Хто такая Алеся Пархоменка з Кіпра, якая развязала беларуска-беларускую вайну
«Тактычная шлюха», «кар’ерная прастытутка», «вусатая пакіданка», «арганізатар замаху на Машэрава» — гэта абразы і абвінавачванні, якімі Алеся Пархоменка раскідваецца налева і направа. Што рухае ёй? І адкуль у гэтай «архітэктаркі тунэляў продажаў, digital marketing online» абарончы парасон, чаму яе дагэтуль ніхто не выклікаў у суд?

Тыя, хто цікавіцца палітыкай, звыклыя да спрэчак. Палітыкі без спрэчак не бывае. Аднак нядаўна беларускі дэмакратычны рух сутыкнуўся з нечым зусім для сябе новым.
Вось жанчына, якая называе сябе кіраўніцай «дэмакратычнай амбасады Беларусі на Кіпры», піша пра Паўла Севярынца — чалавека, які чатыры разы быў зняволены за свае погляды:

Вось яна ж абвінавачвае дзеда Франака Вячоркі ў арганізацыі забойства Пятра Машэрава:

Стылістыка гэтых допісаў падобная да Азаронкавай. Але Азаронак не хавае, што яго задача — знішчэнне праціўнікаў Лукашэнкі. Алеся Пархоменка — рэзідэнт Еўрасаюза і, нібыта, удзельніца антылукашэнкаўскага руху.
Алеся Пархоменка выступае ад імя беларусаў на Кіпры, сустракаецца з мясцовымі чыноўнікамі і замежнымі дыпламатамі, называючы сябе прадстаўніцай «Дэмакратычнай амбасады Беларусі» — амбасадаркай яна прызначыла сябе сама, аднак яе паства не толькі ў Нікасіі і Лімасоле — яна анлайн, ад Лас-Анджэлеса да варшаўскіх шэлтараў.
Хто яна і што за крыўду нясе яна на сваіх плячах?
Сама Алеся Пархоменка прыйшла ў беларускую грамадскую дзейнасць на хвалі 2020 года. Родам яна з Віцебска, а з 2018 года жыве на Кіпры.

З «Вэлкама» на Кіпр
Алесі Пархоменцы 45 гадоў. Яна родам з Віцебска, па адукацыі — выкладчыца англійскай і нямецкай моў, нейкі час працавала ў школе. Пасля перайшла ў Velcom, аддзел роўмінгу, а ў 2017‑м скончыла курсы SEO ў IT Academy і занялася інтэрнэт-маркетынгам.
У яе беларускай біяграфіі не відаць ні цікавасці да беларускай палітыкі, ні ўдзелу ў дэмакратычным руху ці хоць якім грамадскім актывізме.
Пасля пераезду на Кіпр Пархоменка ўвайшла пераважна ў рускамоўнае асяроддзе. Яе тагачасны свет — свецкія вечарыны, расійска-кіпрскія бізнэс-кантакты, сеткавы маркетынг і палітычная сіла, якую на востраве называлі «рускай партыяй».
У 2020 годзе Алеся Пархоменка на чужыне раптам адкрыла для сябе Беларусь. Яна далучылася да пратэставай хвалі і неўзабаве пачала расстаўляць дыягназы, хто ў беларускім дэмакратычным асяроддзі сапраўдны патрыёт, а хто грантасмок, здраднік і агент.

На Кіпр Алеся Пархоменка пераехала ў 2018 годзе. На запыт «Нашай Нівы» пра тое, на якой падставе яна пераехала на Кіпр, Пархоменка не адказала.
Яна пасялілася ў раёне гарадка Пафас разам з сынам 2004 года нараджэння. Уладкавалася ў Dolphin Studio, дзе на сайце кампаніі была прадстаўленая як фронтэнд-распрацоўшчыца, і прапаноўвала кліентам стварэнне сайтаў, кантэнт і прасоўванне ў Google. Яна таксама рэкламавала і турыстычныя праекты: напрыклад, пляцоўку кароткатэрміновай арэнды Uturista.net і сайт аўтапракату CyprusCarRent.info.

«Доктар у кішэні» з прыкметамі фінансавай піраміды
Увосень 2019 года Алеся Пархоменка абвясціла сябе самазанятай і прыдумала сваёй прафесіі эфектную назву: «архітэктар тунэляў продажаў, digital marketing online». У гэтай ролі яна, падобна, і далучылася да Avicenna Digital Doctor — прадукту расійскай бізнэс-сістэмы DSS.
