Сумесна з нямецкім брэндам прафесійных прылад для пісьма rOtring і афіцыйным дыстрыб'ютарам брэнда ў Беларусі — кампаніяй Universal Press — мы працягваем праект «Сучасны беларускі дызайн з rOtring».
Чытайце таксама: Беларускі дызайн: як ствараюцца лагатыпы і хто стаіць за «вокладкай» нашых брэндаў
Сёння пра гарадскую прастору і мастацтва мы гаворым з мастакамі, якія ў розныя гады спрычыніліся да Vulica Brasil і дзякуючы якім гарады Беларусі пакрысе мяняюць сваё аблічча — з Bazinato (Ігарам Стахіевічам) і Cowek (Яўгенам Мацютам).
«Вялікую істоту мы яшчэ пабачым»
Bazinato. Ігар (Базыль) Стахіевіч. Нарадзіўся ў Маладзечне. Скончыў Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка, пасля — Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт.
Bazinato — аўдыёвізуальны мастак і даследчык. Працуе з практыкамі ўзаемадзеяння і ўспрымання. Праз даследаванне свету, яго макра- і мікраструктуры, патэрны і сувязі, ён прапануе ўздзейнічаць на асяроддзе, прастору і час. Bazinato ужывае ў сваіх эксперыментах усе даступныя практыкі мастацтва і навуковыя веды.
— Як у вашым жыцці здарылася Vulica Brasil?
— У 2014 годзе на першым фестывалі я зрабіў невялікую работу — рэфлексію на аднаго бразільскага архітэктара. Я распісаў паменшаную копію яго архітэктурнага рашэння ў выглядзе вока. Яго змясцілі на плошчы Якуба Коласа на суд нашай удзячнай публікі. Праз два гады я зрабіў свой першы мурал на сцяне плошчай каля 800 квадратных метраў і назваў яго «Апошняя Чароўная краіна».
Я даю назву сваім работам, зыходзячы з пытанняў, якія ў іх даследую. Большасць маіх работ распавядаюць гісторыю, яны створаныя, каб пачаць дыялог на ўзроўні візуальнага або цялеснага ўспрымання.
Год таму я таксама стварыў «Вялікую істоту», бо даўно марыў выйсці з плоскасці ў форму ды «захапіць» якую-небудзь публічную прастору.
Я ведаю дакладна, што фестываль будзе працягвацца і мы ўбачым яшчэ шмат сюрпрызаў. Гэта дакладна паўплывае на аблічча горада і на людзей, якія ў ім жывуць.
Базылю не вельмі шанцуе з яго работамі. Стрыт-арт, прысвечаны Святлане Алексіевіч, знялі. Выставу на сметніцы, якую два гады таму мастак зладзіў у родным Маладзечне, раскралі ў той жа дзень. Цяпер сумная гісторыя здарылася і з «Вялікай істотай».
— Я не крыўдую, што так адбылося. Кожны праект, які паглынула асяроддзе і грамадства, стаў свайго роду індыкатарам, лакмусавай паперкай тых вострых грамадскіх працэсаў, якія адбываюцца. Калі вельмі хутка прааналізаваць, што адбылося з маімі публічнымі працамі, то гэта страхі, комплексы, раны, стэрэатыпы, негатоўнасць да дыялогу, неадукаванасць. Кожная работа патрабуе асобнага аналізу і высноў.
— Ці значыць гэта, што грамадства не гатовае да ўспрыняцця складаных твораў мастацтва, хоча прасцейшых?
— Акурат грамадства гатовае да прыгожага. Але паняцце прыгожага вельмі індывідуальнае, кожны чалавек павінен фарміраваць яго ў сабе самастойна. Не дзяржава і яе ідэалогія, а толькі сам чалавек.
Калі я вывучаю культуру і гісторыю не толькі сваёй краіны, але і ўсяго свету, то знаходжу для сябе новыя веды і ствараю новыя сувязі. Адсутнасць прыняцця і эмпатыі — задачы, якія трэба будзе вырашыць у нашым монакультурным і закрытым грамадстве.
Бэйджы мастакоў Vulica Brasil з аўтографамі.
— Вас гэта хвалюе?
