Улада1111

Ад Захаранкі да Куляшова: як склаўся лёс міністраў унутраных спраў Беларусі

Ігар Шуневіч быў восьмым міністрам унутраных спраў незалежнай Беларусі і шостым, якога прызначаў Аляксандр Лукашэнка. «НН» успамінае іншых асобаў, якія ўзначальвалі міліцэйскае ведамства.

Уладзімір Ягораў (1990—1994): КДБ, Шушкевіч і беларуская мова

Адзін з двух міністраў, якіх не прызначаў Лукашэнка. Ягораў узначальваў МУС у першыя гады незалежнасці.

Сам Ягораў быў родам з Чэрыкаўскага раёна Магілёўскай вобласці. Спачатку кар’еру ён будаваў зусім не ў сілавых структурах. Быў дырэктарам Чэрыкаўскага раённага Дома культуры, а па адукацыі Ягораў — гісторык. Ён, як і Лукашэнка, скончыў Магілёўскі педінстытут, вучыўся ў вядомага славянафіла Якава Трашчанкі.

Ішоў Ягораў угару і па камсамольскай лініі. Толькі ў 38-гадовым узросце трапіў на службу ў органы дзяржаўнай бяспекі. Скончыў Вышэйшую школу КДБ. Ад 1981 года Ягораў у органах міліцыі. У яго былі вельмі спецыфічныя прызначэнні. Напрыклад, ён быў міністрам унутраных спраў Латвійскай ССР (казаў, што латышскую мову вывучыў за два месяцы), прадстаўніком МУС СССР пры МУС Афганістана. Пры гэтым яго цягнула ў Беларусь.

У сваіх успамінах былы дэпутат Вярхоўнага Савета Сяргей Навумчык згадваў, што Ягораў не прымаў рэпрэсіўных мераў і быў схільны да кампрамісаў. У 1993 ён выступіў з крытыкай Кебіча, дзейнасць якога ён называў антыканстытуцыйнай, за што праз нейкі час быў адпраўлены ў адстаўку.

На выбарах 1994 года Ягораў быў даверанай асобай Станіслава Шушкевіча. Аднак потым пагадзіўся на прапанову Лукашэнкі ўзначаліць КДБ. Праўда, праца там яго не дужа задавальняла. У 1995 Ягораў прымае рашэнне балатавацца ў Вярхоўны Савет, што аўтаматам ставіла крыж на ягонай працы ў органах, і гэта быў свядомы выбар.

У другім шлюбе Ягораў быў жанаты з рэктаркай Універсітэта культуры Ядзвігай Грыгаровіч. Сам былы міністр згадваў, што размаўлялі дома яны толькі па-беларуску. Грыгаровіч памерла ад анкалогіі ў 2011 годзе. Сам Ягораў адышоў у іншы свет у 2016 годзе.

Уладзімір Данько (студзень — ліпень 1994): Акадэмія МУС і мемуары

Уладзімір Данько нарадзіўся ў 1941 годзе ў вёсцы Сэрвач Карэліцкага раёна. Ад 1965 у структуры МУС. Ад 1985 да 1991 узначальваў Гродзенскую абласную міліцыю. Сам ён называў гэты перыяд «залатым часам». Ад 1991 — намеснік міністра.

Міністрам Уладзімір Данько быў менш за год, у 1994-м. Тады прэм’ер-міністрам быў Вячаслаў Кебіч. З прыходам Лукашэнкі ён страціў сваю пасаду.

Ад 1995 да 1998 Уладзімір Данько быў кіраўніком Акадэміі МУС. Пакінуў па сабе аўтабіяграфію «Я, Уладзімір Данько…».

Цікавы факт з біяграфіі сілавіка. У 1994 годзе на яго ледзь не завялі крымінальную справу… за збіццё Аляксандра Лукашэнкі. Выданне naviny.by адзначае, што міліцыянеры не пусцілі «без пяці хвілін» прэзідэнта Лукашэнку ў ягоны апячатаны кабінет у Вярхоўным Савеце. У выніку Лукашэнку парвалі пінжак і паставілі пару сінякоў.

Хто даваў такое распараджэнне паставым міліцыянерам, невядома. Па адной з версіі, гэта быў Уладзімір Данько, але доказаў гэтаму не было.

Памёр у 2018 годзе.

Юрый Захаранка (1994—1995): апазіцыя і забойства

Адзін з тых людзей, хто быў у камандзе Аляксандра Лукашэнкі на выбарах 1994 года, але потым расчараваўся і сышоў у апазіцыю.