Avicenna Digital Doctor рэкламавала сябе як міжнародны сэрвіс тэлемедыцыны. Карыстальнікам абяцалі кругласуткавыя анлайн-кансультацыі дактароў, дапамогу ў выбары клінікі і расшыфроўку рэнтгенаўскіх здымкаў з дапамогай штучнага інтэлекту. Медыцыну аб’ядналі з сеткавым маркетынгам і інвестыцыйнымі абяцаннямі. Пакеты каштавалі ад 300 да 2000 долараў, прычым у VIP уваходзілі форэкс-робат і інструмент для гандлю крыптавалютай.
Чаму чалавеку, які купляе кансультацыю доктара, адначасова патрэбны біржавы робат, арганізатары не тлумачылі.
Вакол Avicenna Digital Doctor будавалася MLM-мадэль — шматузроўневы сеткавы маркетынг. Удзельнікам сеткі абяцалі заробкі да 100 тысяч долараў і BMW у падарунак.
Алеся Пархоменка была адной з публічных прамоўтарак праекта: запрашала на сустрэчы і была заяўленая спікеркай канферэнцыі Digital Smart Cyprus з прадстаўнікамі DSS.
За гэтай сістэмай стаяла зарэгістраванае ў Маскве ООО «Диджитал Смарт Системс». Пазней там жа з’явілася «Авиценна Групп».
У лютым 2021 года Банк Расіі ўнёс DSS у спіс арганізацый з прыкметамі фінансавай піраміды. Праз некалькі месяцаў кампанію ліквідавалі.
Уваход у рускамоўнае свецкае кола
На Кіпры Алеся Пархоменка ўвайшла ў мясцовае рускамоўнае кола. Яна ўдзельнічала ў жыцці «Свецкага клуба» — супольнасці забаўляльных і дзелавых сустрэч для рускамоўных жыхароў вострава. У 2018 годзе клуб стаў больш заўважным і сабраў вакол сябе рускамоўных прадпрымальнікаў, арганізатараў, блогераў і людзей, якія мелі сувязі ў мясцовым бізнэсе.
Для Пархоменкі гэта было карыснае асяроддзе. Клуб даваў знаёмствы, аўдыторыю і доступ да людзей, якім можна было прапанаваць свае паслугі.
У верасні 2018 года Алеся Пархоменка ўжо публікавала фатаграфіі з руска-кіпрскага гала-вечара ў Прэзідэнцкім палацы. Яна дзякавала за магчымасць трапіць туды сярод іншага Айгуль Міхневіч — заснавальніцы «Светскага клуба», якая тады была жонкай Івана Міхневіча — аднаго з сузаснавальнікаў Wargaming і стваральнікаў партыі кіпрыётаў постсавецкага паходжання «Я — грамадзянін». Паводле Айгуль, муж дапамагаў клубу грашыма.

«Руская партыя» Кіпра
Палітыка з’явілася ў жыцці Алесі Пархоменка толькі пасля пераезду на Кіпр. Першай сілай, заявы якой Пархоменка пачала сістэматычна распаўсюджваць, стала якраз мясцовая пратыя «Я — грамадзянін», ці ΕΟΠ, партыя рускамоўных бізнэсоўцаў, якую пазней расследавальнікі звязалі з крамлёўскай сеткай уплыву.
Партыю ўзначаліў Аляксей Валабоеў — расійскі бізнэсовец, уладальнік рэстарана ў кіпрскім Лімасоле і заснавальнік рускамоўнай радыёстанцыі Russian Wave. Першым віцэ-старшынёй стаў беларус Іван Міхневіч. У статуце партыі асобна замацавалі прадстаўніцтва інтарэсаў рускамоўнай меншасці на Кіпры.
У 2018 года Алеся Пархоменка актыўна распаўсюджвала матэрыялы ΕΟΠ, асабліва перад прэзідэнцкімі выбарамі на Кіпры. Партыйная рыторыка непасрэдна закранала інтарэсы рускамоўнага бізнэсу. Кіпр гадамі выкарыстоўваўся расійскім капіталам для рэгістрацыі кампаній, банкаўскіх аперацый, інвестыцый і атрымання грамадзянства.
