Усяго патроху44

Чыста па-японску: краіна, дзе на вуліцах няма дворнікаў і скрыняў для смецця

У Японіі вельмі хутка прывыкаеш да жыцця ў чысціні. Але тут вы не знойдзеце ні скрыняў на вуліцах, ні дворнікаў. Чаму ж у гэтай краіне так чыста?

Вучні сядзяць у класе, з партфелямі на сталах, быццам бы ўжо гатовыя сарвацца з месца і пабегчы дадому пасля доўгага дня ў школе (сем урокаў па 50 хвілін). Але прыходзіцца ўважліва слухаць настаўніцу, якая расказвае пра планы на заўтрашні дзень.

І нарэшце — традыцыйная заключная аб'ява: «Так, сённяшні парадак прыборкі. Першы і другі шэрагі прыбіраюць у класе. Трэці і чацвёрты — у калідоры і на лесвіцы. Пяты шэраг — прыбіральні».

Чуюцца стогны тых, хто сядзіць у пятым шэрагу, але ўсе ўстаюць, расхопліваюць швабры, анучы і вёдры з шафы, што ў глыбіні класнага пакоя, і выносяцца хто куды, у тым ліку ў прыбіральні. Падобнае адбываецца ва ўсіх японскіх школах, кожны дзень.

Тыя, хто ўпершыню прыязджае ў Японію, бываюць узрушаныя чысцінёй гэтай краіны. Потым яны заўважаюць адсутнасць смеццевых скрыняў. І дворнікаў. І тады яны задаюцца пытаннем: як Японіі ўдаецца заставацца такой чыстай?

Адказ просты: жыхары гэтай краіны падтрымліваюць яе ў такім стане. «Усе 12 гадоў у школе, з пачатковых класаў да старэйшых, прыборка ўваходзіць у штодзённы расклад заняткаў», — кажа Маіко Аване, намеснік дырэктара такійскага офіса ўрада прэфектуры Хірасімы.

«І дома бацькі таксама прывучаюць нас да таго, што гэта вельмі дрэнна — не падтрымліваць чысціню і парадак у сваім пакоі і ў сваіх рэчах».

Уключэнне гэтага элемента грамадскай самасвядомасці ў вучэбную праграму дапамагае дзецям выпрацаваць адказнасць за ўсё навакольнае. Хто захоча забруджваць і псаваць школу, у якой сам прыбіраецца кожны дзень?

«Часам мне не хацелася займацца прыборкай, — успамінае перакладчыца Чыкацца Хаясі, — але я зміралася, таму што гэта было часткай штодзённага распарадку. Думаю, прыборка школы — вельмі карысная рэч. Мы вучымся таму, як важна браць на сябе адказнасць за чысціню тых месцаў, якімі карыстаемся».

Прыходзячы ў школу, навучэнцы пакідаюць абутак у шафках і пераабуваюцца ў красоўкі. Дома людзі пакідаюць свой вулічны абутак ля ўвахода ў кватэру. Майстры, якія прыходзяць нешта адрамантаваць, разуваюцца і ходзяць па кватэры ў шкарпэтках.

Па меры таго, як дзеці падрастаюць, іх зона адказнасці за чысціню пашыраецца — спачатку да квартала, затым да горада і ўсёй краіны.

Некаторыя візуальныя прыклады неверагоднай прыхільнасці японцаў да чысціні сталі віруснымі — скажам, сяміхвілінны рытуал прыборкі ў хуткасным цягніку «Сінкансен».

Нават японскія футбольныя заўзятары — фанаты чысціні, што яны і даказалі падчас розыгрышаў Кубка свету ў Бразіліі (2014) і Расіі (2018), здзівіўшы свет тым, як на стадыёне ў канцы матча яны збіраюць за сабой усё смецце.

Японскія футбалісты таксама пакідалі за сабой распранальні ў ідэальным парадку. «Які прыклад для іншых каманд!» — пісала ў твітары каардынатар ФІФА Прысцыла Янсенс.

«Нас, японцаў, вельмі турбуе тое, як мы выглядаем у вачах іншых, — тлумачыць Аване. — Нам не хочацца, каб пра нас думалі як пра людзей, якім не хапае адукацыі ці выхавання, каб прыбірацца за сабой».

Тое ж самае адбываецца на японскіх музычных фестывалях. На рок-фэсце «Фуджы», найстарэйшым і найбуйнейшым у Японіі, фанаты носяць з сабой усё сваё смецце, пакуль не знаходзяць смеццевую скрыню. Тых, хто курыць, просяць прынесці з сабой попельніцы і «ўстрымлівацца ад курэння там, дзе дым можа перашкаджаць іншым», напісана на сайце фестывалю.