Захаранка нарадзіўся ў 1952 годзе ў Васілевічах Рэчыцкага раёна. Служыў у войску на Балтыйскім флоце. Вучыўся ў Валгаградскай вышэйшай школе МУС, а таксама Акадэміі МУС СССР. Працаваў следчым у Светлагорску і Гомелі. Ад 1992 у цэнтральным апараце МУС Беларусі.

Быў актыўным сябрам каманды Аляксандра Лукашэнкі на выбарах 1994 года. У той жа год стаў міністрам. У жніўні Лукашэнка прысвоіў яму пагоны генерал-маёра. У адным з інтэрв’ю Захаранка перадаваў сваю размову з кіраўніком Рады бяспекі Віктарам Шэйманам, які казаў, што міністр мусіць выканаць любы загад прэзідэнта. «Людзей я расстрэльваць не буду, Канстытуцыю парушаць не буду», — нібыта тады адказаў Захаранка.

У кастрычніку 1995 года Захаранку звальняюць з пасады. У красавіку наступнага года яго паніжаюць у званні да палкоўніка і звальняюць са структур МУС, нібыта за фінансавыя парушэнні.

Пасля гэтага Захаранка стаў падтрымліваць апазіцыю. Ён увайшоў у склад Аб’яднанай грамадзянскай партыі. На альтэрнатыўных выбарах 1999 года падтрымліваў кандыдатуру былога прэм’ер-міністра Міхаіла Чыгіра, шмат ездзіў па краіне, выступаў.

Захаранка знік 7 мая 1999 года. Перад гэтым ён пазваніў жонцы і папрасіў, каб яна грэла вячэру. Паводле былога начальніка СІЗА №1 Алега Алкаева, Захаранка быў скрадзены так званым «эскдронам смерці» і забіты. Ягонае цела па-ранейшаму не знойдзена.

Сям’я экс-міністра з’ехала ў Германію, дзе атрымала палітычны прытулак. Маці Улляна Рыгораўна памерла ў 2018 годзе ва ўзросце 95 гадоў. Да канца жыцця яна працягвала чакаць сына.

Валянцін Агалец (1995—1999): служба бяспекі Velcom

У адрозненне ад Захаранкі, Агалец казаў, што гатовы выконваць любое даручэнне прэзідэнта. Сам ён нарадзіўся ў вёсцы Азяраны Жыткавіцкага раёна. У структуру МУС трапіў мэтанакіравана.

За савецкім часам паслужыў ва Узбекістане і Новасібірску, але з атрыманнем Беларуссю незалежнасці вярнуўся адразу на радзіму. Ад 1992 года ён быў ва ўнутраных войсках РБ (кажуць, што станаўленне ўнутраных войскаў Беларусі ў будучыні і адбывалася ў значнай ступені дзякуючы Агальцу).

Ад 1995 — першы намеснік міністра МУС. У той жа год узначаліў ведамства. Кажуць, што пры Агальцу на мітынгі апазіцыі ўпершыню сталі выпускаць БТРы і вадамёты. У 1996 ён трапіў у маёмасны скандал. Ён казаў, што здаў службовую кватэру ў Ташкенце, але газета «Ізвесція» пісала, што Агалец яе прадаў. Тым не менш потым адразу атрымаў у Мінску службовую чатырохпакаёўку.

У расійскай «Новой газете» пісалі, што Агалец аднойчы ледзь выжыў пасля трапляння кулі ў галаву. Падначаленыя яго так і называлі «генерал з куляй у галаве».

Пасля звальнення з міністэрскай пасады Агалец быў адпраўлены прадстаўніком МУС пры пасольстве Беларусі ва Украіне. Потым нейкі час папрацаваў у Акадэміі кіравання пры прэзідэнце. Апошнім значным месцам працы Валянціна Агальца быў Velcom. У аператара мабільнай сувязі ён узначальваў службу бяспекі.

Юрый Сівакоў (1999—2000): спорт і выкладанне

Першы этнічны не беларус, якога Лукашэнка паставіў міністрам унутраных спраў. Сівакоў родам з Сахаліна. Вучыўся на Далёкім Усходзе. Ён не міліцыянер, а вайсковец, танкіст. У Беларусь трапіў на службу, так і застаўся.

Ад 1985-м узначальваў грамадзянскую абарону Беларусі. Удзельнічаў у ліквідацыі наступстваў Чарнобыльскай катастрофы.

У 1995 годзе Сівакоў трапіў на службу ва ўнутраныя войскі, тады ж стаў намеснікам міністра ўнутраных спраў. У 1996 годзе атрымаў званне генерал-маёра.

Сівакоў усяго крыху больш за год узначальваў МУС, на гэты час прыпала знікненне Юрыя Захаранкі. Сівакоў праходзіў як адзін з падазраваных па гэтай справе.