— Я даўно ўжо перастаў хвалявацца, проста раблю, што лічу патрэбным і ўспрымаю любы выклік асяроддзя як задачу, якую можна вырашыць мільёнамі розных спосабаў. Ганьбай жа лічу нежаданне вучыцца, даследаваць, спазнаваць свет вакол сябе, жыць, не заўважаючы іншых, не разумеючы, навошта табе дадзена гэтае жыццё і свет вакол.
Не так даўно Базыль Стахіевіч адкрыў 10-дзённую рэзідэнцыю для мастакоў на фестывалі SPRAVA, удзельнічаў у арганізацыі адукацыйнага інтэнсіву для правінцыйных мастакоў Art in Action. Вынікам працы гэтай рэзідэнцыі мусяць стаць даследчыя праекты маладых мастакоў, якія прэзентуюць іх у лістападзе ў галерэі «Ў».
Працягвае Bazinato працу і над трэцяй кнігай па беларускім мастацтве для дзяцей «Беларускія мастакі. Парыжская школа». Акрамя таго, да мастака пастаянна звяртаюцца з прыватнымі замовамі і прапановамі.
— З кімсьці я працую, з кімсьці не. Усё залежыць ад таго, наколькі сімпатычна тое, што прапануюць, і наколькі цікава будзе нам узаемадзейнічаць. Так, я штосьці прадаю са сваіх работ. Як і любы нармальны мастак, які разумее цану сваёй працы.
— Дзе цяпер «Вялікая істота»? Яна знікла назаўжды?
— «Вялікая істота» адпачывае і перараджаецца. Я ведаю, што мы яе яшчэ ўбачым, але гэта будзе ўжо новая гісторыя.
«Хваляванне, ці спадабаецца твая праца гораду, знікае, калі бачыш, колькі вісіць рэкламы»
— Першую сваю вулічную работу я зрабіў у роднай Лідзе. Месяц таму я наведаў тое месца і быў здзіўлены: работа добра захавалася і жыве па гэты дзень.
Муралы, лічыць Яўген, — гэта від манументальнага мастацтва. Першыя спробы стварыць вялікія муралы былі ў Яўгена ў Магілёве на фестывалі «Must act — must art». Мастак зрабіў два невялікія аўтарскія малюнкі на пяціпавярховіку і дапамог стварыць маштабны мурал Васілю Grino.
Мурал Cowek'a ў Гомелі.
— Спачатку ёсць страх вышыні, але ён праходзіць, калі ты акунаешся ў працу. Ёсць адказнасць, калі ўносіш змены ў гарадское асяроддзе, узнікаюць думкі, каб не нашкодзіць гораду і мясцовым жыхарам, якія будуць кожны дзень бачыць твой твор. Але ўсе сумневы знікаюць, калі бачыш, колькі і якой рэкламы вісіць ў горадзе.
Тэма работ Яўгена Мацюты ўнікальная і самабытная. Мастак распавядае пра старажытнасць, выкарыстоўвае матывы з беларускай міфалогіі, народных казак, прыродныя вобразы. Ён шукае ўзаемасувязь гарадскога ўрбанізму з жывой прыродай.
Самы вядомы мурал Яўгена Мацюты — «Гусляр» на вуліцы Кастрычніцкай.
— Мяне заўсёды цікавіць у першую чаргу сцяна, яе фактура, дзе яна знаходзіцца. Часам яна сама падказвае, што на ёй маляваць.
Калі сцяна, фактура, малюнак, колер, настрой і наваколле зліваюцца ў адно цэлае, то выніковы прадукт набывае моц. Але так бывае далёка не заўсёды.
Горад напоўнены шэрасцю, бетонам. Я лічу, што калі ў горадзе з’яўляецца арт — ён ажывае.
Я не перажываю, што хтосьці сапсаваў мае працы ці цалкам зафарбаваў. Перад тым, як ствараць штосьці на вуліцы, я ўжо маральна гатовы.
Пасля таго, як я намаляваў, гэтая работа мне ўжо не належыць, яна жыве па законах вуліцы.
Яўген бачыць у Мінску месцы, з якімі ён хацеў бы папрацаваць. Але гаворка не пра нейкія маштабныя будынкі, заўважныя ў горадзе.