Можаце сабе ўявіць такое на знакамітым фестывалі ў Вудстоку ў 1969 годзе, які праходзіў пад дажджом, у брудзе і антысанітарыі?

Вы штодня назіраеце прыклады сацыяльнай адказнасці ў жыцці японцаў. Напрыклад, каля 8 раніцы офісныя работнікі і персанал крам прыбіраюць вуліцы насупраць месца працы. Дзеці добраахвотна ўдзельнічаюць у штомесячнай прыборцы свайго раёна, збіраючы смецце на вуліцах, прылеглых да школы.

У жылых раёнах прыборка — рэгулярнае мерапрыемства, хоць прыбіраць звычайна амаль няма чаго.

Нават грашовыя купюры выходзяць з банкамата храбусткімі і чыстымі, нібы толькі што накрухмаленая кашуля.

Тым не менш грашам уласціва збіраць бруд, таму ў Японіі ніколі не дадуць вам купюру проста ў рукі. У крамах, гатэлях і нават у таксі вы ўбачыце маленькі паднос, на які кладуцца грошы.

Улічваюць тут і наяўнасць нябачнага бруду — бактэрый і мікробаў. Калі японец захворвае прастудай або грыпам, ён носіць медыцынскую маску, каб не заразіць іншых. Гэта зніжае распаўсюджванне вірусаў падчас сезонных эпідэмій і дазваляе зэканоміць грошы на медыцынскія паслугі і знізіць страты ад прапушчаных рабочых дзён.

Як жа японцы сталі такімі фанатамі чысціні? Гэта відавочна не нешта новае, паколькі з гэтым сутыкнуўся яшчэ ў 1600 годзе мараход Уіл Адамс, які стаў першым ангельцам, які ступіў на зямлю Японіі.

Джайлс Мілтан ў біяграфіі Адамса «Самурай Уільям» адзначае, што «прадстаўнікі арыстакратыі былі няўхільна чыстыя», каналізацыя і прыбіральні былі ва ўзорным парадку, а ў парных курыліся водары, у той час як вуліцы англійскіх гарадоў таго часу «часта бывалі перапоўненыя экскрэментамі».

Японцы былі ў жаху ад таго, што еўрапейцы не звярталі ўвагі на асабістую гігіену.

Часткова такую ​​заклапочанасць можна растлумачыць практычнымі меркаваннямі. У гарачым вільготным клімаце Японіі прадукты хутка псуюцца, бактэрыі размнажаюцца, вірусы распаўсюджваюцца. Так што выкананне правіл гігіены ідзе на карысць здароўю.

Але поўнае тлумачэнне ўсё ж такі ляжыць глыбей. Чысціня — важнае паняцце ў будызме, які прыйшоў на японскую зямлю з Кітая і Карэі паміж VI і VIII стст.

А ў дзэн-будызме, што прыйшоў у Японію з Кітая ў XII—XIII стагоддзях, такія штодзённыя справы, як падрыхтоўка ежы і прыборка, лічацца духоўнымі практыкаваннямі, падобна медытацыі.

«У дзэн… змыванне бруду і ў фізічным, і ў духоўным сэнсе грае важную ролю ў штодзённай практыцы», — кажа Эрык Кувагакі з храма Сінсё-дзі ў Фукуяме (прэфектура Хірасіма).

У «Кнізе пра чай» Акакуры Какуза, класічнай працы пра чайныя цырымоніі і закладзеную ў іх філасофію дзэн, аўтар піша, што ў пакоі, дзе праходзіць чайная цырымонія, «усё абсалютна чыста. Ні парушынкі ў самым цёмным куце. Таму што калі знайсці парушынку, то гаспадар — не чайны майстар».

Гэта было напісана ў 1906 годзе, але справядліва і сёння. Перад пачаткам цырымоніі ў чайным доме Сейфукан у Хірасіме вы ўбачыце, як памочніца чайнага майстра ў кімано на карачках літаральна прамаквае татамі на падлозе клейкай стужкай з карычневай паперы, падбіраючы такім чынам найменшую парушынку.

Чаму ж не ўсе будыйскія краіны гэтак жа заўзята ставяцца да чысціні? Справа, можа быць, у тым, што задоўга да будызму ў Японіі была яе ўласная рэлігія — сінтаізм (сінці, «шлях багоў»), у сэрцы якой ляжыць чысціня і якая па гэты дзень — аснова японскай самабытнасці.

На Захадзе часам кажуць, што чысціня — другая дабрачыннасць пасля пабожнасці. У сінтаізме яна — сама пабожнасьць. Так што чысціня па-будыйску ўпала на падрыхтаваную сінтаізмам глебу — японцы яе ўжо практыкавалі.

