя мадэлі.

Ёсць яшчэ і электрычныя ровары, абсталяваныя электрычным прывадам, за кошт якога часткова або цалкам адбываецца рух. Для тых, каму цяжка пераадольваць уздымы або далёкую дарогу, — найлепшы выбар. 

8. Дзе можна ездзіць на ровары?

Рух на веласіпедах у Беларусі рэгулюецца раздзелам 20 правілаў дарожнага руху. Згодна з ім, рух па праезнай частцы дапускаецца толькі ў выпадку адсутнасці веласіпеднай дарожкі, абочыны або пешаходнай дарожкі. І тое не далей за 1 метр ад правага краю праезнай часткі.

Для руху ў цёмны час сутак ровар павінен быць абсталяваны фарай з белым святлом спераду, і з чырвоным святлом — ззаду. Пры перасячэнні праезнай часткі па пешаходным пераходзе ў большасці выпадкаў веласіпедысту давядзецца часова стаць пешаходам і правесці ровар побач з сабой.

Што тычыцца дзяцей, то ездзіць па дарогах без суправаджэння дарослых можна толькі з 14 гадоў.

Артыкул падрыхтаваны разам з роварным клубам «Мінск».

Каментары5

«А што ў вас за праблемы? Далёка да Мінска ці няма каму падвезці?» Публічная пікіроўка Лукашэнкі і Пашыняна10

«А што ў вас за праблемы? Далёка да Мінска ці няма каму падвезці?» Публічная пікіроўка Лукашэнкі і Пашыняна

Галоўнае
Усе навіны →