Пазней высветлілася, што сувязі ΕΟΠ з Расіяй былі глыбейшыя за супольную мову яе заснавальнікаў. Расследавальнікі OCCRP даследавалі перапіску звязанай з расійскім парламентам сеткі, якая прасоўвала ў Еўропе выгадныя Крамлю рашэнні. У лістах знайшлі і матэрыялы ΕΟΠ. Яшчэ да рэгістрацыі партыі яе праграмныя дакументы перасылаліся прадстаўнікам расійскай лабісцкай групы. У адным з лістоў паведамлялася пра падтрымку расійскіх дэпутатаў і «блаславенне» Сяргея Лаўрова. Пазней кіраўніцтва партыі ўзгадняла з расійскай амбасадай праграму, заявы і ўдзел у мерапрыемствах.
Партыя мела рэсурсы, але выбарчага поспеху не здабыла.
Расійская тэма ў стужцы Пархоменка гэтых часоў выходзіла далёка за межы кіпрскіх выбараў і ΕΟΠ. Там мільгаюць афішы расійскіх артыстаў, матэрыялы пра царскую сям’ю, партрэт Сталіна з прыпісанымі яму «залатымі словамі», справаздача рускай школы Пафаса са святкавання 9 Мая, «Несмяротным палком» і выступам аркестра Расгвардыі. Падчас чэмпіянату свету па футболе Алеся Пархоменка перажывала за зборную Расіі, згадвала, што Станіслаў Чарчэсав гуляў разам з яе бацькам у «Спартаку», і дзялілася заклікам аддаць «Залаты мяч» Ігару Акінфееву.

Як Алеся Пархоменка адкрыла для сябе Беларусь
У красавіку 2020 года Алеся Пархоменка яшчэ запрашала на сустрэчу з медыцынскай дырэктаркай Avicenna Group. Праз два месяцы яе стужка рэзка змянілася. Там з’явіўся Віктар Бабарыка, «Голас», петыцыі і выбарчыя інструкцыі. Беларуская палітыка, якой раней на старонцы Пархоменкі амаль не было, прыйшла туды разам з кампаніяй 2020 года.
Фатаграфіі збітых, гісторыі з Акрэсціна і відэа з вуліц Мінска выклікалі ў Пархоменкі лютасць.
«У мяне, у веруючага чалавека, толькі словы нянавісці да ЎРОДАЎ», — пісала яна 13 жніўня 2020 года. Праз дзесяць дзён прызнавалася, што раней слова АМАП выклікала асацыяцыю з «бравымі хлопцамі-абаронцамі», а цяпер да яго хочацца дадаць некалькі літар, каб атрымалася лаянка.
Яна распаўсюджвала сведчанні збіццяў і катаванняў. Абурэнне хутка перарастала ў праклёны. «Я гатовая разарваць, няхай вам аддасца напоўніцу, і не пытайцеся потым, чаму хварэюць вашы дзеці, вы нелюдзі», — звярталася Алеся Пархоменка да сілавікоў. У іншым допісе зычыла, каб у такіх жа нечалавечых умовах апынуліся іх бацькі.
Яна падпісала петыцыю за адстаўку Лукашэнкі, патрабавала расследаваць катаванні і заклікала Сусветны банк спыніць фінансаванне Беларусі, пакуль вінаватыя не панясуць адказнасць. Дзялілася дабрачыннымі зборамі для пацярпелых ад рэпрэсій.
У кастрычніку 2020 года Пархоменка апублікавала «Трыб’ют рэвалюцыі ў Беларусі» і прызналася: «Я ўпершыню ў сваім жыцці магу сказаць, што ганаруся беларусамі!»
За некалькі месяцаў Алеся Пархоменка прайшла шлях ад жанчыны, якая прасоўвала расійскія камерцыйныя праекты і жыла ў рускацэнтрычным свеце, да чалавека з бел-чырвона-белым сцягам на аватарцы. Нямала беларусаў у 2020‑м прайшлі той самы шлях.
У 2020 годзе энергія Алесі Пархоменкі была накіраваная супраць рэжыму Лукашэнкі. Праз некалькі гадоў — ужо супраць дэмакратычных беларусаў.
Каранавірус і «вібрацыя любові»
Цікавай была і яе кавідная эвалюцыя. Жанчына, якая нядаўна рэкламавала дыстанцыйную медыцыну, апублікавала тэкст, паводле якога каранавірус мае «вібрацыю 5,5 герца» і гіне пры частаце вышэйшай за 25,5 герца. Страху ў ім прыпісвалі 2,2 герца, шчодрасці — 95, спагадзе — 150, а «безумоўнай любові» — 205. Таму для абароны ад віруса прапаноўвалася любіць, усміхацца, спяваць, танцаваць і «вібраваць вышэй».