— Мне падабаецца змяняць малыя архітэктурныя формы, уносіць маленькія штрыхі — гэта хутчэй, прасцей і танней. Мне падабаецца працаваць за межамі гарадоў, там, дзе практычна мінімальны трафік.
Глядзіце: ёсць чалавек, які збудаваў сцяну, ёсць прырода, якая ад гэтага пацярпела, ёсць час, што стварыў незвычайную атмасферу месца, і ёсць я, які артам хоча ўсё гэта дапоўніць. Вось такія месцы мяне прыцягваюць нашмат больш, чым тое, што знаходзіцца ў горадзе і яго цэнтры.
Горад перапоўнены нежывымі архітэктурнымі формамі, ён забірае ў прыроды кавалкі зямлі. Ад гэтага пакутуюць усе. Таму любы арт, любы новы будынак, рэклама павінны ўпісвацца ў прыроду гэтага месца, якая стварае сімбіёз і гармонію.
Яўген ужо папрацаваў у некалькіх гарадах Беларусі, а таксама запачаткаваў разам з іншымі мастакамі супольнасць «Сігнал», якая займаецца стварэннем і прасоўваннем арту.
— Vulica Brasil улілася ў маё жыццё пасля званка арганізатаркі фестывалю Мілы Коткі з прапановай стварыць мурал.
Калі мы рабілі першыя муралы ў Мінску на Кастрычніцкай, ніхто з нас не ведаў, што адбудзецца праз некалькі гадоў з намі і самой вуліцай. Гэта добры прыклад, як можна змяніць індустрыяльную зону і зрабіць з яе арт-галерэю пад адкрытым небам.
Vulica Brasil — безумоўны прарыў па ўсіх пунктах, і тут трэба глядзець не толькі ў выніковы прадукт, а значна глыбей. Уявіце сабе, колькі трэба было выдаткаваць сіл і часу, рэсурсаў, каб запусціць увесь гэты механізм.
Што далей?
Сёлета фестывалю Vulica Brasil не было. Па словах арганізатараў, яны ўзялі паўзу, каб іншымі вачыма паглядзець на тое, што яны зрабілі за папярэднія чатыры гады. Як і мастакі, яны спадзяюцца, што фестываль вернецца ў наступным годзе.
Што ж неабходна, каб падобныя з'явы прыходзілі не толькі ў сталіцу?
Cowek адзначае, што іншыя гарады не горшыя за Мінск, ім такія змены патрэбныя яшчэ больш. Галоўнае, каб было жаданне ў мясцовых жыхароў і адміністрацыі горада.
— Першае пытанне — гэта фінансаванне, бо неабходныя сродкі на матэрыялы, праезд, харчаванне і пражыванне мастакам (нават пры тым, што мастакі працуюць бясплатна). Другое — гэта дыялог і ўзгадненні з мясцовымі органамі ўлады.
Сёння Яўген Мацюта займаецца розным выяўленчым мастацтвам, а таксама вывучае фальклор і ўсё тое, што мае дачыненне да славянскай культуры. Выкладае, праводзіць майстар-класы, распісвае розныя памяшканні, працуе памочнікам на вырабе мазаікі для храмаў, распрацоўвае аўтарскую сувенірную прадукцыю і займаецца сваімі творчымі праектамі.
На пытанне, чаму героі яго муралаў знешне так падобныя на самога мастака, Cowek адказвае:
— Гавораць, што мастак заўсёды малюе частку сябе. Бо ён павінен укладваць душу ў сваю работу, тады яна будзе ў радасць, будзе мець сэнс, і іншыя змогуць гэта ўбачыць і адчуць. Вось чаму ва ўсім свеце цэніцца ручная праца.
У сваіх работах я паўтараю вобраз старца. Гэта вобраз мінулага, ведаў, вобраз прыроды і пасярэдніка паміж ёй і намі. Ён мудры, ён мае сілу, гэта неўміручы дух.
Дзе набыць rOtring?
- Афіцыйны дыстрыб'ютар rOtring — кампанія Universal Press. Абслугоўванне карпаратыўных кліентаў і дылераў.
- Раздробны продаж і кансультацыі прыватных кліентаў —студыя каліграфіі Calligraphy.
Каментары