Папрацаваў у Адміністрацыі прэзідэнта, а таксама міністрам спорту і турызму (2003—2005). На апошняй пасадзе дэманстраваў сваю адкрытасць, даваў вялізную колькасць інтэрв’ю. Апошнія гады выкладаў крыміналогію ў Мінскім інстытуце кіравання, быў там прарэктарам.

Уладзімір Навумаў (2000—2009): з’ехаў з краіны, сышоў у бізнэс

Гэты сілавік родам са Смаленска, але гаварыў з беларускім акцэнтам. Амаль усё жыццё адпрацаваў у органах МУС. З набыццём Беларуссю незалежнасці ўзначальваў атрад спецназа МУС, пасля гэта перайшоў на працу ў «Алмаз».

Уладзімір Навумаў узначальваў Службу бяспекі прэзідэнта. Пры ім у якасці міністра адбываўся разгон Плошчы 2006 года. Навумаў — адзін з чатырох сілавікоў, супраць якіх па сёння дзейнічаюць санкцыі Еўрасаюза. Рэч у тым, што еўрапейцы падазравалі Навумава ў датычнасці да знікнення Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага.

У адстаўку Лукашэнка адправіў Навумава ў 2009 годзе. Новай пасады экс-міністру ў Беларусі не знайшлося. Хаця нейкі час ён яшчэ ўзначальваў Беларускую федэрацыю хакея. Пасля гэтага Навумаў з’ехаў у Маскву. Працаваў там у канцэрне «Растэхналогіі», якая займаецца вырабам высокатэхналагічнай зброі, цяпер у прыватным бізнэсе. У 2014 атрымаў ордэн Айчыны ІІІ ступені за правядзенне чэмпіянату свету па хакеі. У Мінску, кажуць, амаль не з’яўляецца.

Анатоль Куляшоў (2009—2012): хвароба і апарат СНД

Народжаны ў Азербайджане, але сям’я пераехала ў Беларусь. Жыў у Чашніцкім раёне. Там жа пачынаў працаваць трактарыстам. Ад 1980 — у міліцыі. Працаваў і з непаўналетнімі, і ў крымінальным вышуку.

Узначальваў міліцыю некаторых раёнаў Мінска. Кіраваў УУС Гомельскага аблвыканкама, быў начальнікам міліцыі Мінгарвыканкама. Потым трапіў на працу ў міністэрства.

Куляшоў не адзначаўся вялікімі інтэлектуальнымі здольнасцямі. Ён запомніўся фразай, што асабіста аддаваў загад на разгон Плошчы ў 2010 годзе.

У адстаўку сышоў па стане здароўя. У Куляшова знайшлі рак. Тым не менш яму ўдалося перамагчы хваробу. Куляшоў працаўладкаваўся на пасаду дарадцы ў выканаўчым камітэце СНД. Заробак атрымлівае ў расійскіх рублях.

Каментары11

Як рыхтавалася аперацыя па падрыве пэйджараў і рацый «Хезбалы»? Агенты «Масада» раскрылі падрабязнасці

Як рыхтавалася аперацыя па падрыве пэйджараў і рацый «Хезбалы»? Агенты «Масада» раскрылі падрабязнасці

Усе навіны →
Усе навіны

На Гомельшчыне нехта выкінуў ката-сфінкса на двор з ляжанкай і кормам. Жывёліна загінула2

Дзед Мароз прыехаў да дзяцей на «Лінію Сталіна» на танку5

Халезін: Машэнскі — таленавіты бізнэсмен, за кошт гэтага жыве цэлы рэгіён16

Топ-вядучая АНТ Рудакоўская: Я выдатна памятаю 90-я. Таму буду рабіць усё магчымае, каб пераварот не атрымаўся17

Жываглод прызнала рассылку праз чат-бот «Сумленных людзей» карыстальнікам у Беларусі: Але не ў працоўны час, пасля 18 гадзін21

У Беларусі прызналі «экстрэмісцкімі» ўсе іконы ў стылі анімэ3

У Гомелі трое пенсіянераў пабіліся з-за купюры ў 5 рублёў1

Радзіна рэзка адказала Халезіну: Неўзлін — мой сябар, які шмат зрабіў для развіцця дэмакратыі ў многіх краінах45

Расійскі Z-канал запусціў фэйк пра акцыі пратэсту напярэдадні выбараў у Беларусі9

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Як рыхтавалася аперацыя па падрыве пэйджараў і рацый «Хезбалы»? Агенты «Масада» раскрылі падрабязнасці

Як рыхтавалася аперацыя па падрыве пэйджараў і рацый «Хезбалы»? Агенты «Масада» раскрылі падрабязнасці

Галоўнае
Усе навіны →