Пазней яе кавідная рыторыка стала адкрыта недаверлівай да вакцын. Яна пачала тлумачыць неабходнасць вакцынацыі тым, што «нехта павінен зарабіць», падтрымала кіпрскую петыцыю супраць масак і рэгулярнага тэставання малодшых школьнікаў, дадаўшы: «Калі не хочаце саджаць дзяцей на іголку».
Амбасады і амбасадаркі
Настасся Свіркова, прадстаўніца Народнай амбасады Беларусі ў Аўстрыі, расказвае, што пазнаёмілася з Пархоменкай праз беларускую суполку на Кіпры. Пасля пашпартнага ўказа Лукашэнкі ў 2023 годзе, які пазбавіў беларусаў за мяжой магчымасці атрымліваць і мяняць дакументы ў консульствах, у мясцовых чатах пачалі шукаць выйсце. Настасся прапанавала скарыстацца досведам «Народных амбасадаў» і стварыць іх прадстаўніцтва на Кіпры.
Спачатку зацікавіліся некалькі чалавек, найбольш актыўнай аказалася Алеся Пархоменка.
11 кастрычніка 2023 года Пархоменку дадалі ў працоўныя чаты «Народных амбасадаў». Ёй стварылі службовую пошту, прэзентавалі партнёрам, перадалі кантакты і далучылі да супольнай сеткі. Так яна атрымала новую ролю і гатовы набор інструментаў: прыклады лістоў, алгарытмы адвакатавання, досвед іншых краін і выхады на патрэбных людзей у афіцыйным статусе.
«Я памятаю, як пры падрыхтоўцы першых лістоў яна пыталася: дапамажыце з прыкладамі, як пісаць, каму адпраўляць, да каго ісці. Ёй усё распісвалі па пунктах. Заставалася фактычна толькі перакласці на грэцкую», — расказвае Настасся.
Кансультаваў Пархоменку і юрыст Офіса Святланы Ціханоўскай Леанід Марозаў: дапамагаў разабрацца, як складаць афіцыйныя звароты і камунікаваць з дзяржаўнымі і дыпламатычнымі структурамі.
Праблемы пачаліся тады, калі Алеся Пархоменка, паводле Настассі, пачала канфліктаваць.
«Чаму вы не напісалі ліст міністру Кіпра? Чаму не арганізавалі сустрэчу? Чаму яшчэ не вырашылі пашпартную праблему?» — так, паводле Настассі, гучалі яе прэтэнзіі. Пархоменцы тлумачылі: «Народныя амбасады» могуць даць кантакты, узоры і досвед, але працу ў канкрэтнай краіне робіць мясцовы прадстаўнік.
Калегі па «Народных амбасадах» спрабавалі ўрэгуляваць канфлікт размовамі і медыяцыяй. Як кажа Настасся — «кіламетрамі паведамленняў». Не дапамагло.
Урэшце Алеся Пархоменка выдаліла Настассю з кіпрскага чата беларусаў.
Спрэчкі множыліся. Алеся Пархоменка спачатку далучылася да міжнароднага праекта «Галасы праз межы», але пасля канфлікту выйшла з яго — у выніку кіпрскі этап эстафеты не адбыўся. Падобная сітуацыя, па словах Настассі Свірковай, узнікла і з агульным зборам на дапамогу дзецям палітвязняў.
У выніку 20 чэрвеня 2025 года супрацоўніцтва «Народных амбасадаў» з Алесяй Пархоменкай спынілі. Яе пазбавілі статусу прадстаўніцы і закрылі доступ да працоўных рэсурсаў сеткі.
Юлія Юхно, народная амбасадарка беларусаў у Італіі, кажа, што цяпер прадстаўніцтва сеткі на Кіпры не працуе: «Народнай амбасады там няма. Гэта складаная праца, у кіпрскай дыяспары не знайшлося іншага ахвочага ёй займацца».
Паводле Юліі, пры канцы супрацоўніцтва Пархоменка спрабавала забраць кантакты і працоўныя дакументы, а таксама аднавіць доступ да пошты кіпрскага прадстаўніцтва.
Настасся Свіркова апісвае сітуацыю так: праз тэхнічны недагляд Алеся Пархоменка на кароткі час вярнула доступ да сваёй ранейшай працоўнай прасторы і скапіявала матэрыялы, з якімі ўжо працавала. Доступу да ўсёй сістэмы або чужых нацыянальных раздзелаў яна не атрымала. Неўзабаве яе ўліковы запіс канчаткова заблакавалі. Паводле Юліі Юхно, прадстаўнікі сеткі неаднаразова фіксавалі спробы Пархоменкі вярнуць доступ да пошты «Народнай амбасады» на Кіпры.