Важная канцэпцыя ў сінтаізме — кегарэ (забруджванне, апаганьванне) у процілегласць чысціні. Прыкладамі кегарэ можа служыць шмат чаго — ад смерці і хвароб да любой непрыемнай рэчы. Каб пазбегнуць кегарэ, патрэбныя частыя рытуалы ачышчэння.

«Калі чалавек пакутуе кегарэ, гэта можа прынесці шкоду ўсяму грамадству», — тлумачыць Норыякі Ікеда, памочнік сінтаісцкага святара ў хірасімскім храме Канда.

«Так што практыкаваць чысціню жыццёва важна. Гэта ачышчае вас і дапамагае пазбегнуць бедстваў для ўсяго грамадства. Вось чаму Японія — вельмі чыстая краіна».

Такі клопат пра іншых цалкам можна зразумець у кантэксце, напрыклад, заразных хвароб. Але гэта працуе і на больш празаічным узроўні — напрыклад, прыборцы смецця за сабой.

Як кажа Аване, «мы, японцы, лічым, што не павінны абцяжарваць іншых сваёй лянотай і нежаданнем прыбіраць за сабой».

З прыкладамі рытуальнага ачышчэння сутыкаешся кожны дзень. Перад тым, як увайсці ў сінтаісцкі храм, людзі, якія прыйшлі памаліцца, абмываюць рукі і рот вадой з каменнай чары ля ўваходу.

Многія японцы прывозяць свой новы аўтамабіль да храма, каб святар яго ачысціў. Той выкарыстоўвае для гэтага махала з пёраў, так званае «онуса», і абмахвае ім аўтамабіль. Потым ён адкрывае дзверцы, капот і багажнік, каб ачысціць машыну ўнутры.

Святар прымяняе онусу і для ачышчэння людзей, і для ачышчэння зямлі, на якой трэба будзе пабудаваць новы будынак.

Калі вы жывяце ў Японіі, то хутка прывыкаеце да такога чыстага стылю жыцця. Вы спыняецеся смаркацца на людзях, вы пачынаеце карыстацца сродкам для дэзынфекцыі рук, якім пакупнікоў і кліентаў забяспечваюць крамы і офісы. Вы вучыцеся сартаваць сваё хатняе смецце па 10 катэгорыях, каб дапамагчы правільнай яго перапрацоўцы.

І неўзабаве, як гэта заўважыў яшчэ ў пачатку XVII стагоддзя Уіл Адамс, вы заўважаеце, што якасць вашага жыцця павысілася.

Потым, калі вы вернецеся на радзіму, вы адчуеце шок, убачыўшы варвараў, што чхаюць і кашляюць проста вам у твар. Або заходзяць у ваш дом у брудным абутку. Што неймаверна ў Японіі.

Але надзея ўсё ж такі ёсць. У рэшце рэшт, пакемоны, сушы і тэлефоны з камерамі таксама не адразу заваявалі свет.

Каментары4

Цяпер чытаюць

Памятаеце Асоль Слівец? Жыццё фрыстайлісткі змянілася да непазнавальнасці, цяпер яна Абігаль3

Памятаеце Асоль Слівец? Жыццё фрыстайлісткі змянілася да непазнавальнасці, цяпер яна Абігаль

Усе навіны →
Усе навіны

Ціханоўская шукае ў Варшаве касметолага і трэнера па боксе29

Трамп адкрыта выказаў падтрымку Віктару Орбану на выбарах4

Форма зборнай Гаіці выклікала сапраўдны фурор на Зімовых Алімпійскіх гульнях. Але яе ледзь не забаранілі2

Еўракамісія прадставіла прапановы па 20‑м пакеце санкцый супраць Расіі. Яго маюць прыняць да гадавіны вайны

Калеснікава падзякавала за падтрымку і кілаваты цеплыні і святла, якія яны адчула ў апошнія дні12

«Гэта ж махінацыя». Беларуска дапамагла сяброўцы зрабіць польскую візу і атрымала галаўны боль з банкам5

Франак Вячорка і Аляксандр Дабравольскі пераязджаюць у Варшаву разам з Ціханоўскай26

У Беларусі пасля «Улі» хочуць абмежаваць цэны на таксі2

«Моцныя сутаргі па ўсім целе». 18‑гадовы Мацвей расказаў, як яго ўдарыла токам у мінскім тралейбусе2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Памятаеце Асоль Слівец? Жыццё фрыстайлісткі змянілася да непазнавальнасці, цяпер яна Абігаль3

Памятаеце Асоль Слівец? Жыццё фрыстайлісткі змянілася да непазнавальнасці, цяпер яна Абігаль

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць