Даказаная яшчэ адна схема фальсіфікатараў: больш за 90% сяброў участковых камісій з’яўляюцца калегамі па працы
У беларускіх участковых выбарчых камісій сабраныя нібыта выпадковыя людзі з розных арганізацый, але на справе яны ўсе працуюць у адной установе.
На гэтым тыдні шмат каго ўразіў выпадак, які адбыўся на ўчастку для галасавання ў Брэсце. Маладая супрацоўніца дзіцячага садка Настасся Кулічкова была заўважаная назіральнікам са стосам бланкаў, якія збіралася ўкінуць у ўрну для галасавання. Адметна, што старшыня той камісіі — непасрэдная начальніца Кулічковай, загадчыца садка Таццяна Мосіна.
Лідар партыі АГП Мікалай Казлоў раскрыў яшчэ адну схему, якая працуе ўжо дзесяцігоддзямі. Ён даказвае, што хоць ва ўчастковыя выбарчыя камісіі прызначаюцца людзі з нібыта самых розных арганізацый (Саюз жанчын, Чырвоны крыж, БРСМ, «Белая Русь», праўладных партый), у рэальнасці ўсе яны працуюць у адным і тым жа месцы.
Сам Мікалай Казлоў вылучыўся на парламенцкія выбары па Старавіленскай акрузе №105 у Мінску. Гэта Цэнтральны раён сталіцы. Ён прапанаваў сваіх кандыдатаў ва ўчастковыя камісіі. Сярод іх былі вядомыя людзі — Анатоль Лябедзька, Аляксандр Дабравольскі, Віктар Карняенка, Антаніна Кавалёва. Але ў выніку ніводнага прадстаўніка АГП у гэтыя камісіі не ўключылі.
Спадар Казлоў з гэтым не змірыўся і пайшоў у суд абскарджваць дадзенае рашэнне. Ён зрабіў запыт, каб даведацца, каго ж тады паўключалі ў камісіі, калі яго людзям было адмоўлена. Адміністрацыя Цэнтральнага раёна Мінска такія звесткі прадставіла. Казлоў папрасіў дэталёва азнаёміцца з матэрыяламі. І суд яму даў такую магчымасць. Адзінай умовай было неразгалошванне прыватнай інфармацыі (гэта значыць адрасоў і тэлефонаў сяброў камісіі).
Вынікі, прадстаўленыя сябрамі АГП, 14 лістапада ўражваюць. Бяром адвольны ўчастак для галасавання №483, які размешчаны ў Мінскім дзяржаўным палацы дзяцей і моладзі па адрасе Старавіленскі тракт, 41. Цяпер глядзім спіс людзей, што трапілі ва ўчастковую камісію.
Агулам у гэтую камісію трапіла 14 чалавек. І ўсе як адзін працуюць у адной установе, а менавіта — «Белгеадэзія».
Пройдземся па спісе:
- вядучы спецыяліст Ганна Абраменка вылучаная шляхам падачы заявы
- вядучы эканаміст Наталля Ахрэмчык — ад «Белай Русі»
- начальнік аддзела Аляксей Баравік — ад Беларускай аграрнай партыі
- намеснік дырэктара Фёдар Ляўша — ад Беларускага саюза афіцэраў
- вядучы бухгалтар Аксана Ляшчэнка — ад калектыву «Белгеадэзіі»
- вядучы спецыяліст Валянціна Майсейчык — ад Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасці
- вядучы інжынер Анатоль Новік — ад сацыяльна-спартыўнай партыі
- начальнік лабараторыі Яўген Прус — ад БРСМ
- вядучы рэдактар Ала Язэпава — ад Беларускага саюза жанчын.
Ствараецца ілюзія таго, што гэтыя людзі між сабой нічым не звязаныя — усё ж прадстаўляюць самыя розныя партыі і арганізацыі. Адна прадстаўляецца назіральніцай ад БРСМ, іншы — ад Аграрнай партыі. На справе ж усе яны маюць агульнага працадаўцу, а непасрэдны начальнік нярэдка гэтую камісію і ўзначальвае.
Вось яшчэ прыклад. Участак для галасавання №474, размешчаны ў Гімназіі №50 (вул.Кісялёва, 9). Абсалютна ўсе члены ўчастковай камісіі — работнікі «Белавія».
Бухгалтар Святлана Баханько вылучаная Саюзам жанчын, эканаміст Ганна Каспер — «Белай Руссю», начальнік участка Мікалай Клютко — Аграрнай партыяй, бортправаднік Ірына Кушнярэвіч — «Беларускім фондам міру», начальнік інспекцыі Андрэй Лявончык — партыяй працы і справядлівасці, тэхнік-лабарант Раіса Муравейка — КПБ і гэтак далей.
І так абсалютна па ўсіх участках па Старавіленскай акрузе. 90-100% сяброў участковых камісій з’яўляюцца калегамі па працы. Калі такое бачыш, то разумееш, навошта ўладам усё яшчэ патрэбныя палітычныя партыі, кшталту Аграрнай ці Сацыяльна-спартыўнай (яны нават не вылучалі сваіх кандыдатаў у дэпутаты), фіктыўнае сяброўства ў партыі забяспечвае спакойную працу ў камісіі.
«Вядома, што любы чалавек звонку непажаданы ў такой адпрацаванай схеме, — кажа Мікалай Казлоў. — Фальсіфікацыі загадзя рыхтуюцца раённымі адміністрацыямі разам з грамадскімі аб’яднаннямі і праўладнымі партыямі. Усе ролі распісаныя».
Кандыдаткай ад улады па Старавіленскай акрузе ідзе суддзя Вярхоўнага суда Святлана Любецкая. «Тут пікантнасці дадае якраз той факт, што кандыдат — суддзя. Чалавек, які мусіць сачыць за справядлівасцю і законнасцю. Цікава, што яна скажа на гэта, ці проста ўсміхнецца сваёй падрыхтаванай усмешкай? У яе лозунг кампаніі «Закон для ўсіх, справядлівасць — для кожнага». Я хачу спытаць, дзе тут закон, дзе тут справядлівасць?» — задаецца пытаннем Мікалай Казлоў.
«Фальсіфікацыя выбараў — гэта злачынства. А мы ўжо пачынаем з гэтым неяк змірвацца, але не можа быць ніякага супакаення ў пытаннях злачынстваў», — перакананы лідар АГП.
Цяпер АГП плануе паставіць перад заходнімі дзяржавамі пытанне аб нявыдачы шэнгенскіх візаў для старшыняў камісій і іх намеснікаў.
Каментары