Неўзабаве на месцы «Народнай амбасады» Кіпра з’явілася «Дэмакратычная амбасада» Пархоменкі. Яна ўжо не ўваходзіла ў міжнародную сетку, але назва і электронны адрас стваралі ўражанне пераемнасці. Афіцыйны дамен «Народных амбасадаў» — belarusabroad.org. Пасля сыходу Пархоменка пачала выкарыстоўваць для сваёй «Дэмакратычнай амбасады Беларусі на Кіпры» амаль ідэнтычны — belarusabroad.com. Розніца, якую замежны чыноўнік ці выпадковы адрасат можа і не заўважыць: замест.org —.com.
Цікава, што ўзрост «Дэмакратычнай амбасады» Пархоменка лічыць з моманту ўваходжання ў «Народныя амбасады» — нядаўна яна святкавала трохгоддзе існавання ініцыятывы, па факце ж тэрмін на палову меншы.

Прадстаўніца беларускай дыяспары на Кіпры, з якой мы паразмаўлялі, мяркуе, што назва патрэбная Алесе Пархоменцы найперш як статусны пропуск на сустрэчы з чыноўнікамі:
«Адна справа, калі яна прыходзіць і кажа: «Добры дзень, я Алеся Пархоменка». І зусім іншая — калі прадстаўляецца як прадстаўніца Дэмакратычнай амбасады Беларусі».
З аднаго боку, Алеся Пархоменка не сядзела склаўшы рукі. Яна пісала афіцыйныя лісты і ўздымала праблему беларусаў з пратэрмінаванымі пашпартамі. У 2026 годзе Кіпр сапраўды дазволіў такім людзям падавацца на дазволы на пражыванне і працягваць іх. Яна гэта падае як перамогу аднаго чалавека. Між тым пытанне тых жа пашпартоў са свайго боку таксама лабіраваў Офіс Ціханоўскай.
«Пархоменка даволі часта піша нібыта ад імя беларускай дыяспары на Кіпры. Але звычайна гэта яе асабістае меркаванне і асабістае стаўленне, пададзенае як пазіцыя ўсёй супольнасці. Фармат, у якім яна апошнім часам выказваецца, і словы, якія ўжывае, не толькі не дыпламатычныя, але і некультурныя. Гэта недапушчальна для чалавека, які піша ад імя дыяспары і дэмакратычных сіл», — кажуць у беларускай дыяспары Кіпра.
Паказальная гісторыя здарылася з IT-прадпрымальнікам Алегам Рашэтнікавым. Ён даўно жыве на Кіпры, падтрымліваў беларускія праекты яшчэ да 2020 года і дапамагаў кіпрскай супольнасці тэхнічнымі рэсурсамі. Ён запрасіў Пархоменку адміністраваць суполку CY BY Solidarity. У студзені 2026 года Алеся Пархоменка стварыла ўласны чат і пачала запрашаць туды ўдзельнікаў старой суполкі, сцвярджаючы, што яе бяспека пад пагрозай. Рашэтнікаву яна патлумачыла, што ў ранейшай групе нібыта ёсць агенты КДБ. Аднак у новым чаце, паводле яго, праблемай называла ўжо самога Рашэтнікава.
«Пасля абвінавачання Алесі ў мой адрас, што я агент ФСБ і КДБ, мая актыўнасць у падтрымцы беларусаў знізілася амаль да нуля», — напісаў прадпрымальнік.

Беларуская дыяспара Кіпра
На Кіпры жыве адносна невялікая, але заможная беларуская супольнасць. Перапіс 2021 года налічваў 780 грамадзян Беларусі, на канец 2025 года грамадзяне Беларусі мелі на Кіпры ўжо 3256 дзейных дазволаў на пражыванне. Значную частку новай хвалі складаюць супрацоўнікі IT-кампаній, фінансісты, прадпрымальнікі і іх сем’і.
«Нельга сказаць, што тут існуе нейкі хаўрус беларусаў, які збіраецца, выпрацоўвае агульную пазіцыю і потым нешта робіць», — кажа IT-спецыяліст, які жыве на Кіпры. Паводле яго, людзі гуртуюцца ў прыватных колах, а большасць засяроджаная на працы і бізнэсе: жыццё на востраве дарагое.
Іншая прадстаўніца дыяспары з такой ацэнкай спрачаецца: беларускае жыццё на Кіпры ёсць. Тут ладзяць музычныя фестывалі, спяваюць беларускія песні, танцуюць беларускія танцы.

Амаль на кожнай імпрэзе збіраюць дапамогу палітвязням ці на культурныя праекты.
«Такія мерапрыемствы арганізуюцца не дзеля паказухі ў сацсетках, а для нашай супольнасці. Гэта таксама пытанне бяспекі», — тлумачыць нашая суразмоўца.
Напачатку ў такіх культурных імпрэзах удзельнічала і Алеся Пархоменка. Але апошнім часам цікавасць да іх у яе знікла. Яна цалкам пераключылася на крытыку лідараў апазіцыі. І іх родных.
Cartier Crash і «Лідскі аблвыканкам»
Метад Пархоменкі можна апісаць старой прымаўкай: чуе звон, але не ведае, дзе ён. Толькі пасля гэтага яна яшчэ піша донарам, амбасадам і працадаўцам з патрабаваннем адшукаць і пакараць званара.
Яскравы прыклад — гісторыя з бацькам дарадцы Святланы Ціханоўскай Дзяніса Кучынскага. Пархоменка заявіла, што ён больш за дзесяць гадоў займае кіруючую пасаду ў «Лідскім аблвыканкаме», працуе намеснікам дырэктара ў ЖКГ і ў 2025 годзе атрымаў грамату.
Па-першае, Ліда не абласны цэнтр, таму Лідскага аблвыканкама не існуе. Па-другое, праверка «Нашай Нівы» паказала, што Генадзь Кучынскі не працаваў у выканкаме і не быў чыноўнікам. Ён быў механікам, потым намеснікам дырэктара камунальнага прадпрыемства, а пазней перайшоў у дарожнае ўпраўленне. «Грамата» аказалася віншаваннем з 60-годдзем. То бок у гэтай гісторыі не сышлося амаль нічога: ні месца працы, ні статус, ні ўзнагарода.
Гэта быў не адзінкавы такі выпадак. У змаганні супраць тых, каго Алеся Пархоменка лічыць праціўнікамі, яна не грэбуе адкрытымі фэйкамі. Адзін з апошніх — гісторыя пра нібыта надзвычай дарагі гадзіннік дарадцы Святланы Ціханоўскай Дзяніса Кучынскага (першым гэты фэйк запусціў тэлеграм-канал, звязаны з ГУБАЗіКам).
Пархоменка змясціла фатаграфію Кучынскага побач з аб’явай пра Cartier Crash коштам амаль $430 тысяч і здзекліва пыталася, хто падарыў яму такі гадзіннік. З аднаго здымка яна зрабіла выснову пра тое, «што могуць дазволіць сабе офісныя работнікі».
Звычайная праверка паказала, што на руцэ Кучынскага быў не Cartier, а танны гадзіннік падобнай формы, набыты на Vinted прыкладна за 35 еўра.
Нават пасля таго як СМІ напісалі пра гэты фэйк, інфармацыя пра Cartier Crash засталася ў сацсетках Пархоменкі.

«Уціхамірыць сваіх супрацоўнікаў нетрадыцыйнай арыентацыі»
Журналіст «Еўрарадыё» Тарас Тарналіцкі сутыкнуўся з Алесяй Пархоменка пасля матэрыялу пра дапамогу былым палітвязням.
Пархоменка сцвярджала, што праваабарончыя фонды пакідаюць вызваленых людзей без падтрымкі, і называла канкрэтныя прозвішчы. Тарас звязаўся з гэтымі людзьмі і арганізацыямі. Паводле журналіста, у большасці выпадкаў рэальная сітуацыя істотна адрознівалася ад карціны, якую намалявала Пархоменка. Вынікі праверкі былі апублікаваныя «Еўрарадыё» ў лістападзе 2025 года.
У адказ Алеся Пархоменка заявіла, што будзе звяртацца да донараў, прапанавала кіраўніку медыя «ўціхамірыць сваіх супрацоўнікаў нетрадыцыйнай арыентацыі», а ў каментарыях перайшла да непрыхаванай гамафобнай лаянкі.
Тарас Тарналіцкі запатрабаваў прабачэнняў і пачаў кансультавацца з юрыстамі наконт пазову аб абароне гонару і годнасці. Да суда справа не дайшла: паводле журналіста, для працэсу на Кіпры патрабаваўся дакладны адрас адказчыцы, які ён не ведае.
Алеся Пархоменка верыць у лісты донарам. Калі «Радыё Рацыя» апублікавала каментар Андрэя Стрыжака, яна змясціла гатовы англамоўны тэкст і адрасы амбасадаў ЗША і Нідэрландаў, заклікаючы пісаць туды лісты і патрабаваць праверкі рэдакцыі за тое, што далі слова недастойнаму чалавеку.
Гранты, якія атрымалі іншыя
Пры ўсіх сваіх крыжовых паходах супраць «грантасосаў» сама Алеся Пархоменка спрабавала атрымаць грантавае фінансаванне.
У сакавіку 2024 года яна скардзілася, што Беларуская рада культуры адхіліла яе заяўку. Пазней расказвала пра няўдачу ў конкурсе, звязаным з архітэктурай, і тлумачыла адмову нібыта «гендарнымі квотамі».
Карціна свету Пархоменкі поўная тэорый змовы. У ёй «офісныя» жывуць сваё раскошнае жыццё і падманваюць простых беларусаў, толькі «свае» атрымліваюць гранты, «кішэнныя» журналісты хлусяць за грошы, а донары не ведаюць, каго фінансуюць. Усе павінны быць выкрытыя і пакараныя.
Адкуль нянавісць да Франака Вячоркі і Антона Матолькі
У карціне свету Алесі Пархоменкі Франак Вячорка і Антон Матолька займаюць асаблівае месца. Іх яна лічыць людзьмі, з якіх пачалася яе асабістая гісторыя расчараванняў.
Сваю версію Алеся Пархоменка выклала ў эмацыйным допісе. Паводле яе словаў, яна «звычайная дзяўчынка-айцішніца без грантаў, якая проста стварыла дваровы чат». Спачатку Антон Матолька і Франак Вячорка «патапілі» яе рэпутацыю ў дваровых супольнасцях, а затым да цкавання далучылася «твітарская эліта». Прычынай яна называе тое, што задавала «нязручныя пытанні» і гаварыла праўду.
Пархоменка перакананая: менавіта Вячорка і яго асяроддзе вінаватыя ў паразе пратэстаў і многіх бедах звычайнах беларусаў. Спачатку яны скарысталіся шчырымі ўдзельнікамі пратэсту, потым падзялілі грошы і статус паміж «сваімі», а нязручных адсунулі на перыферыю. Сярод такіх адрынутых Пархоменка бачыць і сябе: яна лічыць, што з рызыкай для сябе дапамагала беларусам, але не атрымала належнага прызнання. Любая іншая думка ці крытыка толькі дае Пархоменцы новы доказ існавання змовы.
Саму сябе яна называе «сэлф-мейд дзяўчынай з беднай сям’і» з абвостраным пачуццём справядлівасці, якая працягвае гаварыць тое, што лічыць праўдай, і супрацьпастаўляе сябе прафесійнай апазіцыі «на грантах».
Ад «дзякую за партнёрства» да «два твары адной пачвары»
У палітычным свеце Алесі Пархоменкі няма паўтонаў. Людзі ў ім або ідуць разам з ёй у крыжовы паход — і тады становяцца «найлепшымі», «прафесійнымі» і «цудоўнымі» (такім рэзка стаў Сяргей Ціханоўскі, калі пачаў крытыкаваць уласную жонку і незалежныя СМІ), — або пярэчаць, адмаўляюцца падзяляць яе меркаванні. Тады ўчорашнія партнёры імгненна ператвараюцца ў «грантажэраў» і частку «офіснай сістэмы».
Найбольш наглядна гэта бачна на гісторыі Валера Кавалеўскага і Агенцтва еўраатлантычнага супрацоўніцтва. У 2025 годзе Алеся Пархоменка публічна будавала на гэтым партнёрстве ўласны статус. У жніўні пісала, што супрацоўніцтва з Агенцтвам «адкрывае новыя магчымасці для міжнароднага ўзаемадзеяння і абмену досведам». Кавалеўскі ў адказ называў яе працу на Кіпры прыкладам самастойнага вырашэння праблем і спадзяваўся на «сумесныя плённыя дзеянні».
У верасні Пархоменка дзякавала Агенцтву і асабіста Кавалеўскаму за экспертную дапамогу ў падрыхтоўцы да міжнароднага форуму. У кастрычніку, адзначаючы другую гадавіну сваёй «Дэмакратычнай амбасады», зноў называла яго сярод людзей, якія «падтрымліваюць і застаюцца побач».
31 снежня 2025 года яна падсумавала:
«Euro-Atlantic Affairs Agency — у гэтым годзе адбылося партнёрства. Дзякую за падтрымку, а Валеру Кавалеўскаму — за кансультацыі па дыпламатычных пытаннях, якіх было велізарнае мноства. Было прадуктыўна».
Не мінула і года, як «прадуктыўнае партнёрства» ператварылася ў змову. Ужо ў 2026‑м Пархоменка пісала выключна пра грошы і абароты фондаў Кавалеўскага і супрацоўніка Агенцтва Аляксандра Пянькоўскага. З самога факта наяўнасці ў іх сродкаў для дзейнасці яна рабіла нічым не абгрунтаваную выснову, што структуры нібыта атрымліваюць гранты, кантраляваныя Офісам Ціханоўскай, падманваюць беларусаў і выконваюць ролю «кішэннай апазіцыі».
«Два твары адной пачвары», — прыпячатала Пархоменка тых, каго ўчора ўзносіла як партнёраў.
Гарыце ў пекле
Асабліва жорстка гэтая схема праявілася ў гісторыі адной былой беларускай палітзняволенай.
Алеся Пархоменка сцвярджала, што падчас зняволення дапамагала ёй і яе сям’і, удзельнічала ў зборы і перадачы пасылак. Аднак пазней гэтая дапамога ператварылася ў своеасаблівы рахунак, які, на думку Пархоменкі, ёй не аплацілі належным чынам.
Калі былая палітзняволеная пасля вызвалення аказалася «не такой», Пархоменка назвала яе «мярзотай» і пажадала «гарэць у пекле». Следам з’явіліся яшчэ больш сур’ёзныя абвінавачанні: Пархоменка сцвярджала, што жанчына нібыта даносіла на іншых зняволеных, а ўмовы яе ўтрымання выдавала за сведчанне асаблівых адносін з адміністрацыяй калоніі.
Калі адзін з удзельнікаў дыскусіі спытаў, ці нармальна так абражаць чалавека, які правёў гады за кратамі, Пархоменка адказала, што ў турмах сядзяць «не заўсёды прыстойныя людзі». А затым зноў нагадала пра ўласную дапамогу, аб якой цяпер шкадуе.
І гэта не адзінкавы зрыў у асабістым канфлікце. Пажаданне «гарэць у пекле» Пархоменка адрасуе самым розным людзям. Тых, хто спрабуе ёй запярэчыць, Пархоменка дыскваліфікуе: «адсутнасць мозгу», «рэальна дурная», «тактычная шлюха», «кар’ерная прастытутка».
Аліне Коўшык яна жадала «гарэць у пекле», абвінавачвала ў знішчэнні «Белсата» і пераходзіла да сямейнай гісторыі — згадвала дзеда, якога называла супрацоўнікам НКУС.
Пра Франака Вячорку яна распаўсюджвала фэйк, што ён патомны гэбіст, бо яго дзед удзельнічаў у забойстве Машэрава.
Нават спроба абмеркаваць бяспеку адукацыйнага праекта для беларусак заканчвалася абразамі ў адрас суразмоўніцы і сцвярджэннем пра яе нібыта сувязі з КДБ.

Восенню 2026 года Пархоменка знайшла саюзніка ў вайне супраць Офіса і незалежных медыя — Сяргея Ціханоўскага. Яны публічна абмяркоўваюць супольныя атакі на незалежныя беларускія структуры. Пархоменка прапаноўвае адрасы, паведамляе пра ўжо накіраваныя лісты і заклікае «давіць разам».
Спіс ворагаў Алесі Пархоменкі пастаянна расце. А актыўнасць у сацсетках стала ледзь не кругласутачнай: пасты, каменты, скрыншоты.
А ў суд, як мы зразумелі, яе дагэтуль ніхто не выклікаў па адной простай прычыне: пакрыўджаныя ёю людзі пакуль не ведаюць яе адрасу, не ведаюць, куды звяртацца з пазовам, і не маюць дастаткова грошай, каб наняць моцнага адваката, які б сам гэтым заняўся.
Цяпер чытаюць
«Доктарка», адвакат, чалавек з камерай і некалькі дужых хлопцаў. У Петрапаўлаўскай Баршчагоўцы расійскія спецслужбы скарысталіся спецыфічным украінскім бізнэсам ваеннага часу
Каментары
[Зрэдагавана]